ЭЛЕКТРАБЯСПЕКА Ў ВАШЫМ ДОМЕ



Важнай умовай забеспячэння электрабяспекі ў асабістай гаспадарцы грамадзян з’яўляецца спраўнасць стану ізаляцыі бытавых электрасетак і электрапрыёмнікаў. Энерганагляд рэкамендуе, у першую чаргу, звярнуць увагу на электрабяспеку жылля. Сучасныя бытавыя прыборы – дастаткова складаныя электрычныя апараты з вялікай спажываемай магутнасцю. Часта ахоўныя ўстройствы (аўтаматычныя выключальнікі, засцерагальнікі) не вытрымліваюць далучаную нагрузку і адключаюць падачу электраэнергіі.

Цяпер у быце вельмі папулярныя электраводанагравальнікі і пральныя машыны-аўтаматы, якія ўстанаўліваюцца ў асноўным у ванных пакоях, дзе павышаная вільготнасць, што стварае вялікую верагоднасць паражэння электрычным токам. Для надзейнай і бяспечнай работы электрапрыбораў неабходна зманціраваць асобны трохправадны кабель. Выбар электраабсталявання і распрацоўку новай схемы электразабеспячэння кватэры, дома павінен выконваць спецыяліст, які мае дазвол на выкананне такіх работ.

Пры выяўленні прыкметаў няспраўнасці электраправодкі і электрапрыбораў неабходна неадкладна адключыць электрапрыбор ад электрасеткі, а пры іскрэнні электраправодкі выключыць пробкі або аўтаматычныя выключальнікі. Для ліквідацыі непаладак неабходна запрасіць электраманцёра, а ў выпадку пашкоджання электрапрыбора паказаць яго спецыялісту.

Пры карыстанні любымі электрапрыборамі нельга адначасова дакранацца да токапрыёмніка і заземленых прадметаў: батарэяў ацяплення, водаправодных і газавых трубаў, газавай пліты, злучаных з зямлёй металічнымі канструкцыямі. Нельга пакідаць уключаныя электрапрыборы без нагляду.

Тлумачце дзецям правілы карыстання электрапрыборамі, для маленькіх дзяцей абмяжуйце непажаданы кантакт з электрычнасцю: закрыйце разеткі спецыяльнымі заглушкамі, не пакідайце ў разетцы вілку шнура сілкавання, нават калі прыбор выключаны.

В. ВІНАКУРАЎ, дзяржаўны інспектар па энерганаглядзе Дзятлаўскага раёна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/