ЭКСПАРТ НА ПІЛАВІННІ



Мінула паўгода, як у Вензавецкім дрэваапрацоўчым цэху пачаў працаваць новы ўчастак па вырабу паліўных брыкетаў з пілавання.

Ідэя зрабіць перапрацоўку драўніны безадходнай даўно “лётала ў паветры” і, нарэшце, знайшла ўвасабленне. За плячыма - першы вопыт работы брыкетнага цэху і 1150 тон прадукцыі, асноўнымі пакупнікамі якой з'яўляюцца Данія, Чэхія, Германія. Такі від паліва для еўрапейцаў прывабны, бо валодае вялікай цеплааддачай. Сакрэт цудоўных брыкетаў просты - нічога, акрамя пілавіння, спрэсаванага пад высокім ціскам. Адсюль і 100%-ая экалагічнасць паліва.

Работа ў брыкетным цэху арганізавана ў дзве змены па два чалавекі, кожная з іх выпускав каля 4 тон брыкетаў. За брыкетным прэсам - аператары Аляксей Тарас і Дзмітрый Матук. Абодва не навічкі ў дрэваапрацоўцы. Аляксей Канстанцінавіч чатыры гады працаваў у цэху рамшчыкам, Дзмітрый Віктаравіч - станочнікам. Сёння іх задача - падтрымліваць тэмпературу ў прэсе, сачыць за яго работай і прымаць для ўпакоўкі гатовую прадукцыю. Астатняе - справа аўтаматыкі.

Напярэдадні прафесійнага свята аператары брыкетнага цэху жадаюць усім работнікам лясной галіны здароўя, плённай працы і дастойнай яе аплаты.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/