“ЧЫСТЫ ЛЕС”: ПАДВОДЗІМ ВЫНІКІ АКЦЫІ



10-12 кастрычніка ў Дзятлаўскім раёне прайшла добраахвотная акцыя "Чысты лес". Сёлета яе дэвіз – "Захоўваючы лес, мы захоўваем будучыню".

Акцыя прайшла на базе ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас" і заклікала садзейнічаць навядзенню парадку ў лясных масівах, добраўпарадкаванню лясных тэрыторый, прыцягнула ўвагу грамадскасці да неабходнасці ашчадна ставіцца да нашых лясоў.

За перыяд правядзення добраахвотнай акцыі ў ёй прынялі ўдзел 274 валанцёры.

Яны ажыццявілі санітарную ачыстку лясоў ад смецця на плошчы 29 гектараў на тэрыторыі ўсіх 9 лясніцтваў ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас". Было сабрана і вывезена больш за 36 кубічных метраў смецця ў спецыяльныя месцы для яго складзіравання.

Асаблівая ўвага ў час правядзення добраахвотнай акцыі надавалася таксама ачыстцы лясных тэрыторый, прылеглых да дзеючых месцаў адпачынку. Удзельнікі акцыі выканалі значны аб'ём работ па рамонце і аднаўленні некаторых малых архітэктурных формаў у месцах адпачынку.

Было праведзена ўпарадкаванне і ачыстка тэрыторый наяўных дэндрапаркаў у Вензавецкім, Гезгалаўскім і Дзям'янаўскім лясніцтвах.

Актыўны ўдзел у добраахвотнай акцыі "Чысты лес" прынялі вучні Вензавецкай, Лявонавіцкай, Казлоўшчынскай, Хвінявіцкай, Наваельнянскай, Дварэцкай, Рудаяварскай і іншых школ, а таксама прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, некаторых пасялковых, сельскіх выканаўчых камітэтаў, грамадскіх арганізацый раёна. Найбольш актыўныя ўдзельнікі добраахвотнай акцыі "Чысты лес" атрымалі сувенірную прадукцыю з лагатыпам ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас". Акрамя таго, работнікі дзяржаўнай лясной аховы правялі гутаркі з удзельнікамі добраахвотнай акцыі, дзе вызначылі мэты і задачы праведзенага мерапрыемства, падкрэслілі неабходнасць ашчадна ставіцца да лясных багаццяў.

І. СКВАРЧЫНСКІ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/