ДЗЕНЬ ДЗЯТЛАЎСКАГА СЕЛЬСАВЕТА



Мерапрыемства з парадкам дня "Аб рабоце Дзятлаўскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета" адбылося 24 лістапада. У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў, ідэалагічныя работнікі СВК.

3 сацыяльна-эканамічным становішчам Дзятлаўскага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня А. Маркушэўскі.
Тэрыторыя Дзятлаўскага сельсавета складае 239 квадратных кіламетраў, на ёй месцяцца 32 паселішчы, 995 сядзібных гаспадарак, жывуць 2 100 чалавек, у тым ліку 1 133 (54 працэнты) працаздольныя, 690 (33 працэнты) пенсіянераў, 277 (13 працэнтаў) чалавек, якія не дасягнулі працаздольнага ўзросту. Сярод жыхароў сельсавета 65 адзінокіх, 426 жывуць адзінока.

Дзятлаўскі сельскі савет створаны ў 1940 годзе. У 1949 годзе да яго складу далучаны Засецкі, Малдуцкі, Муляроўскі сельсаветы. Межы сельсавета яшчэ раз зменены ў 2007 годзе: з 1 кастрычніка ў яго склад уключаны 10 паселішчаў на тэрыторыі былога калгаса "Зара".

На цяперашні час палова жыхароў сельсавета жыве ў трох буйных паселішчах: у аграгарадку Раклевічы — 480 чалавек, у вёсцы Апаліна-Басіна — 232, у вёсцы Засецце — 250. У пяці паселішчах сельсавета жывуць менш, чым па 10 чалавек: у Запашцы - 5, у Каменцы — 9, у Мулярах — 9, у Рэпішчы — 1, у Тарасавічах - 2. У Сіратаўшчыне ніхто не жыве. Самае аддаленае ад адміністрацыйнага цэнтра сельсавета паселішча — вёска Рэпішча, знаходзіцца за 30 кіламетраў.

12 паселішчаў сельсавета газіфікаваны. Веска Курпяшы газіфікавана летась, Хадзяўляны — сёлета, ідзе газіфікацыя вёскі Плябанавічы. Пад'язныя шляхі да большасці паселішчаў асфальтаваны, выключэнне склалі Селівонкі, Тарасавічы, Пацаўшчына, Нарбутавічы.

На тэрыторыі Дзятлаўскага сельсавета працуе СВК "Русь-Агра", які налічвае 469 работнікаў, яшчэ каля 90 запрашаюць на сезонныя работы. Плошча сельгасугоддзяў СВК складае 8 167 гектараў, 4 680 гектараў з гэтай колькасці — ворыва.

Сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць аддзяленне паштовай сувязі, 5 магазінаў райспажыўтаварыства, КПП быткамбіната, Раклевіцкая базавая школа-дзіцячы сад, Раклевіцкі дом культуры і бібліятэка, два ФАПы, Нарбутавіцкі дом сацыяльных паслугаў.

Медыцынскім абслугоўваннем жыхароў сельсавета займаюцца Раклевіцкі (у зоне яго абслугоўвання 549 чалавек) і Норцавіцкі ФАПы (470 чалавек), а таксама Дзятлаўская раённая і Наваельнянская паліклінікі, ФАП у Міроўшчыне. Медработнікі рэгулярна абследуюць адзінокіх жыхароў сельсавета, нараканняў на работу мясцовых ФАПаў няма.

Гандлёвыя тавары насельнікам сельсавета прапануюць 5 стацыянарных магазінаў райспажыўтаварыства. У паселішчы без стацыянарных магазінаў рэгулярна прыязджае аўталаўка. Летась закрыты магазін у Апаліне-Басіне, не працуе ён з прычыны нястачы прадаўца.

Аддзяленне паштовай сувязі аграгарадка Раклевічы, акрамя традыцыйных, аказвае дадатковыя паслугі. Праз паштальёна можна заказаць амаль любы тавар. Сёлета дадатковых паслугаў аддзяленне аказала на 78 мільёнаў рублёў.

Ва ўстановах культуры створаны 12 клубных фарміраванняў. Святы вёсак сёлета прайшлі ў Галаўлях, Малдуцях, Курпяшах, Гірыках, Раклевічах, Нарбутавічах.

У Раклевіцкай школе-садзе навучаюцца і выхоўваюцца 68 дзяцей.

