ДАПАМОГА ДЛЯ "ПРАМЕНЬЧЫКА"



Да Дня інвалідаў заставалася больш за тыдзень, а наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ўжо чакалі гасцей з Мінска. Клуб праваслаўных міліцыянераў арганізаваў свой чарговы дабрачынны візіт на Дзятлаўшчыну, каб аказаць спонсарскую дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

На гэты раз прадстаўнікі клуба Сяргей Ярахавец і яго сябар Аляксандр даставілі ў Дзятлава і падарылі "Праменьчыку" канапу, два мяккія крэслы, велатрэнажор і піяніна.

-- Нам заўжды прыемна сустракацца з такімі людзьмі. Яны праўдзівыя і адкрытыя, хутка ідуць на кантакт, -- зазначыў Сяргей. -- Мы ўжо другі раз у "Праменьчыку", і пра нас тут не забыліся.
Загадчыца аддзялення Таццяна Нікіпорчык і яе падапечныя шчыра падзякавалі гасцям за падарункі і запрасілі іх прыняць ўдзел у малебне аб здароўі, які адслужыў у актавай зале Цэнтра пратаіерэй айцец Мікалай, благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель храма Прэабражэння Гасподня ў Дзятлаве.

Пасля малебна святар гасцінна запрасіў праваслаўных міліцыянераў наведаць дзятлаўскую царкву. Сяргей і Аляксандр з задавальненнем прынялі гэтую прапанову, бо ў Дзятлаве яны ўжо чацвёрты раз, а пабыць у храме пакуль не даводзілася. Айцец Мікалай правёў невялікую экскурсію па царкве, расказаў гасцям гісторыю яе стварэння, паказаў новы храм, які будуецца побач, а на развітанне -- благаславіў на шчаслівую дарогу.

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/