ДОБРЫ ДЗЕНЬ, МЫ ВАШЫ ВУЧНІ, або Хронікі адной школы



Лес гэтай школы цікавы і няпросты: адзін будынак і дзве навучальныя установы. Сярэдняя школа №2 горада Дзятлава, так званая "беларуская школа", сёлета святкуе свой паўвекавы юбілей, а гімназія №1 толькі нядаўна перасягнула дзесяцігадовы рубеж. Але першая субота лютага штогод сцірае усе межы, збіраючы ў адной зале ўсіх. хто калісьці насіў званне "выпускнік". Вечар сустрэчы - самы час пачуць некалькі школьных гісторый.

Выпускнікі 1985 года СШ №2:
"Асаблівасць нашага класа была ў тым, што амаль усе яго вучні былі з навакольных вёсак. Таму і школьнае каханне ў нас было, толькі пакуль ідуць урокі. А пасля заняткаў - усе па хатах да наступнай раніцьі. Самае запамінальнае з тых часоў - гэта ўрокі фізкультуры, самы любімы наш прадмет. Тады ў школе яшчэ не было спартыўнай залы, і мы амаль увесь год займаліся на стадыёне: летам - бегалі, зімой - каталіся на лыжах (спартыўны інвентар захоўваўся там, дзе цяпер гаражы кінатэатра), а дзяўчаты актыўна гэтыя заняткі "сачкавалі". Самым вясёлым з аднакласнікаў быў Ігар Лашчэўскі, за свавольствы яму не раз даводзілася хавацца ад настаўнікаў па школе. Ён жа быў і самым умелым - нават пячаткі адліваў з металічных гаек".

Выпускніца 1990 года СШ №2 Таццяна Іода:
"Самы смешны і самы жахлівы ўспамін майго школьнага жыцця звязаны з аднакласнікам Сярожам Лупачам. Мы тады з класам ездзілі на бульбу ў калгас, і ён мне закінуў за каўнер жывую мыш. Як я тады бегала па полі! 3 тага часу вельмі баюся мышэй. Але сваіх аднакласнікаў мы вельмі любілі і бераглі, бо іх было толькі двое на ажно дваццаць дзве дзяўчынкі. Любімым настаўнікам ва ўсіх была Валянціна Рыгораўна Цішко, наш класны кіраўнік. Па панядзелкаху нас звычайна быў яе ўрок астраноміі, на якім мы амаль заўжды абмяркоўвалі ўсе надзённыя праблемы пасля выхадных.

Амаль усе ў нашым класе былі прыезджыя з вёсак, таму бывала замест першага ўрока мы ішлі з вакзала не ў школу, а ў кафэ-марожанае (цяпер гэта рэстаран "Ліпічанка") і прыходзілі толькі на другі ўрок з апраўданнем - аўтобус затрымаўся".

Пра выпуск 1995 года СШ №2 - настаўніца пачатковых класаў Лілія Іванаўна Мілейка:
"Сёлетадваццацігадовыя выпускнікі-юбіляры прыйшлі мяне запрашаць на вечар-сустрэчу як сваю першую настаўніцу. "Ну што, Лілія Іванаўна, пазнаяце нас?" - пытаюцца ў мяне. Мне і сарамнавата прызнацца, але ў гэтых высокіх прыгожых жанчынах і мужчынах вельмі цяжка пазнаць колішніх маленькіх вучняў пачатковых класаў.

За школьнае жыццё было вельмі шмат вясёлых запамінальных гісторый. Адна з іх - пра хлопчыка, які вельмі баяўся школы Два тыдні ён наведваў урокі разам з бабуляй, трымаўся за бабуліну спадніцу, не ўставаў на ўроку, як астатнія вучні. Разам вырашылі - хопіць бабулі хадзіць. А школьнік, застаўшыся адзін, так напалохаўся, што схаваўся ад мяне ў класе за дошкай. Прасядзеў так урок, а як на другі хацеў вылезці, я яму кажу: "Прасядзеў адзін урок, сядзі ўжо і астатнія. Або выходзь і будзь самастойным, як астатнія вучні". 3 таго дня ён пачаў наведваць урокі без бабулі. А цяпер вось вырас сур'ёзным чалавекам, у міліцыі працуе.

А яшчэ выпадак быў нядаўна. Ехала я цягніком з даволі цяжкой сумкай, і калі падымалася на прыступку вагона, да мяне звярнуўся вайсковец: "Лілія Іванаўна, давайце дапамагу". Занёс сумку ў вагон, прысеў побач, а я прыглядваюся і не пазнаю, хто гэта. А ён усміхаецца: "Хіба вы не помніце? Гэта ж я, Віцька, які так парушаў школьную дысцыпліну".

Выпускніца 2000 года СШ №2 Марына Шыкуць:
"Больш за ўсіх у старэйшых класах я сябравала з Таняй Пісецкай. Я добра ведала матэматыку, а яна - мовы, так мы і дапамагалі адна адной. У школе я старалася заўсёды весяліць аднакласнікаў, часам адрываючы іх ад заняткаў, заўсёды легка ішла на авантурьі. У кабінеце хіміі ёсць лабаранцкая, у якой не раз перад лабараторнай работай мае аднакласнікі прыўзнімалі шкло, а я ў джынсах прапаўзала туды па вынікі лабараторных нашых папярэдніх класаў, каб спісаць. Шкло трымалі цвічкі, на адным з якіх я сваё джынсы і парвала. Затое клас добра справіўся з лабараторнай работай".

Выпускнікі 2014 года гімназіі №1:
"У гімназіі ёсць такое правіла: кожную раніцу ў 8.15 усе вучні выходзяць у спартзалу на ранішнюю гімнастыку. Мы гэта правіла не вельмі любілі выконваць, і большасць дзяўчат хавалася пад партамі ў кабінеце фізікі. Аднойчы мы на гэтым "папаліся": сядзелі ціхенька, думаючы, што нас зусім не відаць, а настаўнік, які па нейкіх сваіх справах зайшоў у кабінет, па нагах, якія было відаць з-пад парты, "вылічыў" усіх прагульшчыц. Давялося надалей наведваць зарадку".

Запісала Н. СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/