ДЗЕНЬ ПАРЭЦКАГА СЕЛЬСАВЕТА



Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Парэцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні тэрыторыі населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Парэцкім сельсавеце 4 верасня.
У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні і сакратары сельскіх і пасялковых выканкамаў, ідэалагічныя работнікі СВК, кіраўнікі шэрагу раённых службаў.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Парэцкага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня А. Ядэйка.

На тэрыторыі сельсавета у 21 паселішчы жывуць 1291 чалавек, маюцца 670 падсобных гаспадарак. Ад усёй колькасці жыхароў 638 – працаздольныя, 504 – пенсіянеры, 148 – непаўналетнія. Сярод жыхароў сельсавета 1 – інвалід Вялікай Айчыннай вайны, 74 адзінокія, 274 чалавекі жывуць адзінока. Сельвыканкам дапамагае адзінокім людзям: сёлета, між іншых клопатаў, адрамантаваны 2 печкі, заменена электраправодка.

На тэрыторыі сельсавета маюцца два буйныя паселішчы: аграгарадок Хвінявічы налічвае 537 жыхароў, вёска Парэчча – 208. У пяці паселішчах – Ганчарах, Калпінскіх, Латышах, Ліпічанскай Пушчы, Нагорніках – жывуць па 10 і менш чалавек.

Вытворча-сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць СВК “Хвінявічы”, Парэцкі спіртавы завод, Дзям’янавіцкае лясніцтва, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “ДиАнДрев” у Дзям’янаўцах, 2 аддзяленні паштовай сувязі, 3 магазіны райспажыўтаварыства, 3 прыватныя магазіны ў Хвінявічах, комплексны прыёмны пункт службы быту, Хвінявіцкі дзіцячы сад – сярэдняя агульнаадукацыйная школа, Хвінявіцкі сельскі дом культуры, сельская бібліятэка, Дзям’янавіцкі фельчарска-акушэрскі пункт, Парэцкая амбулаторыя, 2 царквы ў Накрышках і Дзям’янаўцах.

Медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва сельсавета займаюцца Парэцкая амбулаторыя і Дзям’янаўскі ФАП, а таксама раённая паліклініка. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абследаванне ветэранаў вайны і працы, адзінокіх і састарэлых людзей, якія жывуць адзінока, аказваюць ім патрэбную медыцынскую дапамогу.

Гандлёвае абслугоўванне мясцовых жыхароў ажыццяўляюць 3 стацыянарныя магазіны райспажыўтаварыства і 3 магазіны індывідуальных прадпрымальнікаў. У дробныя паселішчы, дзе няма магазінаў, па графіку прыязджае аўтамагазін.

Аддзяленні паштовай сувязі ў Хвінявічах і Дзям’янаўцах, акрамя традыцыйных паслугаў, аказваюць дадатковыя. Праз паштальёнаў можна набыць і заказаць з дастаўкаю амаль любыя тавары.

Установы культуры сельсавета на працягу года ладзяць разнастайныя культурна-масавыя мерапрыемствы для рознаўзроставых катэгорый гледачоў і ўдзельнікаў: тэматычныя вечарыны, “агеньчыкі”, абрадавыя ўрачыстасці, святы вёсак. У жніўні адбылося свята вёскі Накрышкі.

У Хвінявіцкай школе-садзе навучаюцца і выхоўваюцца 120 дзяцей: 96 школьнікаў, 24 дашкольнікаў. Тэрыторыя школы-сада заўсёды прыбрана, належны парадак захоўваецца ў будынках і на прылеглай тэрыторыі.

Сельвыканкам шмат увагі надае парадкаванню паселішчаў. У апошнія два гады праз тэрыторыю сельсавета прайшлі моцныя ўраганы, якія значна прыбавілі клопатаў. На ліквідацыю іх паследкаў было пазапланава затрачана многа часу, сіл і сродкаў, што парушыла планавы ход работ.

На тэрыторыі сельсавета ёсць 3 памятнікі воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 6 адзіночных магіл. Догляд помнікаў і магіл даручаны мясцовым арганізацыям.

З пачатку дзеяння Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №70 ад 3 лютага 2006 года і №100 ад 23 лютага 2012 года разабраны 53 апусцелыя хаты. Складзены графік працягу гэтай работы. Сёлета мясцовы СВК дапамог разабраць 3 фундаменты і будынак колішняга інтэрната.

