ЭЦЮДЫ МІНУЛЫХ ГАДОЎ



Снег павольна кладзецца на зямлю, засцілаючы яе мяккай коўдрай. Яе белізна праз шыбу акна пранікае ў пакой. У ім пануе цішыня. Велічная і таямнічая. Як абразы, якія на сценах пакоя. Няспешна гучыць ціхая малітва старой жанчыны, воблік якой па-ранейшаму захоўвае сляды былой прыгажосці, нягледзячы на дзевяноста пражытых гадоў, якія імгненне за імгненнем пакорліва клаліся ў скарбонку жыцця. Ёсць што прыгадаць, ёсць што ўспомніць.

... Вянскі -- невялікая вёска на карце Дзятлаўскага раёна. Яе назва, магчыма, пайшла ад аднайменных прозвішчаў Вянско, Венскія -- многа ўраджэнцаў вёскі з такім прозвішчам. У ёй свае першыя крокі рабіла і Яніна Міхайлаўна Вянско. Шмат гадоў таму -- проста Яня, Яніна. Дзяўчынка, якая разам са сваімі равеснікамі наведвала польскую школу ў Пацаўшчыне, асвойвала школу працы на бацькоўскай гаспадарцы.

Праз многія гады -- ужо дзяўчына, якая разам з іншымі вясковымі жанчынамі ўпершыню накіравалася ў паломніцтва да святыняў Вільні. Перад дарогай Яніна пашкодзіла нагу. Шкадуючы дачку, маці адгаворвала яе ад паломніцтва. Насуперак болю Яніна пайшла ў Вільню. На зваротным шляху паломнікі спыніліся на начлег у мястэчку ці вёсцы, што знаходзіліся непадалёк ад Вільні (падрабязнасці гэтага, на жаль, сцерліся з памяці жанчыны, як і назва тых мясцінаў). Памяць захавала толькі некаторыя адметнасці -- самае галоўнае.

Непадалёку ад мястэчка знаходзілася возера, на беразе якога стаяла хата. Яе гаспадар часта маліўся ля возера. Вада яго лічылася гаючай. Гэтую сілу яму надавала малітва чалавека, апякунства Божай Маці, абраз якой знаходзіўся на ўскрайку мястэчка. Прачыстай Дзеве перад яе абразам шчыра малілася і Яніна -- у начной цішыні: супакою не давала хворая нага... На ранку боль адышоў, як яго і не было. Цуд. Звычайны цуд сапраўднай веры, шчырай малітвы.

Вера з дзяцінства сагравала сэрца Яніны, давала сілы пераносіць жыццёвыя цяжкасці -- вайну, чаканне з фронту мужа. Іосіфа Адамавіча прызвалі ў армію ў 1944 годзе. Ён быў сувязістам. Перамогу сустрэў у Берліне. У пасляваенны час Іосіф Адамавіч быў добрым гаспадаром, клапатлівым бацькам, майстрам на ўсе рукі, які ўмеў рамантаваць гадзіннікі, радыёлы, іншую тэхніку. Гэтую справу ён асвоіў самастойна. Захапляўся фатаграфіяй. Пад "фотаатэлье" адвёў невялікі пакойчык у новай хаце, якую яны паставілі разам з жонкай у Ятвезі.

Аб захапленні Іосіфа Адамавіча цяпер нагадваюць старыя фотаздымкі. На іх -- жонка, дзеці: Ганна, Галіна, Віктар, Сабіна, Марыя. Яны хадзілі ў школу ў Ятвезь, Агароднікі і Жыбарты, засвойвалі грамату і навуку. А вось школай чалавечнасці для іх стала сям'я, выхаванне бацькоў, з якіх дзеці бралі прыклад -- як жыць і як працаваць, як верыць. Гэтаму вучыла сваім прыкладам Яніна Міхайлаўна, якая кожны тыдзень у нядзелю пешшу ішла на службу ў Дзятлаўскі касцёл. З ранніх гадоў дзеці ведалі, што такое пост, што ў гэты час можна, а што нельга, што Бог усё бачыць, яго нельга абмануць. Гэта стала для іх наказам жыцця, маральным крэда.

Яны ўжо даўно дарослыя людзі. Толькі і цяпер, нягледзячы на многія гады, што пралеглі між сучаснасцю і юнацтвам, у іх памяці ўсплывае чароўнае, тое ні на што не падобнае дзіцячае адчуванне надыходзячых Калядаў, пах святочных страваў, чысціня, якая панавала ў хаце, утульнасць. І здзіўленне -- як мама ўсё гэта паспявала зрабіць: пасля напружанай працы ў калгасе, клопатаў па немалой гаспадарцы. Каб аблегчыць маміну ношу, старэйшыя дзеці гадавалі малодшых, стараліся быць паслухмянымі, лішні раз не турбаваць бацькоў.

Ужо прайшло шмат гадоў, як Іосіфа Адамавіча не стала. Яніна Міхайлаўна цяпер жыве ў дачкі Ганны ў Дзятлаве. У яе хаце сабраліся родныя і блізкія Яніны Міхайлаўны -- сёстры, дзеці, васьмёра ўнукаў, трынаццаць праўнукаў, адзін прапраўнук, каб адзначыць дзевяностагадовы мамін юбілей. На гэтую ўрачыстасць прыехалі яе сяброўкі. У гонар Яніны Міхайлаўны гучалі цёплыя словы і віншаванні, прызнанні ў шчырай любові, удзячнасць за выхаванне і клопат. І пажаданні яшчэ многіх-многіх гадоў жыцця.

А. ДУБРОЎСКАЯ

_____________________________________________________________________________________________________
Каждый из нас мечтает провести свой отдых вдали от городской суеты. Кто-то выбирает туризм, с рюкзаком бороздя просторы страны, кто-то выбирает речные круизы. Все достижимо, тем более выбрать подходящий вид отдыха не трудно, воспользовавшись возможностями Всемирной паутины.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/