Шмат увагі сельвыканкам надае забеспячэнню бяспекі адзінокіх жыхароў сельсавета: дапамагае рамантаваць пячны абагрэў, электраправодку, забяспечваць палівам, медыцынскаю дапамогаю, устанаўліваць АПА. Штогод праводзіцца камісійнае абследаванне жылля адзінокіх грамадзян.

Яшчэ адзін вялікі клопат сельвыканкама — добраўпарадкаванне тэрыторыі паселішчаў. Сёлета зроблена нямала. Упарадкавана тэрыторыя каля фермы ў Апаліне-Басіне, рэкультывавана пляцоўка для складвання цвёрдых бытавых адходаў у Галаўлях, добраўпарадкавана тэрыторыя каля помніка загінулым землякам у Засецці. Знесены пабудовы і выдалены дрэвы, кусты на пакінутых сядзібах, зямельныя ўчасткі далучаны да севаабароту ў Яцвезі, Пацаўшчыне, Вянсках, Апаліне-Басіне, Засецці (2 участкі), Сіратаўшчыне (2 участкі). Ва ўсіх паселішчах летам падкошвалі расліннасць, высякалі кусты каля нежылых дамоў.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 7 помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, адно воінскае пахаванне, 11 могілак. 6 могілак агароджаны, 8 — знаходзяцца ў лесе. Летась абгарадзілі могілкі ў Вянсках, сёлета — часткова ў Галаўлях. Сёлета на ўсіх могілках абсталяваны пляцоўкі для складвання смецця з трохбаковаю агароджаю. 3 усіх могілак вывезена смецце. Для ачысткі 6 могілак былі арганізаваны суботнікі. Дапамаглі высекчы кустоўе і выдаліць аварыйныя дрэвы СВК "Русь-Агра" і лясгас.

3 жыхарамі 20 паселішчаў заключаны дагаворы на цэнтралізаваны вываз смецця транспартам ЖКГ. Заключэнне дагавораў будзе прадоўжана ў наступным годзе — у Пацаўшчыне, Труханавічах, Вянсках.

32 кіламетры вуліц паселішчаў знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ. Праблемаў з расчысткай вуліц ад снегу практычна не было. Але летам узбочыны абкошваліся дрэнна. Не перададзены на абслугоўванне ЖКГ вуліцы аграгарадка Раклевічы.

У сельсавеце ёсць 169 незаселеных хат. На 149 маюцца паведамленні, што іх будуць выкарыстоўваць летам. 2 хаты аднесены да катэгорыі апусцелых. Статус яшчэ 18 пакуль не вызначаны, сельвыканкам шукае нашчадкаў былых гаспадароў.

Усяго знесены 90 апусцелых сядзібаў, сёлета — 8. Зносіць дапамагае СВК. Частка фундаментаў пасля зносу пабудоваў яшчэ не выдалена, складзены графік іх выдалення. Сёлета сельвыканкам выкарыстаў для зносу апусцелых сядзібаў 29 мільёнаў рублёў, частка работ выканана за кошт СВК і ПМС. Да севаабароту далучаны 6,9 гектара зямлі, 3,7 гектара — у 2015 годзе.

Сельвыканкам актыўна супрацоўнічае з СВК "Русь-Агра", кіраўнікамі іншых арганізацый на тэрыторыі сельсавета, мясцовымі дэпутатамі, старастамі, актывістамі.

Удзельнікі Дня Дзятлаўскага сельсавета азнаёміліся з работай па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета, пабылі на ферме ў Апаліне-Басіне, на могілках у Галаўлях.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў пазнаёміў прысутных з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Дзятлаўскага сельсавета. Рэспандэнты адзначылі, што работа сельвыканкама палепшылася. A найбольшай праблемай апытаныя лічаць перабоі з падачай вады. Яшчэ былі адзначаны недастаткова дагледжаныя дарогі і нястача дактароў-спецыялістаў у раённай паліклініцы.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі ўхвальна адзначыў, што ў Дзятлаўскім сельсавеце шмат зроблена і многа робіцца для належнага ўтрымання тэрыторыі. А задача пра навядзенне парадку на зямлі застаецца актуальней для ўсіх сельсаветаў раёна і на 2016 год.

Першы намеснік старшыні райвыканкама А. Гросс падзякаваў старшыням сельскіх Саветаў раёна за актыўную падрыхтоўку да абласных "Дажынак" і звярнуў увагу прысутных на тое, каб ніводзін сельскі жыхар не быў пакінуты паза ўвагай у будні і ў святы.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/