Дарога жыцця для дваіх



Ёсць даты важныя, значныя, адметныя, якія праходзяцьу жыцці, пакідаючы ў ім свой след. Ёсць жа лёсавызначальныя падзеі, якія мяняюць усё жыццё, становяцца яго асновай. Для Леаніда Вікенцьевіча
і Леанілы Вікенцьеўны гэта дзень, калі назвалі адзін аднаго мужам і жонкай, калі розныя лёсы людскія спляліся ў адну долю на дваіх. Сёлета мінула 60 гадоў часам нялёгкага, але заўжды шчаслівага сямейнага жыцця ў паразуменні і згодзе. У народзе такі юбілей завецца брыльянтавым вяселлем.

За гэты час стужку жыцця зноўку маладых Леаніда і Леанілы ўпрыгожыла мноства самых дарагіх дыяментаў — іх дзёці, унукі, праўнукі, россып яскравых і радасных дзён.

— Шумныя святы ўжо не для нас, — кажа Леаніла Вікенцьеўна. — Гады бяруць сваё, ды і здароўе ўжо не тое. Залатое вяселле калісьці адзначалі шумна, а цяпер, на брыльянтавае, сабраліся самыя блізкія, прыехалі дзеці з унукамі. Ехалі дахаты з бацькамі на сустрэчу з Калугі, Баранавічаў, Мінска. Невялікі ўтульны пакойчык ледзь змясціў самых родных і блізкіх гасцей: за гэты час, на радасць юбіляраў, сям'я іх моцна пашырылася, падраслі ўжо ўнукі, нават з'явіліся праўнукі.

— Часта наведваюць нас дзеці, клапоцяцца пра здароўе, дапамагаюць, даглядаюць, як могуць, наш сталы век, — з цеплынёй і гонарам расказвае Леаніла Вікенцьеўна. — А ўсё адно з нецярпеннем чакаем іх, любых нашых, у бацькоўскім доме. Выбачайце на хвіліначку, развітаемся да сустрэчы — і ўсё, як было, раскажам.

Дзеці паехалі, паабяцаўшы ў хуткім часе быць зноў, а бацькі сталі згадваць мінулае, быццам развязалі важкі мех успамінаў, якімі, як найвялікшым багаццем, хочацца падзяліцца з людзьмі.

... У 1951-м годзе Леанід Вікенцьевіч вяртаўся са службы, з далёкай пасляваеннай Германіі. Хтосьці з аднагодкаў даўно ўжо быў дома, хтосьці нават меў сям'ю. А ён толькі прыбыў у Дзятлава, каб стаць на вайсковы ўлік. Сустрэў даўняга сябра, які, быццам па сакрэце, падзяліўся: "Ёсць у Дзятлаве вельмі добрая дзяўчына. Пазнаёмлю цябе з ёй. Сам, каб не быў жанаты, не абышоў бы такі скарб увагай". На той час Леаніла Вікенцьеўна працавала прадаўцом у газетным кіёску. Усмешлівая, ветлівая, добразычлівая, яна старалася дагадзіць усім і парадаваць кожнага, хто зазірне па свежую прэсу. Такой яе і запомніў муж з першай сустрэчы:
— Яна мне ўсміхнулася, я ёй усміхнуўся — і пайшло каханне, якому ўжо 60 гадоў.

... Праз колькі часу згулялі вяселле. Маці Леанілы, якая сама выгадавала шасцярых дзяцей, хацела кожнаму з іх даць добры пачатак новага сямейнага жыцця. "Калі два вяселлі разам — нехта з маладажонаў шчасця не будзе мець", — перадавала яна народную мудрасць. Таму і дочцы, і сыну, якія браліся шлюбам у той самы год, зладзілі вяселле асобна. Гэта было ўрачыстае, але небагатае па тым часе свята, на якое прыйшлі толькі самыя блізкія.

— На залатое вяселле, праз 50 год, сабралася больш людзей, — усміхаецца юбіляр, згадваючы той шчаслівы дзень.

... I пачалося сямейнае жыццё. У ладзе ды згодзе, праз падтрымку адзін аднаго ішлі маладыя па ім.

— Наша жыццё — казка. Якую мы пісалі сваімі рукамі, — часта паўтараюць юбіляры.

Таму і пісалі гэту казку паступова, не хапаючы зорак з неба, у штодзённых руплівых клопатах. Леаніда Вікенцьевіча чакала праца ў аддзеле статыстыкі, а для гэтага трэба было атрымаць адукацыю. Ен паспяхова паступіў у Мінскі інстытут народней гаспадаркі, а жонка была яму апорай і падтрымкай, даглядала за домам, працавала, выхоўвала дзяцей ды збірала мужа на вучобу.

— Усяк бывала, — успамінае Леаніла Вікенцьеўна. — Часам здаралася, што і сродкаў, каб ехаць, не было. Тады я прасіла на працы крыху раней выдаць мне заробак, каб выправіць Леаніда на вучобу. Людзі разумелі, ішлі насустрач.

Навуку не давялося насіць за плячыма. 41 год Леанід Вікенцьевіч паспяхова адпрацаваў у раённым аддзеле статыстыкі, і большасць з гэтага — узначальваў яго. Работа адбірала нямала часу, але і ён стараўся дапамагаць жонцы: чакаў яе дома пасля доўгага працоўнага дня з прыгатаванай сваімі рукамі вячэрай, падтрымліваў, як мог...

