ДЗЕНЬ ВЕНЗАВЕЦКАГА СЕЛЬСАВЕТА



Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Вензавецкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Вензавецкім сельсавеце 6 лістапада.

У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні і сакратары сельскіх і пасялковых выканкамаў, ідэалагічныя работнікі СВК, кіраўнікі шэрагу раённых службаў.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Вензавецкага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня А. Шымко.
Тэрыторыя Вензавецкага сельскага савета складае 172 квадратныя кіламетры, з гэтай колькасці 10,1 квадратнага кіламетра займаюць 18 паселішчаў, якія налічваюць 818 гаспадарак і 1856 жыхароў. 1111 чалавек (59 працэнтаў) – працаздольныя, 514 (28 працэнтаў) – пенсіянеры, 231 (13 працэнтаў) – непаўналетнія. Сярод жыхароў сельсавета 5 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 61 чалавек адзінокі, 320 – жывуць адзінока, 17 шматдзетных сем’яў.

Самыя буйныя паселішчы – аграгарадок Вензавец (676 жыхароў), вёска Міроўшчына (407), вёска Сачыўляны (237). У трох паселішчах – Гнаінскіх, Жадзейках, Лагунах – жывуць менш за 10 чалавек. У Міклашах ніхто пастаянна не жыве. У бягучым годзе ў сельсавеце нарадзіліся 15 дзяцей.
Сацыяльна-эканамічную інфраструктуру сельсавета складаюць СВК “Вензавец”, Дзятлаўская сельгастэхніка, Вензавецкае лясніцтва, Вензавецкі дрэваапрацоўчы цэх Дзятлаўскага лясгаса, 3 аддзяленні паштовай сувязі, 4 магазіны райспажыўтаварыства, 1 магазін індывідуальнага прадпрымальніка, магазін сельгастэхнікі, закусачная “Уют”, комплексна-прыёмны пункт службы быту, Вензавецкая сярэдняя школа з дзіцячым садам, дзіцячы сад у Міроўшчыне, вучэбна-вытворчы камбінат, бібліятэка, клуб, два Дамы культуры, тры ФАПы, дом сацыяльных паслугаў у Сцяткоўшчыне.

Медыцынскае абслугоўванне мясцовага насельніцтва даручана Вензавецкаму (на абслугоўванні 765 чалавек), Міроўшчынскаму (534) і Яварскаму (415) фельчарска-акушэрскім пунктам і раённай паліклініцы. Медработнікі рэгулярна робяць медыцынскае абследаванне ветэранаў вайны і адзінокіх людзей, аказваюць ім патрэбную дапамогу.

Гандлёвым абслугоўваннем займаюцца 4 стацыянарныя магазіны райспажыўтаварыства, 1 магазін індывідуальнага прадпрымальніка, магазін сельгастэхнікі, закусачная ў Вензаўцы. У паселішчы, дзе няма магазінаў, па графіку выязджае аўтамагазін.

Усе тры аддзяленні паштовай сувязі, акрамя традыцыйных паслугаў, аказваюць дадатковыя. Праз паштальёнаў можна набыць і заказаць амаль любы тавар.

Ва ўстановах культуры, што месцяцца на тэрыторыі сельсавета, створана 21 клубнае фарміраванне. Для рознаўзроставых катэгорый насельніцтва работнікі культуры ладзяць тэматычныя вечарыны, “агеньчыкі”, абрадавыя святы, святы вёсак.

У Вензавецкай школе і садзе вучацца і выхоўваюцца 132 дзіцяці, 14 дзяцей наведваюць Міроўшчынскі дзіцячы сад.

Выканкам сельсавета шмат увагі надае добраўпарадкаванню паселішчаў. Мясцовыя арганізацыя абавязаны даглядаць прылеглыя да іх тэрыторыі і помнікі загінулым воінам. Знесены 55 апусцелых і састарэлых дамоў, у тым ліку сёлета – 4. Бытавое смецце з сядзібаў 6 паселішчаў (Вензавец, Міроўшчына, Гірычы, Юравічы, Сачыўляны, Явар) вывозіць раённы жылкамунгас. 20,55 кіламетра вуліц перададзена для абслугоўвання ДРБУ №119. Сёлета асфальтаваны 2 вуліцы – Школьная ў Явары і Лясная ў Міроўшчыне.

Выканкам сельсавета актыўна супрацоўнічае з мясцовымі арганізацыямі – СВК “Вензавец”, сельгастэхнікай, лясніцтвам, дрэваапрацоўчым цэхам лясгаса. Вырашаць надзённыя праблемы дапамагае актыў сельсавета – дэпутаты мясцовага Савета, старасты вёсак.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М. Мацюкевіч агучыў вынікі сацыялагічнага апытання жыхароў сельсавета. Першачарговага вырашэння, на думку рэспандэнтаў, вымагаюць праблемы “распаўсюджання п’янства сярод насельніцтва”, “прыцягнення і замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці”.

Вялікая колькасць апытаных адзначыла “кепскае асвятленне вуліц”, на думку многіх рэспандэнтаў у сельсавеце таксама “кепскі стан дарог”.
Ёсць значныя прэтэнзіі і да гандлёвага абслугоўвання, а менавіта – “не задавальняе асартымент прапанаваных харчовых тавараў”, “не задавальняе якасць прапанаваных тавараў” і яшчэ больш “не задавальняе якасць і культура абслугоўвання”.

Як і для жыхароў іншых сельсаветаў, тутэйшым “цяжка трапіць на прыём у раённую паліклініку”, многія адзначаюць “няхватку дактароў-спецыялістаў у раённай паліклініцы”.

Амаль трэць анкетаваных адзначылі паляпшэнне работы сельвыканкама.

Намеснік старшыні райвыканкама П. Чырко адзначыў прыгожую забудову новай вуліцы ў Вензаўцы. А з наступнага года трэба падступацца да абнаўлення мясцовага Дома культуры.

Намеснік старшыні райвыканкама Ю. Залеўскі адзначыў парадак на могілках у Гнаінскіх, хоць жывуць у вёсцы ўсяго пяць чалавек. Упарадкаваны і Нагорнікі, акрамя дома №8а з выбітымі вокнамі і аўтобуснага прыпынка, які трэба асфальтаваць. У Валоўніках не прыбраны рэшткі будынка фермы. А жыхары Гернікаў паскардзіліся на асартымент аўталаўкі. Тут жа застаўся і фундамент колішняга магазіна.

Старшыня райсавета дэпутатаў А. Бараноўскі адзначыў упарадкаванасць Явара і незадаволенасць жыхароў Сачыўлян малою ўвагаю да іх вёскі пасля страты паселішчам статуса цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства. Аляксандр Станіслававіч паінфармаваў, што зроблена для добраўпарадкавання і ў іншых сельсаветах.

Старшыня райвыканкама І. Крахмальчык выказаў незадаволенасць у прыватнасці тым, што вакол Вензаўца нямала ўбачыў зарослых участкаў зямлі, міні-звалак. Кустоўем зараслі некаторыя ўчасткі меліярацыйных каналаў. Прыкладам парадкавання старшыня райвыканкама назваў зробленае апошнім часам у
Змяёўцах і Міклашах Дзятлаўскага сельсавета.

Наступны Дзень сельскага Савета прызначаны ў Казлоўшчынскім пасялковым савеце.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/