Гісторыя аднаго кахання



Яе расказалі Марына Касцюк і Сяргей Якшэвіч — маладая пара, якая вырашыла ўступіць у шлюб.

— Як пачалася ваша гісторыя кахання?

Сяргей: 10 чэрвеня 2009 года адной вялікай кампаніяй мы адпачывалі на возеры Свіцязь. Сярод многіх дзяўчат я адразу ж вылучыў Марыну. Яна мне вельмі прыглянулася, доўгі час мы перазваньваліся, размаўлялі, як проста знаёмыя. Але ў адзін момант я зразумеў, што мне хочацца быць для яе кімсьці большым, чым сябрам. Я вырашыў, што абавязкова заваюю яе сэрца. I ў мяне гэта атрымалася.

Марына: магчыма, нас і на самой справе звёў лес, паколькі Сяргей таксама адразу выклікаў у мяне станоўчае ўражанне. Мне было легка з ім падтрымліваць адносіны. Хутка я зразумела, што ён добры і спагадлівы, заўсёды гатовы быць побач са мной у цяжкую хвіліну. I мне гэта вельмі спадабалася.

Сяргей: мы сустракаемся ўжо больш за два гады. Гэтага часу нам хапіла, каб добра даведацца адзін пра аднаго, зразумець, што мы гатовыя пражыць разам усё жыццё.

— Марына, як была зроблена прапанова рук! і сэрца?

— У адзін з летніх вечароў Сяргей прапанаваў з'ездзіць на возера Свіцязь. Паколькі часта ездзім туды адпачываць, я, нічога не падазраваючы, згадзілася. Той вечар быў напоўнены настальгіяй. Сяргей успамінаў наша знаёмства, забаўныя моманты з нашага жыцця. Мы так душэўна размаўлялі, мне хацелася, каб гэты вечар цягнуўся як мага даўжэй.

Наша размова перапынілася тады, калі Сяргею неабходна было паднесці дроваў у вогнішча. Аднак вярнуўся ён зусім не з дравамі, а з вялікім букетам маіх любімых рамонкаў. Сяргей павіншаваў мяне з 2-годдзем нашых адносінаў і сказаў: "Выходзь за мяне замуж!". Я адказала згодай.

— Як на ваша рашэнне заключыць шлюб адрэагавалі бацькі?

Сяргей: яны благаславілі нас, пажадалі доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця.

— Як вы любіце адпачываць?

Марына: мы вельмі любім вандраваць па гарадах Беларусі. Лічу, што ў нашай краіне вельмі шмат прыгожых і ўнікальных мясцінаў. Нядаўна вось былі ў Мірскім замку, да гэтага прывезлі шмат прыемных уражанняў з Нясвіжскага. Летам мы ездзілі ў Віцебск на "Спавянскі базар". На зваротным шляху заехалі ў Мінск, пагасцявалі ў сяброў.

А яшчэ нам вельмі падабаецца адпачываць дома — вялікай і дружнай сям'ёй. Паколькі менавіта сярод людзей, якія цябе любяць, можна найлепш адпачыць душой.

— У чым, на ваш погляд, заключаецца сакрэт гарманічных адносінаў?

Марына: мне здаецца, што ён тоіцца ў даверы, узаемаразуменні. Без іх не можа існаваць ні адна паўнацэнная сям'я.

— Аб чым марыць сямейная пара?

Сяргей: мы марым пра вялікую, моцную сям'ю, пра тое, каб як мага даўжэй быць разам, жыць цікава.

Н.Баклушына

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/