ДЗЕЦІ І КАМП’ЮТАР: ШКОДА АБО КАРЫСЦЬ?



Камп’ютары сёння з'яўляюцца звычайнай часткай хатняга інтэр'еру, такой, якой пяць гадоў таму былі тэлевізары. Дзеці растуць з усведамленнем таго, што камп’ютар -- гэта абавязковы элемент паўсядзённага жыцця, як тэлефон ці халадзільнік.

Далёка не ў кожнай сям'і дзеці ведаюць і выконваюць правілы карыстання камп’ютарам. Ад таго, наколькі правільна яны будуць выконвацца, залежыць многае, і ў першую чаргу -- здароўе дзіцяці, так як негатыўныя фактары карыстання камп’ютарам аказваюць значна большы ўплыў на неакрэплы дзіцячы арганізм, чым на дарослага. Праблеме ўзаемадзеяння камп’ютара і дзяцей варта надаць асаблівую ўвагу.

Праблема «ўзаемаадносін» дзяцей і камп’ютараў абмяркоўваецца яшчэ з тых часоў, калі апошнія толькі пачалі з'яўляцца ў хатах. Эвалюцыя меркаванняў па гэтым пытанни прайшла ад катэгарычнай забароны да неабмежаванага дазволу. Гэтыя дзве крайнасці -- толькі полюсы адной праблемы, вырашыць якую нельга ні першым, ні другім спосабам. У апошнія некалькі гадоў разам з праблемай зносін дзіцяці з камп’ютарам паўстала яшчэ адна -- распаўсюджванне і папулярызацыя Інтэрнэту, які, з'яўляючыся геніяльным вынаходствам, не можа быць адназначна станоўчым асяроддзем баўлення часу для дзіцяці.

Такая неадназначнасць у меркаваннях спецыялістаў (педагогаў, псіхолагаў) і меркаваннях бацькоў прывяла да рознага ўспрымання камп’ютара большасці людзей. Адны імкнуцца максімальна развіць у дзецях здольнасці, лічачы, што калі яны на хвіліну пазней пазнаёмяць дзіця з камп’ютарам і інфармацыйнымі тэхналогіямі, то яно будзе адставаць ад аднагодкаў. Іншыя, наадварот, баяцца шкоднага ўздзеяння камп’ютара і Інтэрнэту і дзіця да камп’ютара наогул не дапускаюць. Нельга сказаць, што жахі другіх выдуманыя, роўна як і сцвярджаць, што ўседазволенасць першых апраўданая.

Да нядаўняга часу часта раздаваліся катэгарычныя сцвярджэнні, што камп’ютар шкодны для дзяцей. Прыхільнікі забароны тлумачылі яго тым, што выпраменьванне і мігаценне экрана шкодныя для зроку і агульнага стану здароўя дзіцяці, пагружэнне ў віртуальны свет адводзіць яго ад рэальнасці, камп'атэрныя гульні для дзяцей губяць ўяўленне, а самае галоўнае – камп’ютар крадзе ў дзіцяці гадзіны нармальных чалавечых зносін, якія ніколі не зможа замяніць.

Педагогі і медыкі, абвінавачваючы камп’ютар у негатыўным уплыве на дзіця, адным з наступстваў часта называюць падзенне ўзроўню тэкставага мыслення -- уменне адэкватна ўспрымаць, інтэрпрэціраваць тэксты, а таксама ствараць уласныя. У апошні час назіраецца рост колькасці дзяцей, якія пакутуюць дысграфіяй і дыслэксіяй -- расстройствамі, звязанымі з парушэннем пісьмовай мовы. Гучаць заявы, што прычынай гэтай праблемы з'яўляецца ранняе і празмернае захапленне камп’ютарам. Па меркаванні псіхолагаў, у такіх дзяцей часта развіваецца агрэсія, розныя страхі і фобіі. Аднак у свой час так жа складана прыжываліся і тэлебачанне, і атамная энергетыка. Камп’ютар і Інтэрнэт -- гэта праявы прагрэсу, з імі трэба лічыцца і вучыцца правільна сябе паводзіць. Дазіраваныя адносіны дзіцяці да камп’ютара не прынясуць шкоды, а будуць толькі карыснымі.

