ЁСЦЬ НА СВЕЦЕ ТАКІЯ ЛЮДЗІ



Як сцвярджаюць мудрацы, у чалавеку ўсё павінна быць прыгожым: і знешні выгляд, і думкі, і справы.

Сустрэчы з падобнымі людзьмі прыносяць душэўнае заспакаенне і радасць. Іх справы з'яўляюцца прыкладам для пераймання. Спаткаўшыся з імі, на доўгі час мяняеш накіраванасць сваіх учынкаў, стараешся хоць крыху быць падобным на такога чалавека.

Такія людзі жывуць сярод нас, займаюцца надзённымі справамі, хвалююцца, радуюцца і, напэўна, цалкам не заўважаюць, якую карысць робяць іншым сваімі справамі.

Я вельмі ўдзячны лёсу, што ён звёў мяне з выдатным чалавекам, доктарам ад Бога, які працуе неўролагам Дзятлаўскай раённай паліклінікі. Гэта Вячаслаў Іванавіч Мудры. З першага погляду пранікаешся да яго пачуццём павагі і даверу. Ад яго cыходзіць дабрыня, ён просты і шчыры, адкрыты ў размове чалавек.

Прозвішча Мудры цалкам адпавядае яго справам. Пацыенты, якія пабылі ў яго на прыёме, мужнеюць духоўна і фізічна, набіраюцца ўпэўненасці ў жыцці. І, успамінаючы пра гэтага чалавека, кажуць:
-- Дзякуй табе, доктар!

Такая падзяка -- вышэйшая ацэнка чалавечай годнасці.

М. ГРЫШАН, жыхар горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/