ДЗВЕ СЦЕЖКІ ДА АДНОЙ ШКОЛЫ



Усё выпадковае невыпадкова. Здараюцца ў нашым жыцці супадзенні – дзіўныя, неверагодныя, а часам – сімвалічныя. Так выпала, што напярэдадні Дня закаханых, у чарадзе лютаўскіх святаў і памятных дат адзначылі свой юбілей дзве асабліва блізкія для нас настаўніцы: адна, хто ўзяла за руку нясмелых першаклашак і павяла па школьным жыцці, другая – якая праводзіла ў жыццё дарослае поўных надзеяў і планаў амаль дарослых юнакоў і дзяўчат. І лёсы іх такія розныя, а ўсё ж моцна падобныя адзін да аднаго.

МАРА, ШТО Ў СЭРЦЫ ЗАСТАЛАСЯ

Мы былі першым выпускам пачатковых класаў, які Вера Аляксандраўна Яфімік вучыла ў Казлоўшчынскай школе. Але не першым у яе педагагічнай практыцы. Не ведаю нават, каму дзякаваць, выпадку ці лёсу, што давялося ёй апынуцца ў патрэбны час у нашым класе. А шлях сюды быў ні далёкім, ні блізкім: з суседняга Слонімскага раёна аж праз сталіцу і Міншчыну сюды, у ціхі пасёлак, услед за мужам.

На радзіме Веры Аляксандраўны Яфімік, у вёсцы Загрыцькава на Слонімшчыне і сёння стаіць бацькоўскі дом, ды ніхто там цяпер не жыве. А калісьці поўніўся ён весялосцю і дзіцячым гоманам.

-- Вялікая ў нас была сям’я, – згадвае родных Вера Аляксандраўна, і чуваць, як голас яе цяплее. – Пяцёра дзяцей – чатыры дачкі і сын, я была сярэдняй. Бацькі былі людзі простыя, маці працавала ў калгасе. Але здолелі выхаваць нас, усім даць дастойную адукацыю.

Як аказалася, сваю прафесію настаўніца пачатковых класаў абрала невыпадкова: паступіла па прыкладзе старэйшай сястры вучыцца ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча. Атрымалася, што тры сястры ў сям’і сталі педагогамі. Хаця тату заўжды хацелася, каб дачка Вера стала медыкам, так спрытна яна даглядала за дзядулем.

Незаўважна праляцела вучоба, і пачалося працоўнае жыццё. Маладую настаўніцу накіравалі ў Уздзенскі раён Мінскай вобласці. Вясковая школа, што размясцілася на беразе Нёмана, сярод казачнай прыроды, стала першым і, мабыць, любімым месцам работы Веры Аляксандраўны.

-- Разам са мной у школу прыехалі працаваць шэсць маладых настаўнікаў, – кажа яна. – І кожны са сваімі ідэямі, праектамі, неўтаймаванай энергіяй да працы.

Настаўніца адзначае, што працавалася на Уздзеншчыне прыемна, дружна і з ахвотай. Працавалі актыўна, ставілі тэатральныя пастаноўкі, давалі адкрытыя ўрокі, дапамагал адзін аднаму, каб зрабіць заняткі сапраўды цікавымі для дзяцей. Вера Аляксандраўна Яфімік і сёння яскрава помніць свой першы, надзвычай адказны, “адкрыты” ўрок, на які завіталі Мінскія правяраючыя. За яго правядзенне і атрымала маладая настаўніца свае першыя ўзнагароды на педагагічнай ніве – Ганаровую грамату Мінскага АблАНА па выніках атэстацыі і Ганаровую грамату да 60-годдзя адукацыі БССР.

Дырэктар школы цаніў маладых калегаў, ён жа і пераканаў настаўніцу паступаць вучыцца далей, у ВНУ. Так Вера Аляксандраўна завочна, не пакідаючы працу, закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут.

Шкада было пакідаць школу і сяброў-настаўнікаў, ды жыццёвы шлях павёў далей: разам з мужам (з якім, дарэчы, яны родам з адной вёскі) пераехала ў пасёлак Казлоўшчына, дзе стала пасялілася ўжо не ў сялянскай хаце, а ў кватэры. З працай у гарпасёлку было не так проста: давялося і бібліятэкарам папрацаваць, і ў групе падоўжанага дня з дзецьмі пазаймацца.

