"ГАЛОЎНАЕ - ЛЮБІЦЬ СВАЮ ПРАФЕСІЮ"



Трыццаць гадоў у службе па надзвычайных сітуацыях адпрацаваў Сяргей Уладзіміравіч Малышчык, цяперашні начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзятлаускага райвыканкама. Выбіраючы прафесію ратаўніка, Сяргей кіраваўся прыкладам бацькі — Уладзіміра Іванавіча, які сваё жыццё звязаў з пажарнай службай. Яе абраў і старэйшы брат Сяргея. Адна з трох родных сёстраў была дыспетчарам. У гэтай жа службе працавала і стрыечная сястра. Стрыечны брат таксама нёс службу на варце бяспекі людзей. Таму, паступаючы пасля школы ў Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча Міністэрства ўнутраных спраў СССР, Сяргей папоўніў прафесійную сямейную дынастыю.

Пасля заканчэння вучылішча праходзіць “курс маладога байца" Сяргей быў накіраваны ў Навагрудскі аддзел унутраных спраў інспектарам пажарнага дзяржаўнага нагляду. За плячыма засталіся гады падрыхтоўкі, якія назапасілі добрую тэарэтычную базу. А вось асвойваць практыку маладому інспектару дапамагалі вопытныя калегі, у ліку якіх ён узгадвае Міхаіла Іванавіча Данько, тагачаснага начальніка Навагрудскага аддзялення дзяржаўнага пажарнага нагляду. Слушныя прафесійныя парады гэтага чалавека спатрэбіліся Сяргею і тады, калі ён быў назначены начальнікам аддзялення пажарнага нагляду Дзятлаускага раённага аддзела ўнутраных спраў.

- Міхаіла Іванавіча ўжо няма на гэтым свеце, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. — Кожны год у дзень пажарнай службы я наведваю яго магілу, аддаю даніну памяці гэтаму чалавеку. Ужо працуючы ў Дзятлаве, я таксама звяртаўся да яго па прафесійныя парады, у якіх ён ніколі не адмаўляў.

Сярод сваіх настаўнікаў Сяргей Уладзіміравіч таксама называе імены Анатоля Сямёнавіча Урублеўскага, якога таксама ўжо няма ў жывых, Сцяпана Рыгоравіча Дзянісіка — ветэрана пажарнай службы, які жыве ў Казлоўшчыне, Уладзіміра Уладзіміравіча Баковіча.

— Увогуле, калі я толькі прыйшоў на працу у Дзятлаўскае аддзяленне дзяржаўнага пажарнага нагляду, — я трапіў у згуртаваны калектыў, прафесійны. I на пасадзе начальніка аддзялення вялікую ўвагу я надаваў менавіта падбору кадраў. Многія з тых, з кім я пачынаў працаваць, ужо на пенсіі, многія працягваюць несці службу на высокіх і адказных пасадах. Гэта і Сяргей Уладзіміравіч Саламевіч - цяперашні начальнік Воранаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Уладзімір Георгіевіч Кажала — намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС.

За трыццаць гадоў, якія Сяргей Уладзіміравіч аддаў службе па надзвычайных сітуацыях, многае змянілася ў ёй. 3 ваенізаванай, якая ўваходзіла ў склад Міністэрства унутраных спраў, яна стала асобнай структурай, значна палепшылася яе тэхнічнае аснашчэнне, пашырыўся і пералік надзвычайных сітуацый, ліквідацыяй якіх сёння займаюцца ратаўнікі. Нязменным застаўся толькі сэнс прафесіі - служба дзеля бяспекі людзей.

- Здараецца чуць не вельмі добрыя водгукі аб ратаўніках, - гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. - Мне заўсёды балюча гэта чуць. У такім выпадку я кажу: “А вы паспрабуйце самі заступіць на баявое
дзяжурства, патушыць пажар у трыццаціградусны мароз або ліквідаваць надзвычайную сітуацыю ў час навальніцы, выратаваць з агню чалавека, часам рызыкуючы сваім жыццём”. Ды і кожны раз, прыязджаючы тушыць пажар, ратаўнікі сустракаюцца з людскім горам. Гэта заўсёды пранікае ў душу, неглядзячы на той псіхалагічны бар'ер, які ты імкнешся паставіць.

