Даверце думкі паперы



Захапленне паэтычным словам у Ніны Львоўны Шарапавай, жыхаркі Наваельні, уэнікла яшчэ ў дзяцінстве. У школьныя гады, якія прайшлі на Свіслаччыне, быў напісаны першы верш. Магчыма, любоў да слова і паўплывала на выбар будучай прафесіі — настаўніцы мовы.

Педагагічны стаж Ніны Львоўны складае 37 гадоў. Яна выкладала рускую і беларускую мовы ў Наваельнянскай сярэдняй школе, дзесяць гадоў працавала намеснікам дырэктара.

Сама — апантаны аматар паэзіі, яна і дзецям прывівала любоў да гэтага жанру, вучыла пісаць вершы. Разам са сваімі вучнямі выпускала насценную газету "Літаратурныя ветразі".

Цяпер Ніна Львоўна — на заслужаным адпачынку. Але жыццё школы па-ранейшаму блізкае ёй, гэтая тэма знаходзіць адлюстраванне і ў вершах.

Рака ўтвараецца са жвавых ручаінак,
Гара — з маленькіх друзачак сівых,
Настаўнік — з добрых успамінаў
Ужо дарослых школьнікаў сваіх.

А любоў да паэтычнага слова Ніне Львоўне прывіла яе бабуля Марына, выпускніца Іванаўскага пансіянату шляхетных дзяўчат. Бабуліны казкі, песні засталіся ў памяці назаўсёды. Цяпер ўжо Ніна Львоўна расказвае іх свайму ўнуку Глебу.

Тым не менш, маючы рускія карані, Ніна Львоўна адчула і любоў да беларускай мовы, якая стала для яе па-сапраўднаму родная. "Беларуская мова — вельмі прыгожая, — гаворыць мая суразмоўца. — У ёй столькі цудоўных, пяшчотных, мілагучных словаў. Толькі ўслухайцеся, як гучаць яны: "зорачка", "журавін-ка". Нібы крынічка льецца".

3 задавальненнем Ніна Львоўна чытае беларускую літаратуру. Сярод любімых аўтараў — Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. 3 рускіх класікаў перавагу аддае творчасці Пушкіна, Вазнясенскага, Раждзественскага. 3 жаночай лірыкі падабаюцца ёй вершы Ганны Ахматавай. А вось у творчасці Марыны Цвятаевай, як лічыць мая суразмоўца, шмат незразумелага.

На жаль, жаночае шчасце ў Ніны Львоўны не было працяглае. Мінулі дзевяць гадоў, як яна страціла мужа. Сваё выратаванне ад адзіноты і суму жанчына знайшла менавіта ў паэзіі. Падштурхнуў да гэтага і прачытаны ў часопісе артыкул "Даверце свае думкі паперы". Боль і горыч, роспач, сум, адзінота — усе гэтыя пачуцці знаходзяць адбітак у вершаваных радках. Прысут-нічаюць у іх і тэма Радзімы, пейзажныя замалёўкі. Ёсць і водгукі на сучаснасць.

Паэзія стала захапленнем, імпульсам душы і для дачкі Ніны Львоўны — Святланы Уладзіміраўны Спасюк. Яна таксама, як і мама, абрала прафесію педагога, выкладае рускую мову ў Наваельнянскай сярэдняй школе. На гэтай мове піша і свае вершы.

Здольнасць да паэтычнай творчасці мае і старэйшы ўнук Ніны Львоўны — Ігар, цяпер студэнт ВНУ. А вось унучка Аляксандра спрабуе сябе ў прозе.

Глеб — самы малодшы з чатырох унукаў Ніны Львоўны, ён пакуль яшчэ наведвае дзіцячы садок. Свет ведаў дапамагае адкрываць яму і бабуля: вучыць яго матэматыцы, чытае кнігі. А яшчэ Глеб разам з бабуляй любіць катацца на веласіпедзе.

— Задумваючыся над жыццём, азіраючыся назад, некаторыя людзі жадаюць штосьці змяніць, абраць іншую дарогу, — гаворыць Ніна Львоўна. — Я нічога ў жыцці не мяняла б. Калі магчыма было вярнуць час назад, я зноў абрала б прафесію настаўніка. Паколькі ў іншай справе я сябе проста не ўяўляю.

...Час немагчыма спыніць. Немагчыма раку жыцця накіраваць у іншае русла. Яна бяжыць толькі наперад, прыносячы новыя сустрэчы, дасягненні. Хапіла б толькі часу ўсё гэта ажыццявіць.

А.ДУБРОЎСКАЯ
"Перамога", №86

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/