Дзятлаўскія лялькі на «Славянскім Базары»



У мерапрыемствах Дня моладзі на «Славянскім базары» ў Віцебску сёлета прыняў удзел і Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек «Лялькі для ўсіх». Якую праграму дзятлаўскія артысты падрыхтавалі для наведвальнікаў фестывалю? Якія ўражанні прывезлі самі артысты з мерапрыемства? Якія гастрольныя планы надалей? На гэтыя пытанні карэспандэнтцы газеты адказаў кіраўнік тэатра Іван Каско.

— Іван Іванавіч, хто запрасіў вас паўдзельнічаць у «Славянскім базары» ?

— Запрашэнне мы атрымалі ад Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ». Папярэдне яны пазнаёміліся з дзейнасцю нашага тэатра, наша выступленне спадабалася.

А вось ужо ад адміністрацыі абласнога метадычнага цэнтра горада Віцебска мы атрымалі прапанову даць два прадстаўленні на плошчы Свабоды.

— З якой праграмай ездзілі на фестываль?

— Праграма называлася «Вясёлыя падарожжы мультгерояў па казках». Дзятлаўчане маглі пабачыць яе ў рамках святочных мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці.

Таксама ў Віцебску мы паказалі шоу мыльных пузыроў. Дарэчы, цяпер у нас ёсць ноу-хау — вогненны мыльны пузыр.
Акрамя гэтага, артысты тэатра прынялі ўдзел ва ўрачыстым шэсці моладзевай дэлегацыі Гродзеншчыны, у прэс-канферэнцыі. Да ўсяго дадам, што з нашымі роставымі лялькамі актыўна фатаграфаваліся. Цікавіліся людзі і з чаго зроблены лялькі. Вельмі здзіўляліся, што ўсе яны пашыты ўручную.

— Як успрынялі прадстаўленне гледачы?

— Вельмі добразычліва. У праграме актыўна ўдзельнічалі дзеці.Ім дапамагалі ўзабірацца на сцэну іх бацькі.

— Іван Іванавіч, а ці давялося артыстам тэатра пабыць у ролі гледачоў? Якія фестывальныя мерапрыемствы пабачылі? Што ўразіла?

— Вельмі ўразіў начны Віцебск — вельмі прыгожы горад. Запомніліся выставы-кірмашы, фаер-шоу, бітва ды-джэяў, форум вулічных тэатраў. І ўсё гэта ў начным фармаце. Незабыўнае відовішча.

— А якія гастрольныя падзеі яшчэ чакаюць артыстаў тэатра роставых лялек?

— Гэта ўдзел у мерапрыемствах да Дня пісьменнасці ў Шчучыне, у фестывалі «Карнавал весялосці», які пройдзе ў Воранаве. У бліжэйшы час наведаем Палац культуры чыгуначнікаў у Ваўкавыску. Плануем выступіць у Палацы культуры чыгуначнікаў у Мінску. Магчымы гастролі ў Мар’іну Горку па запрашэнні прадзюсарскага цэнтра Мельнікава.

Увогуле, запрашэнняў вельмі шмат. Аднак з улікам таго, што калектыў дзіцячы і артысты вучацца ў школе, не заўжды атрымліваецца паўдзельнічаць у тых мерапрыемствах, куды нас запрашаюць.

А лета ў Беларускага тэатра роставых лялек сапраўды «гарачае». Вандроўкі, гастролі. Роставыя лялькі пастаянна ў дарозе. Аднак гэта не стамляе артыстаў. Вось і на «Славянскі базар» яны прыехалі бадзёрымі і вяселымі, нягледзячы на 10 гадзін знаходжання ў дарозе. Вядома, шкада, што не атрымалася трапіць на фестываль усім артыстам тэатра. Колькасць месцаў была абмежаваная: едзілі толькі 13 чалавек. Іх суправаджалі я, Аляксандр Раеўскі і Аксана Кашляк.

— Іван Іванавіч, а ці з’явіліся ў тэатры новыя персанажы?

— Зусім нядаўна з’явіўся Патрык — сябар Губкі Боба — вядомага і любімага персанажа аднайменнага мультфільма. Гэтая роставая лялька таксама ёсць у нашым тэатры. Дарэчы, гэтага героя вельмі любяць дзеці. І ў час «Славянскага базара» песню Губкі Боба актыўна падхоплівалі дзеці, а таксама,што мяне здзівіла, падлеткі.

Плануем, што і далей у тэатры будуць з’яўляцца новыя роставыя лялькі. Магчыма, ужо бліжэй да Новага года.

— А над чым цяпер працуе тэатральная студыя «Мелодыя душы»?

— Па просьбе айца Мікалая артысты студыі рыхтуюць пастаноўку «Як князь Уладзімір веру выбіраў». Яна будзе паказана 25 ліпеня. А ў далейшых планах — паўдзельнічаць у фестывалі аматарскіх тэатральных калектываў у Слоніме. Пакуль жа ў тэатральную студыю ідзе набор новых артыстаў.

— Іван Іванавіч, вы яшчэ і кіраўнік тэатра мыльных пузыроў…

— Так. Увогуле, цяпер шоу мыльных пузыроў вельмі папулярныя ў розных краінах. У той жа Маскве, Санкт-Пецярбургу праходзяць фестывалі мыльных пузыроў. Варта, каб яны былі і ў Беларусі.

Хаця працаваць з мыльнымі пузырамі даволі складана. У нашым тэатры пакуль яшчэ толькі чатыры чалавекі могуць добра адпрацоўваць нумары з мыльнымі пузырамі на сцэне. Гэта Вольга Іода, Кацярына Губко, Вікторыя Свяцецкая, Ліза Салата. Дарэчы, дзяўчаты задзейнічаны адразу ў трох тэатрах, як і многія іншыя дзеці. Гэта ім падабаецца, гэта — частка іх жыцця.

Яшчэ дадам, што ўжо падрыхтаваны дакументы, каб Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек атрымаў званне «узорны».

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/