РАМАНСА ГУКІ ЦУДОЎНЫЯ...
Лірычныя і патрыятычныя песні, рамансы -- уся гэтая музычная стыхія прысутнічае ў рэпертуары Тамары Ступак, вядомай самадзейнай артысткі Дзятлаўшчыны з непараўнальным, або як кажуць гледачы, "оперным" голасам.
Ён дастаўся Тамары ў спадчыну. Барытон быў у яе таты, а вось мама валодала цудоўным сапрана, спявала ў царкоўным хоры. Яе вакальны талент нават аднойчы быў адзначаны высокім духавенствам.
Спевы былі традыцыяй гэтай сям'і. У доме ў выкананні бацькоў гучалі старынныя рамансы. Калі падрасла, Тамара спявала разам з бацькамі. Такім чынам, з дзяцінства яна пазнаёмілася з песняй, якая напоўнена сэнсам і добрымі словамі і якая цяпер складае аснову яе рэпертуара.
Жыла сям'я, у якой, акрамя Тамары, было яшчэ двое дзяцей, на хутары Пад'яварка. Прыгажосць прыроды, песні птушак, рэха -- усё гэта акружала будучую спявачку з дзяцінства, засталося ў памяці назаўжды, навучыла цаніць прыгажосць.
Вучылася будучая артыстка ў сярэдняй школе №1 г. Дзятлава. Спачатку Тамара жыла на кватэры разам са старэйшай сястрой Ларысай, якая працавала на пошце. Потым сястра пераехала ў суседні раён, Тамара жыла на кватэры ў чужых людзей. У выхадныя да яе прыязджалі родныя. У старэйшых класах яна ўжо сама выбіралася наведаць іх.
На раённую сцэну будучая спявачка ўпершыню выйшла ў сямігадовым узросце. На канцэрце, прымеркаваным да аднаго з дзяржаўных святаў, яна выканала песню "Сонечны круг".
Песенны талент і падштурхнуў Тамару звязаць далейшае жыццё са сцэнай: пасля школы яна стала студэнткай Гродзенскага вучылішча мастацтваў, атрымала спецыяльнасць дырыжора хору. Наступным важным этапам яе прафесійнага шляху стала вучоба ў кансерваторыі ў Мінску пад кіраўніцтвам Тамары Мікалаеўны Ніжнікавай. Аднак з-за сямейных абставінаў, з-за таго, што цяжка захварэў бацька, Тамара Ступак вымушана была спыніць навучанне, вярнуцца дахаты.
ГАСТРОЛІ Ў ЛЮКСЕМБУРГУ
Значная частка жыцця Тамары Ступак звязана з раённым метадычным цэнтрам народнай творчасці. Тут яна пачынала працаваць метадыстам. А да гэтага некалькі гадоў па размеркаванні пасля Гродзенскага вучылішча мастацтваў працавала ў Ваўкавыску. У гэты час як салістка калектыву, які існаваў пры адным з прадпрыемстваў гэтага горада, яна выступіла ў Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве.
Увогуле, за гады сваёй творчай дзейнасці Тамара Андрэўна прыняла ўдзел у шэрагу канцэртаў, мерапрыемстваў, у тым ліку і ўсесаюзнага ўзроўню. Двойчы яна станавілася лаўрэатам усесаюзнага конкурсу самадзейнай народнай творчасці. Некаторы час Тамара Андрэеўна была салісткай народнага акадэмічнага хору, кіравала якім Святлана Уладзіміраўна Мазырка.
У 1994 годзе Тамара Андрэеўна разам з калектывам самадзейных артыстаў, які складаўся з васьмі чалавек, выступіла перад гасцямі з Люксембургу, якія наведвалі Дзятлаўшчыну. Пасля канцэрту адзін з прадстаўнікоў дэлегацыі -- звалі яго Ніко -- запрасіў Тамару Андрэеўну прыехаць з выступленнямі ў Люксембург.
-- Разам са мной, -- узгадвае Тамара Андрэеўна, -- у Люксембург паехалі Святлана і Дзмітрый Мазыркі, іх дачка, мой сын Андрэй, які на той час якраз скончыў Мінскі каледж мастацтваў, Аксана Шэіна, Васіль Шыцько, Ірына Дарафейчык. Яна была перакладчыцай.