ДЗЕЦІ І КАМП’ЮТАР: СІСТЭМНЫ ПАДЫХОД

Вывучэнне камп’ютара дзіцём бацькі часта не сістэматызуюць і пакідаюць на выбар апошняга, які абменьваецца гульнёвымі дыскамі з аднагодкамі і ў лепшым выпадку слухае музыку ці падарожнічае па дзіцячых сайтах. У выніку дзіця можа быць знаёма з камп’ютарам некалькі гадоў, але не мець нават элементарных навыкаў яго выкарыстання, і калі ў школе пачынаецца вывучэнне асноваў камп’ютарнай пісьменнасці, дзіця ў пэўны момант разумее, што шмат чаго не ведае. Адзнакі пачынаюць зніжацца, а бацькі -- панікаваць, хоць у дадзенай сітуацыі вінаватыя яны самі, бо своечасова не патлумачылі дзіцяці, што камп’ютар прызначаны не толькі для гульняў.

Не менш важным для дзяцей з'яўляецца бацькоўскі прыклад: калі ў сям'і камп’ютар выкарыстоўваецца толькі для забаўкі, у малога будуць да яго такія ж адносіны.

Падаючы дзецям магчымасць самім вывучаць камп’ютар, бацькі рызыкуюць выявіць, што праз некалькі гадоў дзіця так і не навучылася новаму.

ДЗЕЦІ І КАМП’ЮТАР: НАВУЧАННЕ З ДАПАМОГАЙ КАМП’ЮТАРА

Камп'ютарныя навучальныя праграмы для дзяцей маюць вялікае значэнне для развіцця маторыкі.
Усе бацькі ведаюць, як цяжка пасадзіць малога за заняткі. На камп’ютары дзіця займаецца з велізарным задавальненнем – камп’ютар сам па сабе прывабны для дзяцей як новая цацка.

Практыка паказвае, што дзеці хутка авалодваюць клавіятурай і мышкай, нават калі ўпершыню ўбачылі камп’ютар пазней, чым іх аднагодкі.

Несумненнай перавагай камп’ютара можна назваць развіццё ў дзіцяці мноства карысных навыкаў. Камп'ютарныя праграмы для дзяцей дазваляюць ім хутка вывучыць тое, на што ў звычайных умовах адводзіцца шмат часу. Навучальныя камп'ютэрныя праграмы -- гэта тыя ж заняткі, аднак прадстаўленыя ў гульнявой форме, а дзіця значна лягчэй прыцягнуць да гульні, чым прымусіць вучыць літары ці складаць лічбы.

Навучальныя камп'ютарныя праграмы могуць развіваць у дзіцяці шпаркасць рэакцыі, дробную маторыку рук, візуальнае ўспрыманне аб'ектаў, памяць, увагу, лагічнае мысленне і зрокава-маторную каардынацыю.

Псіхолагі, бацькі і выхавальнікі, якія займаюцца з малымі на камп’ютары, заўважылі, што ў працэсе такіх заняткаў у дзяцей паляпшаюцца памяць і ўвага. Гэта тлумачальна, бо адпавядае законам псіхічнага развіцця дзіцяці. Шматлікія псіхолагі падкрэсліваюць, што ў маленькіх дзяцей няма ўсвядомленага жадання запамінаць інфармацыю так званага адвольнага запамінання, гэта значыць запамінання з загадзя пастаўленай мэтай. Дзіцячая памяць міжвольная, яны запамінаюць толькі яркія, эмацыйныя выпадкі або дэталі, і тут добрым памочнікам з'яўляецца камп’ютар, так як ён падае матэрыял у яркай форме, што не толькі паскарае запамінанне, але і робіць яго больш асэнсаваным і доўгачасовым.

Знаёмячы дзяцей з камп’ютарам, варта патурбавацца аб спецыяльных навучальных праграмах, тады дзіця не толькі асвоіць асновы камп’ютарнай пісьменнасці, але і атрымае іншую карысную інфармацыю.

ДЗЕЦІ І КАМП’ЮТАР: МАГЧЫМЫЯ ПРАБЛЕМЫ

Часцей за ўсё пры працы за камп’ютарам пакутуе зрок дзіцяці -- рэзкае павелічэнне зрокавай нагрузкі можа быць небяспечным. Аб гэтым часта кажуць дактары-афтальмолагі, якія пры падазрэнні на праблемы са зрокам рэкамендуюць абмяжоўваць працу на камп’ютары.

Арганізм дзіцяці актыўна развіваецца, у прыватнасці фарміруецца зрокавая рэфракцыя вока. Менавіта ў гэты час адбываецца пераход фізіялагічнай дальнабачнай рэфракцыі ў нармальную. Пры наяўнасці генетычных перадумоваў або ўмоў зрокавай працы, якія не адпавядаюць гігіенічным патрабаванням, магчыма развіццё блізарукасці. Такая праблема можа паўстаць як пры чытанні ці пісьме, так і пры доўгім знаходжанні дзіцяці за камп’ютарам. Да гэтага могуць прывесці няправільнае асвятленне і працяглая зрокавая праца на блізкай адлегласці.

