Дзятлаўская міліцыя: юбілейная ўрачыстасць



Віншаваннямі да юбілейнай даты, святочным канцэртам адзначылі супрацоўнікі праваахоўных органаў Дзятлава прафесійнае свята і 95-годдзе беларускай міліцыі. Урачыстае мерапрыемства адбылося ў зале аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

Распачаў свята начальнік аддзела Анатоль Жалнерчык, У сваім выступленні ён заўважыў:
— Ва ўсе часы дзятлаўская міліцыя стаяла на варце і абароне гонару і годнасці грамадзян, уносіла істотны уклад ва ўмацаванне правапарадку і грамадскай бяспекі раёна. Нягледзячы на леташні крызісны перыяд, калі некаторыя супрацоўнікі аддзела задаліся пытаннем, ці варта наогул заставацца на службе, сумеснымі намаганнямі прафесіяналаў, якія маюць сапраўднае прызванне — быць міліцыянерам, атрымалася захаваць кантроль за крымінагеннай сітуацыяй на тэрыторыі Дзятлаўшчыны.

На фоне праблем, якія зараз адчувае сістэма ўнутраных спраў, таксама ёсць нямала прыкладаў высокага прафесіяналізму нашых супрацоўнікаў, іх рашучасці і адвагі пры выкананні службовага абавязку. Сярод іх Ігар Ціхан, Мікалай Кот, Аляксей Цітоў, Ігар Глускі, Аляксандр Муха, Дзмітрый Скварчынскі, Аляксандр Казлоўскі, Сяргей Ламака, Дзмітрый Плаўскі.

Анатоль Вацлававіч шчыра павіншаваў сваіх калег, ветэранаў міліцэйскай службы з прафесійным святам і юбілейнай датай, пажадаў жыццёвага аптымізму, моцнага здароўя, удачы, сямейнага дабрабыту. Таксама пажадаў прафесійных поспехаў, служыць верай і праўдай сваёй справе міліцыянерам, якія ўвайшлі ў гэтым годзе ў склад новай сілавой структуры, створанай на тэрыторыі раёна — Следчага камітэта.

Работа міліцыянераў — небяспечная і цяжкая. Служба дні і ночы. Пра гэта добра ведаюць ветэраны міліцыі, якія прысутнічалі на свяце. Кожнага з іх віталі ў гэты дзень, гаварылі словы ўдзячнасці. Успомнілі на свяце тых, хто аддаў свае жыццё за мір і спакой на роднай зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны, выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі таксама павіншаваў супрацоўнікаў аддзела, ветэранаў з юбілеем, падзякаваў за вялікую і напружаную работу, вы ключную самааддачу і ўменне нашых міліцыянераў выконваць абавязак у самых нестандартных сітуацыях.

Пажаданне добрасумленнай службы, адсутнасці крымінальных стрэсаў, сапраўднага сямейнага тылу прагучалі на адрас міліцыянераў ад выконваючага абавязкі пракурора Дзятлаўскага раёна Віктара Гарошкі.

У святочны дзень было нямала ўзнагарод. Ганаровыя граматы, Падзячныя лісты ад кіраўніцтва Гродзенскага абласнога Упраўлення ўнутраных спраў, Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта атрымалі супрацоўнікі міліцыі — усё гэта стала прызнаннем заслуг вартавых правапарадку. I словы "Служу Рэспубліцы Беларусь" гучалі са сцэны горда і адказна. Сярод узнагароджаных нямала моладзі. Значыць, ёсць у ветэранаў надзейная змена.

Канцэртную тэматычную праграму да Дня міліцыі падрыхтавалі артысты Дзятлаўшчыны. Музычнымі нумарамі парадавалі міліцыянераў і гасцей свята квартэт "Бастэт", Таццяна Дудкіна, Ганна Панько, Валерый Макарчык, Тамара Ступак, Сяргей Малышчык і многія іншыя.

А вось па заканчэнні ўрачыстасці прыемная бяседа з ветэранамі міліцэйскай службы адбылася ў кабінеце начальніка аддзела, за чаяпіццем, дзе ветэраны ў неафіцыйнай абстаноўцы змаглі падзяліцца сваімі ўражаннямі пра сённяшняе пакаленне міліцыянераў, успамінамі пра былое.

I. ГАЛОМЗІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/