Д. КУПРЫЯНОВІЧ: "ЖАДАЮ, КАБ РАБОТА БЫЛА Ў РАДАСЦЬ"



Гэта служба - адна з найстарэйшых у Беларусі. Першыя дакументальныя сведчанні пра дзяржаўныя зямельныя акты, якія называліся ездакамі, адносяцца да 1398 года. Ужо тады беларусы мералі зямлю і займаліся складаннем карт.

I толькі ў 1997 годзе, пасля мноства рэформаў і пераўтварэнняў, землеўпарадкавальная і картографа-геадэзічная службы былі аб'яднаны ў адну. Чым сёння займаецца землеўпарадкавальная служба Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, карэспандэнтка "Перамогі" пацікавілася ў яе начальніка Дзяніса Купрыяновіча.

- Дзяніс Валер'евіч, якія функцыі выконвае сучасная землеўпарадкавальная служба?
- Кажучы ўвогуле, мы робім усё, што звязана з зямлёй. Гэта прадастаўленне зямельных участкаў грамадзянам і таварыствам для вядзення гаспадаркі, будаўніцтва, садаводства; ажыццяўляем дзяржаўны кантроль за аховай і выкарыстаннем земляў; вядзём улік тэрыторый раёна.

- Якімі землямі багата Дзятлаўшчына?
- Найбольш - ляснымі, гэта амаль 47% агульнай плошчы раёна, сельскагаспадарчыя землі складаюць 41%, населеныя пункты - 5%, прамысловасць - 0,06%, чыгунка і аўтадарогі - адпаведна 0,1% і 0,9%.

- Чым вас прывабіла землеўпарадкавальная служба і дзе атрымлівалі прафесію?
- Тата параіў гэту прафесію як добрую і надзейную, і я да яго прыслухаўся. Раней вывучыцца па спецыяльнасці “землеўпарадкаванне" можна было ў чатырох навучальных установах, цяпер іх толькі дзве - Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. У свой час я атрымліваў вышэйшую адукацыю па землеўпарадкаванні ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

- Яшчэ крыху больш за дзясятак гадоў гаму работнікаўслужбы можна было ўбачыць з драўлянымі цыркулямі-землямерамі, заспець за складаннем папяровых карт. Якімі прыладамі карыстаецеся сёння?
- Сёння на “ўзбраенні” землеўпарадкавальнай службы геадэзічныя рулеткі і камп'ютар, у якім складаюцца схемы і карты любой складанасці, а таксама у анлайн-рэжыме адлюстроўваюцца ўсе тэрытарыяльныя перамены ў раёне.

- Ці здараліся ў вашай працы неардынарныя, цікавыя сітуацыі?
- Амаль штодня. Мабыць, тым праца мне і падабаецца, што яна неаднастайная: тут і з зямлёй, і з картамі, і з людзьмі даводзіцца працаваць. Аднойчы, напрыклад, мне давялося даказваць, што я - гэта я. Выехалі з камісіяй па заяве ў населены пункт устанаўліваць межы зямельнага участка, дзе гаспадар дома са словамі "Мне аўтарытэтны чалавек параіў так..." паказвае паперку, на якой мае прозвішча, толькі з памылкай, і мой рабочы нумар тэлефона. "Дык гэта ж я", - кажу. А мне: “Не, не вы”. Давялося даставаць пашпарт і пацвярджаць відавочнае.

- Ці ёсць нейкія прымхі, традыцыі ў вашай службе?
- Мы больш верым у лічбы і факты. Гэтым і кіруемся, калі разбіраем не такія рэдкія, на жаль, зямельныя спрэчкі паміж жыхарамі раёна. Як паказвае мой уласны вопыт, практычна ў 90% выпадкаў скардзіцца менавіта той, хто не мае рацыі.

-Xто сёння працуё ў землеўпарадкавальнай службе раёна? Якія адносіны склаліся ў вашым калектыве?
- Яшчэ колькі часу таму за кожным сельскім выканкамам быў замацаваны свой спецыяліст. Цяпер мы ўсе знаходзімся ў райцэнтры і па меры неабходнасці выязджаем на месца. Сёння ў нас працуюць самы вопытны і заслужены (23 гады стажу) намеснік начальніка службы М.В. Яраш; галоўныя спецыялісты В.П. Ерамейчык, Д.В.Залеўскі, С.Я.Жук, Л.А. Мацюкевіч, В.В. Сарачынскі. У калектыве гадамі склаліся здаровыя працоўныя ўзаемаадносіны, а па-за працай усе мы - сапраўдныя сябры.

- Чаго пажадаеце калегам у свята?
- Найперш - спакойнай стабільнай працы кожны дзень, паменш неабгрунтаваных скаргаў, здароўя - як фізічнага, так і маральнага. Каб работа заўжды была ў радасць.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/