1991-ы, першы год суверэннай Беларусі, наш першы клас і першы настаўніцкі вопыт настаўніцкай працы Веры Аляксандраўны ў Казлоўшчынскай школе. Быў потым не адзін выпуск, зусім розныя па характарах і здольнасцях дзеці, кожны з якіх помніць сваю першую настаўніцу. І яна згадвае сваіх вучняў толькі добрымі словамі:

-- Я багатая на добрых вучняў: у дзвюх школах вывучыла некалькі выпускаў школьнікаў. Шчасціла мне на актыўных вучняў, якія хацелі і маглі вучыцца. І сёння, калі ўжо не выкладаю ў школе, атрымліваю запрашэнні на сустрэчы ад вучняў абедзвюх школаў.

За важкі ўклад у пачатковую адукацыю Вера Аляксандраўна ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Ды няма поўнага шчасця без шчасця сямейнага. Для жанчыны гэта два любімыя сыны – Алёша і Паша, якія ўжо пакінулі бацькоўскі дом, але заўжды з’яўляюцца тут жаданымі гасцямі. Дзеля іх Вера Аляксандраўна не збіраецца пакуль спакойна адпачываць, і сёння працуе ў дзіцячым садку пасёлка. Маўляў, унукі яшчэ маленькія, трэба дапамагаць.

І беражэ, як скарб, сямейныя сувязі, сяброўскія кантакты, блізкіх сэрцу людзей:
-- Бацька прывучыў быць дружнымі, трымацца разам. Таму і сёння мы, нашы дзеці, стараемся падтрымліваць адзін аднаго, часцей збірацца разам, берагчы родных як самую вялікую каштоўнасць.

ШЛЯХАМІ ЛАБАНОВІЧА

Валянціна Міхайлаўна Лішык, класны кіраўнік і настаўніца беларускай мовы, з катэгорыі тых педагогаў, хто не проста выкладае свой прадмет, а натхняе ім, заражае на ўсё жыццё.

Той скарб, любоў да роднай мовы і Радзімы, якую перадала нам, яна ўвабрала з дзяцінства з багаццем зямлі, матулінай калыханкай ды стараннай працай, якой вучылі з маленства. Шчаслівая пара яе дзяцінства прайшла на Дзятлаўшчыне, на невялічкім хутары каля вёскі Гярбелевічы (дзе, дарэчы, і сёння самыя смачныя яблыкі).

-- Сям’я наша немалая, чацвёра дзяцей у бацькоў. І я – малодшая з іх. Даўжэй за ўсіх жыла ў бацькоўскім доме, больш за астатніх паспела пабыць з маці. Калі яе не стала, мне не было яшчэ і трыццаці. Памятаю, іду па вуліцы, гляджу ва ўсмешлівыя твары і не разумею, як людзі могуць усміхацца?..

Але матуля паспела пацешыцца за першыя поспехі сваіх дзяцей у самастойным жыцці, парадавацца за дачку Валянціну. Пасля заканчэння Яварскай сярэдняй школы (нельга ж сядзець без працы!) адразу ўладкавалася старшай піянерважатай у Падвялікім. Па прыкладзе старэйшай сястры, таксама настаўніцы мовы, атрымлівала філалагічную адукацыю ў Гродзенскім інстытуце імя Я. Купалы.

-- Цяпер помняцца тыя цяжкія валізкі, што бацька на ровары дапамагаў везці да вакзала. У вялікім чамадане больш месца займалі мастацкія кнігі Купалы і Коласа, Лынькова ды Мележа, падручнікі. Але заставалася месца і для кавалачка якога мяса ці іншага хатняга гасцінца.

Замацоўвала веды на практыцы настаўніца ў Горкаўскай васьмігадовай школе, а пасля – у Казлоўшчынскай школе рабочай моладзі. Яе вопыт выкладання ў вячэрняй школе нагадвае нечым вядомы фільм “Вялікі перапынак”. Яшчэ будучы малодзенькай студэнткай, яна вяла ўрокі ў дарослых мужчынаў, якія наведвалі заняткі па заканчэнні працы. Усяляк бывала, камусьці лёгка давалася мова, а каму – не вельмі. Але былі і такія, хто сапраўды цягнуўся да вучобы. Да таго ж, была класным кіраўніком 10 “І” класа.

