ДЫМ НАД ВЁСКАЙ І ГОРАДАМ



У Беларусі адбыліся 138 пажараў з-за выпальвання сухой травы, у агні загінулі 2 чалавекі.

З мэтай папярэджання такіх надзвычайных сітуацый ратаўнікі праводзяць рэйды-праверкі. У Дзятлаўскім раёне мерапрыемства прайшло 12 сакавіка.
Пачаўся рэйд з выезду ў пасёлак Гезгалы: у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях са скаргай звярнуліся некалькі жыхароў гэтага населенага пункта. Іх суседка спальвала сухую расліннасць у небяспечнай блізкасці ад чужога дачнага ўчастка. На момант рэйду віноўніцы парушэння не было на ўчастку, былі апытаны сведкі яе небяспечных дзеянняў, за якія жанчына будзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці -- штрафу ад 130000 рублёў.
Заехаць у вёску Нагародавічы ратаўнікоў навялі "на думку" клубы чорнага дыму, якія былі заўважны з дарогі. Як высветлілася, гэта быў дым ад вогнішча, у якім пажылая жанчына з гэтай вёскі спальвала смецце. Вогнішча яна развяла за 5 метраў ад хлява. Улічваючы тое, што быў вецер, іскра, трапіўшы пад дах хлява, магла стаць прычынай пажару. Гэта і было растлумачана пенсіянерцы. У прысутнасці ратаўнікоў яна патушыла вогнішча. На першы раз за сваё парушэнне жанчына была папярэджана.

На адлегласці, меншай за 15 метраў ад гаспадарчай пабудовы, спальваў смецце яшчэ адзін жыхар Нагародавічаў. І гэта -- пры парывістым ветры. Мужчына на заўвагу ратаўнікоў зрэагаваў некарэктна, не ўсвядоміў, што сваімі дзеяннямі ён парушае правілы пажарнай бяспекі. За іх ігнараванне віноўнік заплаціць штраф у памеры 910 000 рублёў.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты і не працуючы нідзе жыхар Нагародавічаў. На ўчастку ля яго дома мінулагодняя сухая трава нявыкашана. У доме гаспадара на момант праверкі палілася печка, на якой ляжала вопратка, перад адчыненым топачнікам -- сухія дровы. Ля ложка -- попельніца з акуркамі.Акуркі і абгарэлыя запалкі ляжалі і на падлозе. Парушэнні пажарнай бяспекі відавочныя. На недапушчальнасць такіх парушэнняў у далейшым і было ўказана гаспадару. А цяпер ён павінен заплаціць штраф.

Рэйд па вёсках Погіры і Жукоўшчына фактаў спальвання сухой расліннасці і смецця паблізу ад гаспадарчых і жылых пабудоваў не высветліў. Затое 12 сакавіка такіх фактаў шмат было заўважана ў Дзятлаве. Па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ гарэла вогнічша непадалёку ад дома. А вось "прыглядвалі " за вогнішчам, месца якога не было абсталявана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, дзеці 5-7 гадоў. З іх бацькамі была праведзена прафілактычная гутарка. За парушэнні шматдзетная сям'я прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.

Спальванне сухой расліннасці і смецця было выяўлена па вуліцах Фрунзэ, Пішчуліна (тут быў праведзены інструктаж з жыхарамі вуліцы), Будаўнікоў. Па вуліцы Будаўнікоў увечары мужчына расклаў вогнішча між двума драўлянымі пабудовамі. Вышыня вогнішча дасягала 2-х метраў у вышыню, іскры ад яго ляцелі ў бок суседскіх пабудоваў. Як кажуць, каментарыі тут лішнія.

Заўвагі ратаўнікоў мужчына прыняў да ўвагі, тут жа патушыў вогнішча. За парушэнне ён аштрафаваны ў памеры трох базавых велічыняў.

Паважаныя жыхары горада і раёна! Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях яшчэ раз нагадвае: не парушайце правілаў пажарнай бяспекі, калі наводзіце парадак на сваіх прысядзібных тэрыторыях. Кожны павінен кіравацца не толькі адказнасцю за дапушчаныя парушэнні патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі, але і прадбачыць тыя наступствы гэтых дзеянняў, якія, як правіла прыводзяць да знішчэння або пашкоджання маёмасці, а часам і да гібелі людзей.

А. БЕЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС
А. ДУБРОЎСКАЯ, карэспандэнт газеты "Перамога"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/