ЭКАНОМІМ РАЗАМ -- ЭКАНОМІМ ДЛЯ КРАІНЫ



Абмежаванасць энергетычных рэсурсаў, высокі кошт энергіі, негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, звязаныя з яе вытворчасцю, -- усе гэтыя фактары вядуць да альтэрнатывы: разумней зніжаць спажыванне энергіі, чым пастаянна павялічваць яе вытворчасць.

Як паказваюць праведзеныя даследаванні, прынцып эканоміі і беражлівасці не стаў пакуль галоўным для кожнага чалавека. Простыя разлікі нашай безгаспадарчасці: адна лямпачка, якую забыліся выключыць, за 10 гадзін затрачвае 1 кВт*гадз. электраэнергіі. Гэтага хапіла б для вытворчасці 120 кілаграмаў хлеба, здабычы 33 кілаграмаў нафты, надою 40 літраў малака, здабычы 40 кілаграмаў вугалю.

Спажыванне электраэнергіі ў жылым сектары цяпер дасягае больш за 100 мільярдаў кВт*гадз. 8% гэтай электраэнергіі прыходзіцца на электрабытавыя прыборы, 30% расходуецца на асвятленне, больш за 12% -- на прыгатаванне ежы.

Школы таксама сур'ёзныя спажыўцы энергіі -- як электрычнай, так і цеплавой. Многія ўстановы адукацыі будаваліся ў савецкі час, калі аб эканоміі задумваліся нямногія. Папярэднія тэхналогіі не ўлічвалі праблемаў энергазберажэння. І як зрабіць утрыманне будынкаў старой пабудовы менш затратным -- адказ на гэтае пытанне паспрабавалі знайсці ў СШ №1 г. Дзятлава, дзе распрацавалі праект "Альтэрнатыўныя крыніцы цяпла і святла".

У выніку рэалізацыі праекта праведзены мерапрыемствы па эканоміі энергарэсурсаў, даследчая работа па вывучэнні магчымасцяў выкарыстання альтэрнатыўных крыніцаў энергіі.

Таксама сканструяваны ўстройствы атрымання цеплавой і электрычнай энергіі з дапамогай альтэрнатыўных крыніцаў сілкавання: сонечны калектар для атрымання гарачай вады для гаспадарчых патрэбаў, сонечны калектар для абагрэву памяшканняў, ротарны ветрарухавік і міні-парарухавік для зарадкі мабільнага тэлефона.

З алюмініевых бляшанак мы паспрабавалі вырабіць сонечны калектар для абагрэву падсобных памяшканняў, цяпліцаў. Яго можна выкарыстоўваць на дачах, у прыватных дамах.

Для вырабу калектара мы выкарысталі 56 бляшанак з пад-розных напояў (кока-кола, пэпсі), кардонныя каробкі. Бляшанкі замацавалі скотчам і пафарбавалі ў чорны колер. Скрынку таксама пафарбавалі ў гэты колер для лепшага паглынання цяпла.

Для пакрыцця калектара мы выкарысталі шкло: яно вытрымлівае высокую тэмпературу, зніжае страты цяпла, прапускае святло. Аднак шкло з'яўляецца нетрывалым, цяжкім і дарагім, таму для пакрыцця калектара можна выкарыстоўваць іншыя матэрыялы: цэлафан, пласціны з полікарбанату.
Гафрыраваны полікарбанат мае высокую трываласць і добрыя тэмпературныя характарыстыкі, просты ў выкарыстанні, нецяжкі, не вельмі дорага каштуе. Яго недахоп -- гафрыраваныя канцы павінны быць закрытыя, і звычайная шырыня ліста толькі 60 см.

Сонечны калектар цеплыні пажадана ўстанаўліваць у месцы, дзе дастаткова сонечнага святла.
Важыць калектар трохі больш за 4 кілаграмы. Прыбор падымае тэмпературу ў пакоі без выкарыстання печкі, што эканоміць грошы і прыродныя рэсурсы, забяспечвае паўторнае выкарыстанне кардона і бляшанак. Гэта ў сваю чаргу пазбаўляе ад дадатковых расходаў энергіі на іх перапрацоўку.

Памер сонечнага калектара, колькасць бляшанак, якія выкарыстаны пры яго вырабе, і матэрыялу для пакрыцця -- важныя фактары яго эфектыўнасці.

І. ДАРАФЕЙЧЫК, кіраўнік праекта "Альтэрнатыўныя крыніцы святла і цяпла" СШ №1 г. Дзятлава.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/