А адтуль, скончыўшы інстытут, прыйшла ў Казлоўшчынскую школу. Спачатку ў групу падоўжанага дня, а пасля – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Валянціну Міхайлаўну мы, вучні, шчыра любілі, бо яна шчыра любіла нас, як сваіх дзяцей:

-- Па-рознаму бывае ў жыцці: то ладзіцца, то не ладзіцца, кажа Валянціна Міхайлаўна. – Але калі прыходзіш у клас, глядзіш у ясныя дзіцячыя вочкі, усе цяжкія думкі і праблемы адыходзяць, знікаюць.
І вучні цягнуліся да настаўніцы, да мовы, да ўсяго беларускага. Стараліся вучыцца і паказвалі добрыя вынікі. Сярод выпускнікоў Валянціны Міхайлаўны колішнія пераможцы алімпіяд па беларускай мове Марына Скрундзь і Алеся Луцык. За працоўныя заслугі яе партрэт з вучнямі ўпрыгожваў алею Прэзідэнта ў Мінску і Дошку гонару ў Дзятлаве, яна атрымала педагагічныя ўзнагароды раённага і абласнога значэння. Сёння ёсць чым сапраўды ганарыцца:

-- Я радуюся таму, што маю справу працягваюць мае вучні. Шэсць выпускнікоў розных гадоў вучыліся на беларускім аддзяленні філалагічных факультэтаў, некаторыя сталі журналістамі, іншыя працуюць на педагагічнай ніве.

Сёння Валянціна Міхайлаўна шчаслівая мама, бабуля і нават гаспадыня немалой хатняй гаспадаркі. Яна ўдзячная жыццю і роднай школе за выключны шанц. Бо, пасеяўшы добрае зерне ў душы сваіх вучняў, яна будзе яшчэ многія гады мець удзячны ўраджай.

БУКЕТ З ДОБРЫХ УСПАМІНАЎ для нашых настаўніц склалі іх колішнія калегі і вучні, некаторыя з якіх, дарэчы, таксама абралі прафесію педагога.

Вера Барысаўна Гародка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Казлоўшчынскай сярэдняй школы:
“Не адзін дзясятак гадоў правялі мы ў адным калектыве з Валянцінай Лішык. Яна асаблівы, неканфліктны, заўжды добразычлівы чалавек. Таму працавалі з ёй у згодзе, дзяліліся сваімі набыткамі і ідэямі. А пажадаць сваёй калезе хачу наступнае:
Шчыра ўсміхацца, жыць у дастатку, не хварэць,
Аб дробязях не хвалявацца, душой ніколі не старэць”.

Святлана Станіславаўна Юрчык, настаўніца пачатковых класаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы:
“З маёй калегай Верай Аляксандраўнай Яфімік шмат гадоў мы працавалі ў адной паралелі, вывучылі разам не адзін выпуск. Заўжды яна паказвала сябе як надзвычай адказны і скурпулёзны педагог, строгі, але справядлівы настаўнік. З дабрынёй яна ставілася да вучняў, з ветлівасцю – да калегаў. Жадаю ёй моцнага здароўя, астатняе ўсё дадасца і набудзецца”.

Літвін Святлана, выкладчыца спецыяльных дысцыплін УА “Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт” і УА “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж”:
“Валянціна Міхайлаўна была маім класным кіраўніком з 5 па 11 клас. Заўсёды згадваю яе з цеплынёй і пяшчотай у сэрцы. Больш за ўсё запомнілася тое, што класны кіраўнік звала нас “мае дзеткі”. І гэта сапраўды было так. Яна, як матуля, адчувала нас, чула наш настрой. Часта па заканчэнні ўрокаў класная мама заставалася з намі для шчырай размовы, выслухоўвала нас, давала парады, і мы прыслухоўваліся да іх. Бо гэта дарагога варта – шчыры кантакт паміж педагогам і яго вучнямі! Ведаю гэта цяпер са сваёй практыкі. Дзякуй вам, Валянціна Міхайлаўна, за ўсё! І зычу здароўя на доўгія гады”.

Дзмітрый Шостак, ляснічы Рудаяварскага лясніцтва:
“Вера Аляксандраўна – сапраўдная другая мама для нас. Ёй даводзілася не толькі вучыць нас, але і займацца надзённымі праблемамі звычайных хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта добразычлівая жанчына і зараз дорыць сваю ўвагу маленькім жыхарам Казлоўшчыны. Яна стала добрым настаўнікам жыцця не толькі для нас, вучняў, але і для сваіх дзяцей. У гэтым я ўпэўніўся ў час вайсковай службы разам з яе сынам Аляксеем – надзейным і адказным юнаком”.

Н. СТУПЧЫК

____________________________________________________________________________________________
Опять дует из окна, а утеплять окна уже порядком надоело? Стоит задумать о смене, но не утеплителя, а окон! Вы можете быстро купить окна пвхна сайте http://okna-pvkh.com/ и уже через пару дней любоваться красивым видом из окна и наслаждаться теплом и тишиной в доме. Ведь окна пвх защищают также и от шума, который порой просто раздражает.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/