У Люксембургу мы былі восем дзён, далі многа канцэртаў.
У дзень -- па некалькі. Толькі стомленасці не адчувалі. Магчыма, з-за таго, што гледачы прымалі нас з радасцю, віталі шчырымі апладысментамі. Канцэртную праграму, з якой мы выступалі, склалі два аддзяленні -- акадэмічнае і народнае. Такім чынам, гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з песенным багаццем беларускай і рускай народнай культуры.
КІРАЎНІК НАРОДНАГА ХОРУ
Многія гады Тамара Ступак кіравала народным хорам "Ветэраны ў страі". Менавіта з ёй хор атрымаў званне народнага.
-- Мы шмат гастралявалі з гэтым калектывам, -- расказвае Тамара Андрэеўна. -- Выступалі ў Воранаве, Ваўкавыску, Гродне, Карэлічах. Незабыўнай /застанецца паездка ў Мінск, дзе на мерапрыемствах да дня Вялікай Перамогі мы прадстаўлялі Гродзенскую вобласць.
Менавіта ў гэты перыяд у творчасці Тамары Андрэеўны як кіраўніка і як салісткі калектыву ў поўную моц загучалі патрыятычныя песні, песні ваеннай тэматыкі. "Паклонімся вялікім тым гадам", "Балада аб маці", "Балада аб салдаце" -- усе яны вядомыя гледачу, любімыя ім.
-- Гэтыя песні кранаюць душу, -- адзначае Тамара Андрэеўна. -- Калі выконваю іх, заўсёды адчуваю ўнутранае хваляванне, стрымліваюся, каб не заплакаць.
Як выканаўца народных песняў Тамара Ступак рэалізавала сябе ў калектыве "Прымакі". З ім самадзейная артыстка з моманту ўтварэння народнага тэатра-студыі гульні. Тамара Андрэеўна працавала над аранжыроўкамі песняў для "Прымакоў", апрацоўкай нумароў, "раскладвала" песню на галасы. І цяпер яна таксама працягвае работу ў гэтым калектыве, які радуе сваіх гледачоў беларускай народнай песняй і музыкай.
ПЕСНЯ -- КРЫНІЦА ЭНЕРГІІ
-- Песня, творчасць -- яны непарыўна звязаны з маім жыццём, -- рахункуе Тамара Андрэеўна. -- Калі мне сумна, я думаю пра творчасць, пачынаю штосьці напяваць. Глядзіш -- і сум праходзіць.
Сёлета Тамара Андрэеўна адзначыла свой адметны юбілей, падрыхтавала канцэртную праграму да гэтай даты. Мерапрыемства прайшло ў Дзятлаўскім раённым доме культуры. У выкананні Тамары Ступак гучалі песні з рэпертуара Аляксандра Малініна, Сафіі Ратару. Як прызналася Тамара Андрэеўна, яна планавала падрыхтаваць і адно выступленне са сваім унукам Аляксандрам. Аднак з-за таго, што ён захварэў, планы давялося адкласці.
Сашу яшчэ пяць гадоў, тым не менш ён ужо любіць спяваць, бярэ прыклад са сваёй бабулі.
Разам яны спяваюць, калі Саша гасцюе ў Тамары Андрэеўны ў Дзятлаве. Асабліва яму падабаецца вядомая песня пра капітана.
Ёсць свае музычныя прыхільнасці і ў яго бабулі. Тамары Андрэеўне падабаецца слухаць музыку Рахманінава, Дунаеўскага, спяваць рамансы, пакладзеныя на іх музыку. Даспадобы самадзейнай артыстцы аперэта і опера. І тут выклікае захапленне майстэрства Ганны Нятрэбка -- вядомай сёння опернай прымы, а таксама Дзмітрыя Хварастоўскага.
Калі ж казаць пра іншыя густы Тамары Андрэеўны, то гэта -- захапленне прыродай.
-- Яна прыгожая, -- кажа жанчына,-- незалежна ад пары года. У кожнай пары свая чароўнасць, нават і ў зімы. Люблю я і восень за яе багацце фарбаў, за яе сумную прыгажосць, якая прымушае паразважаць і панастальгіраваць.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/