ДЗЕНЬ ДЗЯТЛАЎСКАГА СЕЛЬСАВЕТА



Мерапрыемства з парадкам дня “Работа Дзятлаўскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні тэрыторыі населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Дзятлаўскім сельскім савеце 16 ліпеня.

У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні і сакратары сельскіх і пасялковых выканкамаў, ідэалагічныя работнікі СВК, кіраўнікі шэрагу раённых службаў.

Плошча Дзятлаўскага сельскага Савета складае 239 квадратных кіламетраў. На тэрыторыі сельсвета маюцца 32 паселішчы, 1145 гаспадарак, жывуць 2185 чалавек. З гэтай колькасці 1209 (55 працэнтаў) – працаздольныя, 760 (35 працэнтаў) – пенсіянеры, 217 (17,6 працэнта) – дзеці і падлеткі. Сярод жыхароў сельсавета 85 адзінокіх грамадзян, 726 жывуць адзінока, 1 удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Апошняя рэарганізацыя Дзятлаўскага сельскага Савета адбылася 1 кастрычніка 2007 года: у склад сельсавета ўключаены 10 паселішчаў, якія мясціліся на тэрыторыі былога СВК “Багатая Ніва”.

Цяпер у сельсавеце 3 буйныя паселішчы: аграгарадок Раклевічы насяляюць 437 чалавек, вёска Апаліна-Басіна мае 238 жыхароў, вёска Засецце – 250. У 5 паселішчах (Запашка, Каменка, Муляры, Рэпішча, Тарасавічы) жывуць менш, чым па 10 чалавек. У Сіратаўшчыне ніхто не жыве.

Вытворча-сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць СВК “Русь-Агра”, аддзяленне паштовай сувязі, 8 магазінаў райспажыўтаварства, 1 прыватны магазін, комплексна-прыёмны пункт службы быту, Раклевіцкая базавая школа, Раклевіцкі дом культуры і бібліятэка, 2 фельчарска-акушэрскія пункты, Нарбутавіцкі дом сацыяльных паслуг.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць Раклевіцкі і Норцавіцкі ФАПы, раённая паліклініка, Наваельнянская пасялковая паліклініка, Міроўшчынскі ФАП. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абследаванне адзінокіх людзей, аказваюць ім належную медыцынскую дапамогу. Нараканняў на работу ФАПаў ад жыхароў сельсавета няма.

Гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва займаюцца 8 стацыянарных магазінаў райспажыўтаварыства і 1 магазін індывідуальнага прадпрымальніка ў Апаліна-Басіне. У паселішчы без стацыянарных магазінаў па графіку прыязджае аўталаўка.

Аддзяленне паштовай сувязі аграгарадка Раклевічы, акрамя традыцыйных паслуг, аказвае дадатковыя паслугі. Праз паштальёнаў можна набыць і заказаць любы тавар масавага попыту. Сёлета аб’ём дадатковых паслуг склаў 56 мільёнаў рублёў, з гэтай колькасці на 48 мільёнаў аказана паслуг пажылым людзям.

Ва ўстановах культуры, што месцяцца на тэрыторыі сельсавета, створана 12 клубных фарміраванняў. На працягу года праводзіліся мерапрыемствы (тэматычныя вечарыны, “агеньчыкі”, абрадавыя ўрачыстасці, святы вёсак) для рознаўзроставых катэгорый вяскоўцаў.

У Раклевіцкай школе-садзе навучаюцца і выхоўваюцца 75 дзяцей і падлеткаў.

Шмат увагі сельвыканкам і мясцовыя арганізацыі надаюць добраўпарадкаванню паселішчаў. Летась вялікі аб’ём работ быў выкананы ў аграгарадку Раклевічы да раённага свята “Дажынкі”: адрамантаваны Дом культуры, ФАП, паштовае аддзяленне, КПП службы быту, абноўлены фасады шэрагу будынкаў, упарадкаваны парк, выкапана сажалка.

Сёлета практычна ва ўсіх паселішчах сельсавета было высечана кустоўе і падкошаны вуліцы, падворкі нежылых хат. Штомесяц больш пільную ўвагу надаём парадкаванню 1-2 паселішчаў, могілак. Праблему абкошвання шмат аблегчыла спонсарская дапамога жыхара аграгарадка Раклевічы Віктара Віктаравіча Каско, які за 4,5 мільёна рублёў набыў мотакасу і перадаў яе для карыстання сельвыканкаму.

На тэрыторыі сельсавета ёсць 7 помнікаў воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і 1 воінскае пахаванне, маецца 12 могілак, догляд якіх даручаны мясцовым і раённым арганізацыям. На ўсіх могілках і каля помнікаў зроблена прыборка, вывезена смецце. На могілках у Баравіках і Раклевічах былі праведзены суботнікі. На гэтых могілках высечана кустоўе, выдалены 38 аварыйных дрэваў. Вялікую дапамогу ў парадкаванні могілак аказалі СВК “Русь-Агра” і Ахонаўскае лясніцтва.

Дагаворы на вываз смецця заключаны з жыхарамі 19 паселішчаў. 28 кіламетраў вуліц перададазены на абслугоўванне ДРБУ. Сёлета зроблена падсыпка вуліц у вёсках Плябанавічы, Муляры, Засецце. Пасля перадачы вуліц на абслугоўванне ДРБУ зімой праблемаў з падсыпкай і расчысткай вуліц зімой практычна не было.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 185 незаселеных хат. Сельвыканкам атрымаў 165 уведамленняў пра намер гаспадароў выкарыстоўваць хаты летам. Гаспадары 20 хат пакуль не выяўлены.