Недоўгачасовая праца за камп’ютарам (не больш за адну-дзве гадзіны) выклікае ў многіх дзяцей школьнага ўзросту як агульную, так і зрокавую стому, што ў некаторых выпадках можа прывесці да развіцця блізарукасці.

Стому вачэй выклікаюць недастатковая рэзкасць малюнка і мігаценне экрана. Гэтая праблема часткова вырашаецца пры набыцці ВК-манітора.

Усё добра ў меру, і каб не лячыць дзіцяці зрок, варта разумна абмежаваць час яго знаходжання за камп’ютарам.

ДЗЕЦІ І КАМП’ЮТАР: ПСІХАЛАГІЧНЫЯ АСПЕКТЫ

Важны, аднак мала вывучаны аспект кантакту дзіцяці з камп’ютарам -- псіхалагічны. Гэты тып негатыўнага ўплыву на дзіця асабліва небяспечны.

Праца дзяцей за камп’ютарам, асабліва за гульнёвымі праграмамі, суправаджаюцца моцным нярвовым напружаннем, паколькі патрабуюць хуткай зваротнай рэакцыі. Такая канцэнтрацыя, нават кароткачасовая, выклікае ў дзіцяці стому. Працуючы за камп’ютарам, дзіця адчувае своеасаблівы эмацыйны стрэс.

Негатыўны ўплыў камп’ютарных гульняў, анлайнавай рэкламы, сайтаў з недапушчальным зместам асабліва небяспечны для дзяцей. Пазбегнуць гэтага можна, абмежаваўшы час іх знаходжання за камп’ютарам.
Заняткі на камп’ютары адымаюць шмат сіл і ў дарослага чалавека, а дзеці стамляюцца яшчэ больш. Нярвовае і эмацыйнае напружанне, стома зроку, назапашваючыся з часам, адмоўна адбіваюцца на наступнай дзейнасці.

Пры працы за камп’ютарам у дзяцей могуць назірацца наступныя стадыі камп’ютарнай стомленасці:
*страта кантролю над сабой, калі дзеянні дзіцяці сведчаць аб стомленасці, ён можа грымаснічаць, крычаць, гэта значыць быць раздражнёным, аднак ад камп’ютара не адыходзіць;
*вялікая ступень стомленасці, якая выяўляецца ў страце цікавасці да камп’ютара;
*дзіця адцягваецца, звяртае ўвагу на навакольныя прадметы;
аб стоме сведчыць усё, нават пастава дзіцяці -- ён можа адкідвацца на спінку крэсла, ездзіць на ім;
*уплыў на эмоцыі і нярвовую сістэму -- дзіця залішне ўзбуджана, яно можа крычаць, падскокваць, гучна смяяцца.

Калі ў дзіцяці праяўляюцца падобныя паводзіны, варта скараціць час яго знаходжання за камп’ютарам, а каб стома не надыходзіла занадта хутка, варта чаргаваць працу з адпачынкам. Вялікую ўвагу трэба надаць правільнай арганізацыі працоўнага месца.

АГУЛЬНЫЯ ПРАВІЛЫ ЗНАХОДЖАННЯ ДЗІЦЯЦІ ЗА КАМП’ЮТАРАМ

Грунтуючыся на прыведзеных абмежаваннях, можна сфармуляваць наступныя правілы работы дзяцей з камп’ютарам.

Правільна арганізуйце працоўнае месца. Дзіця павінна сядзець на адлегласці 50-60 см ад манітора, крыніцу святла трэба размясціць злева ад экрана.

Сачыце за тым, каб спіна і ногі дзіцяці мелі апору, так вы прадухіліце пагаршэнне паставы.
Самая вялікая нагрузка пры працы за камп’ютарам прыходзіцца на органы зроку дзіцяці, таму звярніце ўвагу на якасць манітора: мінімальная частата абнаўлення экрана ў працоўным рэжыме павінна быць 85 Гц. Лепш за ўсё ўсталяваць ВК-манітор. Для адпачынку вачэй рабіце з дзіцём спецыяльныя практыкаванні.
Падкрэслівайце словам і дзеяннем, што камп’ютар -- гэта рабочы інструмент, а не цацка.

Пакажыце, што карыстаецеся камп’ютарам толькі для справы, напрыклад, будуеце з яго дапамогай графікі ці пішаце артыкулы.

Не выкарыстоўвайце агрэсіўныя гульні, каб расслабіцца пасля працы, ці хаця б не гуляйце ў іх пры дзіцяці.

Не рабіце з камп’ютара таямніцы, а, наадварот, забяспечце свабодны доступ да навучальных і развіваючых праграм.

Падрыхтавала да друку В. ВАСЬКО.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/