I сёння Сяргей Уладзіміравіч прызнаецца, што часам надзвычайныя сітуацыі, якія даводзілася ліквідаваць, нагадваюць пра сябе ў сне. А такіх сітуацый за трыццаць гадоў службы было нямала - усіх не пералічыць. У час размовы Сяргей Уладзіміравіч узгадвае пажар на Дварэцкім ільнозаводзе, калі полымя дасягала амаль 150 метраў у вышыню, калі на працягу трох сутак пажар тушылі ратаўнікі з Дзятлава, Наваельні, Ліды. Расказвае і аб той сітуацыі, якая магла б адбыцца на Наваельнянскай базе спажыўтаварыства, калі б не сістэма аўтаматычнага пажаратушэння, ўстаноўленая на гэтым аб'екце незадоўга да ўзнікнення ўзгарання.

— Мы доўгі час змагаліся за тое, каб на базе была ўстаноўлена сістэма аўтаматычнага пажаратушэння, — расказвае Сяргей Уладзіміравіч. - Кіраўніцтву базы быў вынесены шэраг прадпісанняў. У выніку гэты аб'ект па рашэнні абласнога кіраўніцтва па надзвычайных сітуацыях быў апячатаны. Толькі нарэшце пасля гэтага на базе, якая ў той час абслугоўвала Дзятлаўскі, Карэліцкі, Навагрудскі раёны, была ўстаноўлена сістэма аўтаматычнага пажаратушэння. Яна і дазволіла своечасова ліквідаваць ўзгаранне да прыезду баявых разлікаў, пазбегнуць ахвяраў, вялікіх матэрыяльных стратаў.

На жаль, не заўсёды надзвычайныя сітуацыі маюць такі фінал. Здараюцца трагедыі, калі агонь наносіць вялікія матэрыяльныя страты, калі гіне шмат людзей. I вынесці гэта складана. Таму, лічыць Сяргей Уладзіміравіч, у службу ратавання павінны прыходзіць фізічна, а таксама псіхалагічна вынослівыя людзі. I ў час працы на пасадзе начальніка Дзятлаускага аддзялення, затым — інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Сяргей Уладзіміравіч вельмі патрабавальна ставіўся менавіта да гэтага пытання - падбору кадраў. На той момант ён прытрымліваўся і погляду на тое, што ў службе ратавання не павінны працаваць жанчыны.

- Сёння ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях ёсць многа жанчын, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. — Цяпер я лічу, што гэта магчыма. Жанчыны выдатна спраўляюцца з абавязкамі інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду, псіхолага, дыспетчара. Толькі нязменным застаўся мой погляд на тое, што на баявое дзяжурства жанчыне заступаць нельга. Гэта - толькі мужчынская справа.

Расказваючы пра Сяргея Уладзіміравіча Малышчыка, нельга не ўзгадаць, што вядомы ён і як самадзейны спявак Дзятлаўшчыны, які валодае цудоўным голасам. Гэты талент дазваляў раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях неаднаразова ўваходзіць у лік лепшых па выніках конкурсаў мастацкай самадзейнасці, якія праходзілі паміж падраздзяленнямі МНС. I цяпер, ужо будучы на пенсіі, Сяргей Уладзіміравіч таксама ўдзельнічае ў гэтых конкурсах, абараняе гонар свайго роднага аддзела. А вось пачынаючы сваю службу ў тады яшчэ Дзятлаўскім аддзяленні дзяржаўнага пажарнага нагляду, Сяргей Уладзміравіч быў ініцыятарам стварэння мастацкага калектыву “Агністыя сэрцы”.

Вакальны талент, як прызнаецца Сяргей Уладзіміравіч, дастаўся яму ў спадчыну ад матулі Зінаіды Мікалаеўны. А, увогуле, упершыню на сцэну ён выйшаў як чытальнік вершаў. Сярод любімых - творы Сяргея Ясеніна. Партрэт гэтага паэта ў падарунак яго цёзка атрымаў у дзяцінстве за перамогу на конкурсе чытальнікаў вершаў.

А яшчэ варта дадаць, што ў свой час Сяргей Уладзіміравіч займаўся лыжнымі гонкамі, быў кандыдатам у майстры спорту па гэтым відзе.

Сёння Сяргей Уладзіміравіч працуе у грамадзянскай сферы, узначальвае аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Тым не менш, 25 ліпеня, Дзень пажарнай службы, для яго па-ранейшаму застаецца прафесійным святам. У гэты дзень віншаванні ён прымае ад сям'і, ад сваіх былых калегаў. У сваю чаргу, усім ім, цяперашнім ратаўнікам, ветэранам пажарнай службы, Сяргей Уладзіміравіч зычыць аптымізму, здароўя, натхнення, павагі да сябе і да сваіх калегаў, сямейнага дабрабыту. А маладым людзям, якія пачынаюць несці варту на службе бяспекі людзей, - любіць сваю прафесію, быць дастойнымі яе.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/