Усяго знесены 72 састарэлыя ненаселеныя хаты, сёлета – 4. Разборку будынкаў дапамагае выконваць мясцовы СВК. Сельгаспрадпрыемства нават купіла адну сядзібу на хутары ля вёскі Ятвезь, якая знаходзілася ў палях севаабароту для наступнага зносу. Частка фундаментаў разабраных будынкаў засталася на былых падворках, распрацаваны графік завяршэння гэтай работы. 3 фундаменты дапамог знесці СВК “Русь-Агра”, 3 – прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў, якое выконвала рэкультывацыю палёў каля вёскі Ятвезь.

Работа па парадкаванню паселішчаў прадаўжаецца.

Сельвыканкам актыўна супрацоўнічае з мясцовым СВК “Русь-Агра”, іншымі арганізацыямі і ўстановамі, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, знаходзіць іх разуменне і падтрымку пры вырашэнні разнастайных задач і праблем. Наладжана работа і з актывам сельсавета, дэпутатамі, старастамі вёсак.
Кіраўнікі рабочых груп паінфармавалі ўдзельнікаў Дня сельсавета пра свае ўражанні пасля агляду вёсак. Першы намеснік старшыні райвыканкама І. Зубко адзначыў, што буйная вёска Засецце дагледжана, абкошана. Крыху псуе агульнае станоўчае ўражанне адзін не знесены фундамент па вуліцы Кастрычніцкай. Падобнае ўражанне і ад Баравікоў. Вёска абкошана. Але выгляд псуе непрыбранае будаўнічае смецце каля двух дамоў. Некалькі дамоў не абкошаны ў Хадзяўлянах, тут трэба знесці і адзін фундамент. Дагледажана вёска Плябанавічы. У Рэпішчы зарэгістраваны ўсяго два жыхары, таму паселішча дагледжана горш, чым іншыя. Скаргаў на абслугоўванне ад жыхароў вёсак не было.

Намеснік старшыні райвыканкама А. Жыдко заўважыў, што ў вёсцы Навасёлкі і іншых, якія ён наведаў (Селівонкі, Галаўлі, Гірыкі, Раклевічы, Заполле, Курпяшы, Норцавічы, Пенчыцы), праведзена належная работа па добраўпарадкаванні, вёскі абкошаны. У Галаўлях пустуе будынак былога магазіна. Ёсць пустка і ў Навасёлках.
Намеснік старшыні райвыканкама П. Чырко зазначыў, што выгляд вёсак паступова паляпшаецца, прыкладзеныя намаганні для іх добраўпарадкавання не дарэмныя. Пётр Іванавіч падкрэсліў станоўчае ўражанне ад штодзённай працы старшыні сельвыканкама А. Маркушэўскага. Станоўчыя водклікі пра работу А. Маркушэўскага і старшыні мясцовага СВК “Русь-Агра” А. Караля чуў і ад жыхароў вёсак. Добрае ўражанне ад буйной вёскі Апаліна-Басіна падпсавала адна недагледжаная сядзіба. Праблемным застаецца будынак былога клуба у Ятвезі.

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А. Латушка таксама адзначыла станоўчыя водклікі жыхароў сельсавета пра работу А. Маркушэўскага і А. Караля. З ліку заўваг пра недаробкі ў добраўпарадкаванні, у прыватнасці – не абкошаныя прыдарожныя палосы ў Нарбутавічах, не абкошаная тэрыторыя вакол звалкі.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі падрахункаваў зробленае ў кожным сельскім Савеце па добраўпарадкаванні вёсак. Аляксандр Станіслававіч адзначыў, у прыватнасці, дагледжаныя дамы дачнікаў у Петрашах, упарадкаванне вёскі Дубраўка ў Парэцкім сельсавеце, вёскі Боркі ў Войневіцкім сельсавеце. Негатыўна выказаўся пра догляд Руды Яварскай – там не ўсё абкошана, заўвагі тычыліся тэрыторыі лазні, магазіна.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама М. Мацюкевіч паведаміў вынікі сацыялагічнага апытання жыхароў сельсавета. З ліку найбольш праблемных пытанняў – “цяжка трапіць на прыём у раённую паліклініку” (32 працэнты апытаных), “устарэлае абсталяванне ва ўстановах культуры” (26 працэнтаў), “слабы бібліятэчны фонд” (22 працэнты), “кепскае асвятленне вуліц” (24 працэнты), “дрэнны стан пад’язных дарог” (22 працэнты). Хвалюе апытаных, што ў вёсках мала моладзі (42 працэнты) і нізкі ўзровень культуры насельніцтва (24 працэнты).

Высока рэспандэнты ацанілі работу сельвыканкама: 82 працэнты апытаных адзначылі паляпшэнне яго работы, 56 працэнтаў заўважылі, што работнікі сельвыканкама тактоўныя і ветлівыя; добразычлівыя (38 працэнтаў), кампетэнтныя (38 працэнтаў), уважлівыя (20 працэнтаў). І ніводнага наракання на грубасць, фармалізм, абыякавасць.

Старшыня райвыканкама І. Крахмальчык падзякаваў старшыні сельвыканкама А. Маркушэўскаму і старшыні СВК “Русь-Агра” А. Каралю за клопаты пра добраўпарадкаванне. Зроблена шмат, асабліва ў Раклевічах. Наступнай задачай з’яўляецца захаванне зробленага, падтрыманне дасягнутага ўзроўню і набліжэнне да яго перыферыйных вёсак. Калі выявіць дастаткова настойлівасці, усё можна зрабіць і дагледзець.
Наступны Дзень сельскага Савета прызначаны ў Гезгалах.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/