ФІНСКІ МЕТАД НА ДЗЯТЛАЎСКАЙ ГЛЕБЕ



У жніўні 2014 года ў час наведвання Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра кіраўнік дзяржавы даручыў удасканаліць работу ў лясной галіне, структуры яе кіравання з улікам фінскага метаду. 3 гэтага года, згодна з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лясная гаспадарка Беларусі, уважліва вывучыўшы вопыт фінскіх калег, спрабуе пераймаць іх прыклад.

Аднак не ва ўсіх напрамках дзейнасці беларускай лясной гаспадарцы можна і трэба трапляць “у след" фінскіх метадаў гаспадарання, галоўнае - ісці ў адным кірунку. Пацікавімся, як гэта робяць на практыцы ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Дзятлаўскі лясгас".

Калі казаць аб праблеме лясных пажараў, то для фінскай лясной гаспадаркі яна не актуальная. Нізкі ўзровень пажарнай небяспекі спрыяе таму, што ў Фінляндыі адсутнічае пажарная лясная служба, гэту функцыю выконваюць спецыялізаваныя пажарныя падраздзяленні. У Беларусі ахова лясоў ад лясных пажараў - адзін з прыярытэтаў у рабоце Дзяржаўнай лясной аховы.

3 1 красавіка для лясной гаспадаркі нашай краіны пачаўся пажаранебяспечны перыяд, якому папярэднічалі агляды-праверкі лясной аховы, якія прайшлі ва ўсіх лясніцтвах Дзятлаўшчыны. Газета "Перамога" прыняла ўдзел у інспектаванні Наваельнянскага лясніцтва, якое правялі дырэктар ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас" Аляксандр Ківуля, галоўны ляснічы Юрый Мамедаў і інжынер па ахове лесу Міхаіл Карэнка.

Як адзначыў ляснічы Наваельнянскага лясніцтва Дзмітрый Ваніслаўчык, мэта мерапрыемства - падрыхтаваць лясную ахову (майстроў лесу і леснікоў) да пажаране-бяспечнага перыяду, які пачаўся ў Беларусі з 1 красавіка. Было праведзена каля 100 гадзінаў тэхнічнай вучобы для лясной аховы, надышоў час экзамену. У Наваельнянскім лясніцтве ў штат лясной аховы ўваходзяць 18 чалавек - тыя людзі, задача якіх ахоўваць лес ад пажараў, незаконных высечак, падтрымліваць парадах у лясным фондзе. Першае, што цікавіла інспектараў, тэхнічная падрыхтаванасць лясніцтва да пажаранебяспечнага перыяду. А гэта спецпамяшканні з усёй неабходнай для пажаратушэння тэхнікай (ранцавыя апырсквальнікі, апарат высокага ціску "Ярмак", мотапомпа "Хонда"), правільна ўкамплектаваны пажарны шчыт.

Патрабавальная камісія не толькі ацаніла тэхнічную гатоўнасць, але і праверыла дзеянні пажарнай аховы лясніцтва ў выпадку ўзгарання лесу.
"Кожная прылада для тушэння пажару павінна быць гатова да прымянення ў любой раптоўнай сітуацыі" - гэта правіла пацвердзілі на практыцы работнікі Наваельнянскага лясніцтва, змадэляваўшы экстраную сітуацыю.

Нашэнне спецыяльнай формы, нагрудных знакаў і наяўнасць пацвярджаючых дакументаў - важныя ўмовы работы лясной аховы. Таму адным з этапаў комплекснага кантролю стала пастраенне і праверка дакументаў.

Пасля завяршэння мерапрыемства дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Аляксандр Ківуля патлумачыў, як “фінскі метад" прымяняецца ў нашым раёне:
— Фінскі метад вядзення лясной гаспадаркі трэба не капіраваць, а выкарыстоўваць з улікам спецыфікі беларускіх лясоў.

Па яго словах, першымі ластаўкамі ўкаранення метаду на Дзятлаўшчыне стала з'яўленне новых тэхналогій у лясной гаспадарцы нашага раёна. Яшчэ летась у Дзятлаўскім лясгасе набылі дзве камеры відэаназірання коштам 60 мільёнаў рублёў для выяўлення лясных пажараў. Такія тэхнічныя прылады, усталяваныя на вышыні, дазваляюць дзяжурнаму кантраляваць сітуацыю ў лясах раёна не з пажарнай вышкі, а ў анлайн-рэжыме на маніторы, праглядваючы тэрыторыю на 360 градусаў навокал. Пры ўзнікненні ляснога пажару хутка і дакладна выяўляецца яго месцазнаходжанне.

Другая, не менш важная, тэхнічная навінка - фота- і відэапасткі, усталяваныя на з'ездах з дарог, у месцах, дзе адбываюцца парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства. У дзятлаўскіх лясах усталяваны 9 такіх пастак, у будучым іх колькасць павялічыцца. Пасткі мабільныя, таму сіламі лясной аховы “пераязджаюць" з месца на месца. Прылады рэагуюць на pyx, адпраўляючы MMS-паведамленне на смартфоны работнікаў лясной аховы і на электронную пошту лясгаса. Дзякуючы гэтым прыстасаванням стане прасцей выявіць такія парушэнні, як выкідванне смецця ў лесе, незаконная высечка дрэваў, парушэнне правілаў збору дзікіх раслін.

- Фотапасткі, як правіла, добра замаскіраваны, - тлумачыць галоўны ляснічы Юрый Мамедаў. - Але нават калі нехта несумленны заўважыў такую прыладу ў лесе і вырашыў яе “абясшкодзіць” або зняць, не раю гэта рабіць: фотапасткі не ставяцца па адной, таму, вырашыўшы ліквідаваць адну фотакамеру, злачынца трапіць у аб'ектыў другой і ўсё адно адкажа па законе.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/