Дзеці - мае маленькія сябры



Шум, крыкі, мітусня. Дзіцячы сад зранку і вечарам у добрае надвор'е падобны на вялікі мурашнік. Малыя бегаюць, скачуць, корпаюцца ў пясочніцы, збіраюцца невялікімі групкамі, калі бачаць што-небудзь цікавае. Гэтым шумным царствам гарэзаў і непаседаў кіруюць мудрыя, цярплівыя выхавальнікі. Такую прафесію звычайна выбіраюць добрыя, адкрытыя людзі, якія любяць дзяцей. Пералічаныя якасці характару ўласцівы Людміле Уладзіміраўне Бялятцы, якая чатыры дзесяцігоддзі адпрацавала ў дашкольных установах Дзятлаўшчыны, была любімай выхавальніцай для соцень нашых маленькіх землякоў. Цяпер яна на пенсіі. 28 жніўня Людміла Уладзіміраўна святкавала свой 60-гадовы юбілей. Педагогі раёна і сябры віншуюць яе са святам, жадаюць і надалей заставацца такой жа цікавай, прыгожай, добразычлівай і спагадлівай.

СА ШКОЛЫ — У ПРАФЕСІЮ

Людміла нарадзілася ў Казлоўшчыне, тут скончыла школу. Марыла стаць педагогам, але з першага разу паступіць не удалося. Каб не губляць часу дарэмна, сямнаццацігадовая дзяўчына пайшла працаваць у Казлоўшчынскі дзіцячы сад — у ясельную групу сястрой-выхавальніцай. Работа была нялёгкая: дзяцей аддавалі ў яслі з трох-чатырох месяцаў. У групе Людмілы Уладзіміраўны былі восем немаўлят да года, а ўсяго — 20 дзяцей. Яна пастаянна сачыла, каб дзеці былі сухія, накормленыя, добра паспалі — тады з імі можна займацца. Юная выхавальніца выдатна спраўлялася з даручанай справай. Хутка яна паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага вучылішча імя К. Ушынскага, выдатна сумяшчала вучобу і работу.

Як маладому таленавітаму педагогу Людміле Уладзіміраўне даручылі правесці ў Казлоўшчынскім яслі-садзе метадычнае аб'яднанне, пасля якога да выхавальніцы падышла загадчыца Дзятлаўскага яслі-сада №1 Яўгенія Аляксандраўна Іванова і прапанавала працаваць у яе.

Так пачаўся новы этап жыцця, багаты на творчыя пошукі, дасягненні, цікавыя задумкі. Калектыў сустрэў гасцінна. Сваім вопытам дзяліліся старэйшыя калегі Людміла Аляксандраўна Ждановіч, Вольга Анатольеўна Бомка, з якой працавалі ў адной групе, сябруюць і сёння. У станаўленні прафесійнага майстэрства дапамагала Антаніна Георгіеўна Ляліна. 3 удзячнасцю і цеплынёй успамінае юбілярка Ганну Пятроўну Кардаш, якая была нянечкай у яе групе. Добрыя, спагадлівыя людзі, мудрыя педагогі навучылі ніколі не здавацца, у прафесіі ўпэўнена крочыць шляхам самаўдасканалення.

У Дзятлаве Людміла Уладзіміраўна актыўна прымала ўдзел у рабоце аддзела адукацыі — курыравала метадычнае аб'яднанне дашкольных работнікаў раёна, па даручэнні кіраўніцтва правярала вясковыя дзіцячыя сады. Гэта работа лічылася грамадскай нагрузкай і не аплачвалася, затое набываўся вопыт: на той час Людміла Уладзіміраўна вучылася на завочным аддзяленні Брэсцкага педагагічнага інстытута. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна Людміла і яшчэ некалькі метадыстаў былі ўзнагароджаны пуцёўкамі ў Новаазоўск.

ВОПЫТ І МАЙСТЭРСТВА

Замуж Людміла Уладзіміраўна выйшла за педагога, настаўніка фізічнай культуры Анатоля Іванавіча Бялятку, які жыў і працаваў у Казлоўшчыне. Вярнулася ў родны пасёлак, паспяхова працавала выхавальніцай у Казлоўшчынскім яслі-садзе.

