Даследчык, вучоны, паэт



22 ліпеня сваё 75-годдзе адзначыў вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі літаратуразнаўца, крытык, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі.

Нарадзіўся ён у 1936 годзе ў маляўнічым кутку Дзятлаўшчыны на беразе ракі Ятранка ў вёсцы Рабкі. Паходзіў з беднай сялянскай сям'і. У 1938 годзе яго бацькі пераехалі ў Навагрудак, але яшчэ каля дзесяці гадоў кожнае лета будучы вучоны праводзіў у вясковых сваякоў: пасвіў жывёлу, працаваў у полі.

Вучыўся ў Навагрудскай СШ №1. Дзякуючы выкладчыку беларускай мовы і літаратуры С. X. Александровічу, ён упершыню пазнаёміўся з многімі рэдкімі заходнебеларускімі выданнямі, пачуў невядомыя імёны забароненых у той час пісьменнікаў і вучоных, навучыўся разумець беларускае мастацкае слова.

У 1958 годзе Вячаслаў Антонавіч скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам Слабадской сямігадовай школы Вілейскага раёна, інспектарам аддзела народнай асветы Маладзечненскага раёна. У 1965 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю "Беларускія летапісы як помнікі літаратуры". Яна выйшла асобнай кнігай у 1969 годзе і атрымала шырокі водгук у нашай краіне і за мяжой як першая на беларускай мове праца пра гісторыю летапіснага жанру ў Беларусі. 3 1965 года працуе ў Інстытуце літаратуры, з 1969 года - старшы навуковы супрацоўнік, з 1991 года ўзначальвае аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры.

Першая спроба пяра В. Чамярыцкага адносіцца да пачатку 1950-х гадоў. Гэта былі вершы аб роднай прыродзе, Радзіме. У 1952 годзе ў навагрудскай раённай газеце "Новае жыццё" быў надрукаваны яго першы верш "На лыжах". Усяго апублікаваў у мясцовым і рэспубліканскім друку каля 20 вершаў. Яго творчаму росту спрыяла не толькі тое, што дзяцінства і юнацтва прайшлі ў паэтычных мясцінах Навагрудчыны, на радзіме А. Міцкевіча, але і знаёмства і сяброўства з беларускімі пісьменнікамі. Гэта вызначыла галоўны кірунак будучых літаратуразнаўчых інтарэсаў. 3 1959 года В. Чамярыцкі актыўна выступае ў друку з рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі, публіцыстычнымі, навукова-папулярнымі артыкуламі - пераважна пра творчасць маладых беларускіх паэтаў. Пазней захапіўся старажытнай беларускай літаратурай і гісторыяй.

Вячаслаў Антонавіч унёс значны уклад у вывучэнне беларускага летапісання, стварыў яго першую навуковую гісторыю. Ён падрыхтаваў да друку і ўпершыню апублікаваў каштоўны помнік беларускага пісьменства XVII - XVIII стагоддзяў - "Магілёўскую хроніку". Чамярыцкі ўдзельнічаў у стварэнні першай навуковай гісторыі беларускай літаратуры, у напісанні "Гісторыі сусветнай літаратуры". Як скарыназнаўца, В. Чамярыцкі напісаў у суаўтарстве навукова-папулярны нарыс пра Ф. Скарыну, які быў выдадзены ЮНЕСКА ў 1979-1980-х гадах у Парыжы на фрацузскай і англійскай мовах.

За плённы ўдзел у стварэнні цыкла навуковых прац "Скарына і беларуская культура" В. Чамярыцкі быў адзначаны ў 1994 годзе Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі.

Шмат сіл і намаганняў прыклаў і аддае цяпер вучоны падрыхтоўцы, рэдагаванню і рэцэнзаванню навуковых прац, папулярызацыі і прапагандзе нацыянальнай пісьмовай спадчыны, выхаванню маладой змены. Ён падрыхтаваў каля 200 навуковых публікацый, змясціў больш за 300 артыкулаў у розных энцыклапедычных выданнях, выступаў з дакладамі на шматлікіх з'ездах, кангрэсах, канферэнцыях, чытаннях, у тым ліку за межамі нашай краіны.

За вялікі ўклад у развіццё беларускай навукі і культуры В. Чамярыцкі ўзнагароджаны медалём Ф. Скарыны, граматамі прэзідыума НАН Беларусі.

Вячаслаў Антонавіч праводзіць значную навукова-асветніцкую работу, аказвае пасільную дапамогу сярэдняй і вышэйшай школе нашай краіны ў падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў, падручнікаў і праграм.

Ён кансультаваў і дапамагаў ствараць Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, дапамагае Навагрудскаму і Дзятлаўскаму гісторыка-краязнаўчым музеям у папаўненні фондаў неабходнай літаратурай.

Шматгранная і пленная даследчыцкая, навуковая і культурна-асветніцкая дзейнасць вучонага спрыяе развіццю беларускага літаратуразнаўства, падымае яго навуковы ўзровень і аўтарытэт, садзейнічае нацыянальна-духоўнаму сталенню беларускага грамадства.

Д. ХАРОШКА, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/