Выгадавалі і адпусцілі ў людзі сваіх дзяцей, здавалася б, можна і адпачываць. Але гэта не для сям'і Іванашкаў. Колькі сілаў ставала, дапамагалі ім і пазней. Калі ў дачкі нарадзілася дзіця, тая хацела пакінуць пасляўніверсітэцкую адукацыю ды выхоўваць малое. "Трэба вучыцца абавязкова", — настаялі бацькі. I Леаніла Вікенцьеўна кожны тыдзень ездзіла ў Мінск глядзець унучку, а на выхадныя вярталася дахаты.

— Нейк спраўляліся, — успамінае Леаніла Вікенцьеўна. — Жылі літаральна на торбах, у пераездах. А за дом я была спакойная, бо мой Леанід тут сам усё рабіў, сам спраўляўся. Вы можаце сабе ўявіць, ён, начальнік, уставаў рана-раненька, каб управіцца па гаспадарцы, а потым ішоў на працу, а часам і ехаў у далёкую камандзіроўку.

... Дзе лад ды згода ў сям'і, дзе ўзаемная шчырая любоў, там і Божае благаславенне адводзіць ад людзей усе няшчасці ды беды.

— Сэрца болем сцінаецца, як падумаю, што магло не быць ужо майго Леаніда на гэтым свеце. Ды Бог адвёў бяду, добрыя людзі ў час дапамаглі.

Леанід Вікенцьевіч тады толькі выпісаўся з бальніцы, спяшаўся на працу. I па дарозе туды прыхапіла сэрца, страціў прытомнасць. Проста цуд, што на тую пару праходзілі побач людзі, пазналі яго, даставілі дахаты. Адвезлі яго ў бальніцу, як потым аказалася — у час паспелі: урачы паставілі на ногі хворага, вярнулі да жыцця. Ды і сёння участковая тэрапеўт Наталля Іванаўна Жых не мінае хаты Іванашкаў — здароўе Леаніда Вікенцьевіча ў яе на асобым кантролі.

Як кволыя птушаняты пад клапатлівым матуліным крылом вырастаюць, атрымліваюць жыццёвую навуку і адлятаюць у свет, так і дзеці Леаніда і Леанілы Іванашкаў выраслі дастойнымі людзьмі, атрымалі вышэйшую адукацыю і знайшлі сваё месца ў жыцці. Старэйшы сын Леанід — у Калузе, другі, Міхаіл — у Баранавічах, сын Анатоль і малодшая дачка Галіна — у Мінску. Яны - гонар і радасць бацькоў. Зноў і зноў юбіляры звяртаюць размову да сваіх дзяцей:

— Чаму ж радавацца на схіле гадоў, калі не поспехам сваіх дзяцей і ўнукаў? Заўжды выхоўвалі іх у любові і строгасці, вучылі, каб паважалі людзей, каб нават ягадку-драбніцу з чужога саду не бралі. Ды і не складана было: дзеці паслухмяныя раслі, стараліся нам дапамагаць. Ды і цяпер яны нам апора — разам з нявесткамі ды зяцем, якія таксама сталі роднымі для нас. Няма лепшага падарунка ў юбілей, чым бачыць, якімі сталі нашы дзеці, як жывуць дружна, ганарыцца імі, усведамляць, што жывем не дарма на гэтым свеце. Бо шчасце дзяцей — гэта шчасце бацькоў.

Кожная старонка сямейнай біяграфіі беражліва захоўваецца ў яе застылых сведках — фотаздымках. У альбомах, на сценах у рамках, у скрынках — родныя твары і радасныя моманты жыцця.

— Не ўсе, праўда, тут,— заўважае Леаніла Вікенцьеўна. — Пакінула, мабыць, альбом ва ўнучкі, бо сёлета ездзіла да яе на вяселле, павіншаваць, перадаць наша з Леанідам благаславенне. Вунь яны якія шчаслівыя на вясельным здымку. А вось гэта гожая дзяўчына — наша ўнучка Надзея. Далека яна, аж у Германіі вучыцца. Ды ўсё адно не забываецца на нас, то вестачку праз бацькоў перадасць, а то і сама завітае.

Так і жывуць свой век Леанід і Леаніла Іванашкі, кахаюць адзін аднаго, падтрымліваюць усе гэтыя 60 год і ў будні, і ў святы. Леаніла Вікенцьеўна нязменна суправаджае Леаніда Вікенцьевіча на парад, прысвечаны Дню Перамогі, перажывае разам з мужам яго радасць. Колькі год таму, згадвае яна, нават віншаванне са святам прамаўляла яму і саслужыўцам. Як і раней, ладам вядуць хатнюю гаспадарку, даглядаюць дом. I чакаюць сваіх любых, родных, самых дарагіх людзей — сваіх дзяцей і ўнукаў.

— Часта нас наведваюць дзеці, — кажа Леанід Вікенцьевіч. — Дачка з Мінска дык увогуле амаль кожны тыдзень у нас. Для нас радасць і ўцеха бачыць сваіх блізкіх, адчуваць іх клопат і дапамогу. Нават зяцю свайму я кожны раз абяцаю трымацца, мацавацца да наступнага іх прыезду да нас. I падтрымліваць Леанілу — маю любую жонку і спадарожніцу на ўсё жыццё.

Н. АВЯРЧУК

_____________________________________________________________________________________________________
Прекраснейшая итальянская мебель фирмы silik может украсить самый изысканный дворец. Если вы хотите привнести роскошь в свой интерьер, то стоит обратить внимание именно на мебель этой фирмы. Она не просто чудесно выполненная, она великолепное произведение дизайнерской мысли!

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/