— Я адчувала любоў маіх выхаванцаў і любіла іх сама. На гэтым асноўвалася ўся работа, — дзеліцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства Людміла Уладзіміраўна. — У нас з дзецьмі заўжды быў наладжаны кантакт. Я за іх перажывала. Яны былі маімі сябрамі. Я не баялася папрасіць прабачэння ў маленькага чалавека, калі адчувала, што была вінаватая. Малыя вельмі любяць, калі з імі размаўляеш, раішся, штосьці распавядаеш, гуляеш. 3 такім дарослым яны з задавальненнем бавяць час. А яшчэ дзеці — гэта маленькія таленты. Хтосьці любіць маляваць, іншы — будуе гарады з канструктара. Задача педагога — заўважыць, хто на што здатны, развіць творчыя здольнасці дзіцяці. Вьіхоўваць дзяцей, як і вырошчваць экзатычныя расліны, вельмі цікава.

За дасягненні ў прафесіі Людміле Бялятцы Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь было прысвоена званне "выхавальніка-метадыста". Пазней яна працавала метадыстам Казлоўшчынскага яслі-сада. Пасля ліквідацыі гэтай пасады — намесніцай загадчыцы яслі-сада па асноўнай дзейнасці.

У рабоце з педагогамі імкнулася дапамагчы ім раскрыцца. Заўжды старалася паказаць, якія граматныя і таленавітыя спецыялісты працуюць у іх установе. Вучыла выхавальнікаў разумець, што няма кепскіх дзяцей — ёсць праблемы ў сям'і, у блізкім акружэнні, якія правакуюць дрэнныя паводзіны дзіцяці.

ДЗВЕРЫ АДЧЫНЕНЫ ДЛЯ СЯБРОЎ

Людміла Уладзіміраўна з мужам вырасцілі і выдалі замуж двух дачок — Ірыну і Святлану. Дачакаліся ўнукаў — Дзмітрыя і Віктара, якія летам прыязджаюць да іх адпачываць, радуюць бабулю з дзядулем.
Педагагічную дынастыю вырашыла прадоўжыць дачка Святлана: яна працуе сацыяльным педагогам у Дзятлаўскім карэкцыйна-рэабілітацыйным цэнтры. Ірына абрала іншую прафесію: жыве ў Мінску, працуе намеснікам галоўнага бухгалтера ў інстытуце аграрнай эканомікі НАН Беларусі.

Вольны час Людміла Бялятка любіць бавіць на сваім прысядзібным участку. Яна — заўзятая агародніца і кветкавод. Сёлета на сотках урадзілі памідоры, перцы, баклажаны. А вось рознакаляровыя прыгажуны гладыёлусы — любімыя кветкі гаспадыні — не парадавалі буйнай квеценню, відаць, надвор'е для іх было неспрыяльнае. Затое цвітуць ружы і аднагадовыя кветкі. Яны радуюць вока гаспадароў і гасцей, якія часта прыходзяць да Бяляткаў.

У гэтай сям'і шмат сяброў. Большасць з іх — сябры дзяцінства і юнацтва. Дзверы хаты для іх заўсёды адчынены. Вось што расказвае пра сям'ю Бяляткаў Людміла Іосіфаўна Юткіна:

— 3 Людай мы сяброўкі з дзяцінства — раслі разам, жылі па суседстве. Яе маці была гасціннай, хлебасольнай гаспадыняй, добрай жанчынай, якая абавязкова паіла чаем усіх, хто прыходзіў у хату. Цяпер ахоўніца дамашняга ачага — Людміла. Яна працягвае традыцыі сваёй маці. Гэта добрая жонка, клапатлівая матуля і бабуля, выдатная гаспадыня, якая любіць сустракаць і частаваць гасцей, чалавек, які ўмее выслухаць, зразумець, даць мудрую параду. Мы, сябры, заўжды рады з ею бачыцца.

3 нагоды юбілею жадаем Людміле Уладзіміраўне заставацца здаровай і жыццярадаснай на доўгія гады.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/