Практычна ўсе могілкі на тэрыторыі сельсавета агароджаны, зроблены пляцоўкі для часовага складвання смецця. А найлепшым чынам дагледжаны могілкі ў вёсцы Чырвоны Бор, пра што пастаянна клапоціцца стараста вёскі Яўгенія Уладзіміраўна Філідовіч сумесна з аднавяскоўцамі.

Прадстаўленне сельсавета яго старшыня А. Ядэйка ілюстраваў паказам фотаздымкаў праз відэапраектар.

Затым удзельнікі Дня наведалі шэраг вытворчых і сацыяльных аб’ектаў: музей Хвінявіцкай школы, сядзібу Святланы Міхайлаўны Дзірвук у Агародніках, Парэцкі спіртзавод, мехдвор СВК у Хвінявічах, царкву ў Накрышках, могілкі ў Чырвоным Бары, магазін, сталовую і Дом культуры ў Хвінявічах.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М. Мацюкевіч агучыў вынікі анкетавання жыхароў сельсавета. Апытаныя адзначылі паляпшэнне работы сельвыканкама, кампетэнтнасць і дзелавітасць яго кіраўніка А. Ядэйкі. Што найболей турбуе мясцовых жыхароў? Тое, што і насельнікаў іншых сельсаветаў раёна – пераважна праблемы старэння сельскага насельніцтва, п’янства, медыцынскага абслугоўвання ў раённай паліклініцы.

На гэты раз анкета была дапоўнена пунктамі пра работу праваахоўных органаў, і большасць апытаных выказалася, што не ведаюць свайго ўчастковага ўпаўнаважанага. Прычынілася да гэтага няведання, акрамя бягучай рэарганізацыі праваахоўных органаў, і тое, што праваахоўныя мерапрыемствы ў сельсавеце праводзяць прадстаўнікі розных аддзелаў раённай міліцыі.

Кіраўнікі рабочых груп паінфармавалі ўдзельнікаў Дня сельсавета пра свае ўражанні ад агляду вёсак. Першы намеснік старшыні райвыканкама І. Зубко пахвальна ацаніў стан вёсак Яблынька і Чырвоны Бор. Ліпічанскую Пушчу насяляюць 9 чалавек, апусцелыя сядзібы не дагледжаны. Вялікая работа выканана ў вёсцы Калпінскія: ідэальна ўпарадкаваны могілкі. Падсыпана дарога ў Ганчары, цяпер па ёй можна праехаць і на легкавіку. Праўда, жывуць у вёсцы ўсяго 2 чалавекі, апусцелыя сядзібы кепска дагледжаны. Ігар Рыгоравіч выказаў заўвагу наконт арганізацыі маршрута для агляду аб’ектаў: яго трэба змяняць, каб аб’екты не паўтараліся штораз.

На думку намесніка старшыні райвыканкама П. Чырко, прэзентацыя сельсавета (у тым ліку з выкарыстаннем відэасродкаў) была наладжана добра: старшыня сельвыканкама А. Ядэйка змястоўна расказаў пра зробленае да Дня сельсавета. П. Чырко пахваліў дырэктара школы-сада М. Доўгач за рупны клопат пра падначаленую ўстанову. Актуальнай задачай для сельсавета з’яўляецца перасяленне парэцкай амбулаторыі з цяперашняга будынка, які не задавальняе сучасныя патрабаванні.

Намеснік старшыні райвыканкама А. Жыдко адзначыў кепскую дарогу да вёскі Русакі і “помнікі архітэктуры” на раздарожжы ў Разважжы. Шмат апусцелых хат у Аляксандравічах.

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А. Латушка паведаміла, што жыхары вёскі Накрышкі скардзяцца на свой магазін. Будынак кепска дагледжаны, халодны, завоз тавараў не ўзгоднены з графікам работы прадаўца.

Старшыня райвыканкама І. Крахмальчык падрахункаваў вынікі Дня. Станоўча ацаніў зробленае для добраўпарадкавання паселішчаў у сельсавеце, выказаў удзячнасць за клопаты старшыні сельвыканкама А. Ядэйку і старшыні СВК “Хвінявічы” С. Кончыку. Старшыня райвыканкама назваў па некалькі вёсак у кожным сельскім Савеце, якія кепска дагледжаны і вымагаюць неадкладнага клопату.

Месцам чарговага мерапрыемства названы Наваельнянскі пасялковы савет.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/