ЧЫТАЕМ НА РОДНАЙ МОВЕ



Дзіцячая чытацкая аўдыторыя асаблівая. Дзеці заўсёды чакаюць штосьці незвычайнае. Таму, каб лепш данесці да іх нацыянальную культуру, бібліятэка знаходзіцца ў пошуку новых формаў і метадаў масавай работы.

Сёлетнім летам у Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы прайшоў конкурс водгукаў чытачоў "Лепшая беларуская кніга". Юныя чытачы дзяліліся ўражаннямі аб кнігах Леаніда Дранько-Майсюка, Міхася Пазнякова, Яўгена Хвалея, Уладзіміра Ліпскага. Кнігі гэтых пісьменнікаў атрымалі найбольшую колькасць чытацкіх водгукаў.

Цяпер дзіцячая бібліятэка мае значны кніжны фонд беларускіх выданняў. У ліку іх -- зборнік "Маладзічок", выпушчаны выдавецтвам "Мастацкая літаратура". Зборнік складаецца з дванаццаці раздзелаў, якія маюць назвы месяцаў года. У выданні сабрана шмат твораў самых розных жанраў, розных аўтараў. Сярод іх -- Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Віталь Вітка, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Клышка і многа іншых паэтаў, празаікаў.

З празаічных казак, змешчаных у кнізе Анатоля Зэкава "Зязюля-Гулюля", дзеці даведаюцца шмат цікавага аб жыцці птушак, звяроў: чаму птушкі не сівеюць, аб чым сойка крычыць, адкуль з'явіліся кветкі і шэраг іншых цікавых фактаў.

Цікавасць у юных чытачоў выклікае і кніга Віктара Кудлачова "Сонца ранак падарыла". Аўтар гэтай кніжкі нарадзіўся на Магілёўшчыне. У незабыўны майскі дзень, калі людзі радаваліся святу Перамогі, дзевяцігадовы хлопчык падарваўся на варожай міне і назаўсёды страціў зрок. Не бачачы сонца, Віктар Кудлачоў навучыўся глядзець на свет душой і сэрцам.

Апрача вершаў у кніжцы змешчаны празаічныя абразкі, смяшынкі, загадкі.
Паэт Уладзімір Мацвеенка выдаў для дзяцей кнігу "Староначкі з моўнай скарбоначкі". Тут змешчаны вершы, казкі, скорагаворкі, каламбуры, загадкі і шэраг іншых цікавых для чытання матэрыялаў.

Т. БАРЫСАВЕЦ, загадчыца Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/