Дажынкі - 2011



Экстэр'ерам-аздобаю святкавання раённых "Дажынак-2011" у амфітэатры санаторыя "Радон" сталі "падворкі" сельгасвытворчых кааператываў, Дзятлаўскага раённага дома рамёстваў, гандлёвыя палаткі Дзятлаўскага райспажыўтаварыства, сыраробнага завода.

Да афармлення пляцовак гаспадары падышлі творча: падворкі былі дэкаратыўна аформлены, што надало ім утульнасць і гасціннасць. Завітаўшы ў гэты сялянскі гарадок, госці свята маглі паслухаць выступленні фальклорных калектываў, паспрабаваць прысмакі беларускай кухні — дранікі, блінцы, выпечку, набыць тавар, паўдзельнічаць у гульнях і конкурсах.

Так, на пляцоўцы СВК "Белагурна" размясцілася кадка з сюрпрызамі. Атрымаць іх было магчыма толькі ведаючы беларускія прымаўкі, умеючы адгадваць загадкі. Іх прапаноўвала гаспадыня падворка — дырэктар Белагурнаўскага сельскага дома культуры Святлана Рыгораўна Венская. Акрамя сюрпрызаў з кадкі, на гэтым падворку можна было набыць і вырабы Леаніда Паўлавіча Хаванскага — майстра разьбы па дрэве. А вось дэкаратыўныя дрэвы, кветкі з бісеру, пано з салёнага цеста прапаноўваў Дзятлаўскі раённы дом рамёстваў.

На падворак СВК "Войневічы", які спецыялізуецца на вырошчванні лёну, гасцінна запрашала льняная баба. На свята яна "прыехала" на льняным кані, які пасля дарогі "адпачываў" на падворку. Тут жа "пасліся" дэкаратыўныя гусі. А ў хаце "палілася" печ, у якой "пякліся" дранікі — іх маглі пакаштаваць усе жадаючыя.

Завітаўшы на пляцоўку СВК "Вензавец", госці свята спрабавалі духмяны і карысны для здароўя чай з зёлак — ліпавы, мелісавы, чарнічны, мятны, сунічны. Тут можна было набыць каравай. Аўтар гэтых кулінарных шэдэўраў — загадчыца сталовай СВК "Вензавец" Раіса Леанідаўна Мілейка.

Гуляючы па гарадку, жадаючыя маглі паспрабаваць духмянага мёду з СВК "Русь-Агра", вады з жыватворнай крыніцы, сакавітых яблыкаў новага ўраджаю, якія прапаноўваў СВК "Жукоўшчына". Попытам карысталася мясная прадукцыя СВК "Слава працы". А вось на падворку СВК "Дварэц-Агра" ў час свята вырасла дрэва ўрадлівасці з агароднінаю і грашовымі дарамі завітаўшых сюды гасцей. Многія з іх фатаграфаваліся з гарбузова-капуснымі "жаніхом і нявестай". Фантазія стварае дзівосы.

На кожнай з пляцовак было шумна і весела, гучалі найгрышы баяна, задорныя народныя беларускія песні. А юнае пакаленне назірала за дзеяй мюзікла "Каляровыя сны Эколь", які дэманстравалі артысты тэатральнай студыі "Дасканалы свет".

А. ДУБРОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/