“ЧОРНАЯ ВОСЕНЬ”



З першага дня восень неаднаразова характарызавала сябе як самы небяспечны перыяд. У 2012 годзе 1 верасня на скрыжаванні каля вёскі Чэпелева Слонімскага раёна адбылося сутыкненне аўтапоезда “Вольва" з легкавым аўтамабілем “Рэно”, які выехаў на галоўную дарогу. У выніку дарожна-транспартнага здарэння вадзіцель загінуў, а яго жонку, сына і ўнука шпіталізавалі. Летась таксама ў першы дзень восені каля вёскі Прыгодзічы “Фальксваген” насмерць збіў юнака, які перабягаў дарогу.

Не стаў выключэннем і гэты год. Каля васьмі гадзін раніцы 1 верасня ў вёсцы Вялікае Сяло Свіслацкага раёна бяроза “спыніла" страціўшую кіраванне машыну “Аўдзі". Дваццацігадовы вадзіцель набыў напярэдадні здарэння аўтамабіль, які нават не паспеў на сябе аформіць. Той раніцаю з родным братам ехалі на працу, раптам на гравійцы аўтамабіль стала заносіць, у левым кювеце ён урэзаўся ў дрэва. Вадзіцель памёр на месцы аварыі, яго брат быў шпіталізаваны.

Сёлета надвор'е на пачатку верасня выдалася цёплае і камфортнае. Між тым, не трэба забываць, што верасень — асенні месяц, якому ўжо ўласцівыя недахоп сонечнага святла і пахмурныя раніцы.

Небяспекі восеньскай дарогі
Дождж і туман

У дождж дарога ператвараецца ў слізкі лінолеум, а калі яна яшчэ і нядаўна пакладзена, то і ў сапраўдную коўзанку. Таму, нават калі своечасова націснуць на педаль тормазу, машына не паспее затармазіць і пракоціцца далей па інэрцыі. Пры высокай хуткасці аўтамабіля ў сырое надвор'е існуе небяспека выклікаць “аквапланіраванне", з-за якога можна наогул страціць кантроль над аўто. Памятайце, што вялікагрузныя транспартныя сродкі ў сукупнасці з дажджом ствараюць на дарогах глыбокія каляіны, трапіўшы ў якія, непрыемнасцяў не абярэшся. Абочыны становяцца бруднымі і слізкімі — пры заездзе на іх не выключены занос машыны.

Пры руху ў тумане раім вадзіцелям адмовіцца ад лішніх перастраенняў, абгонаў. Важна ўлічваць, што туман прыглушвае адлегласць, таму мэтазгодна павялічыць звычайную дыстанцыю, знізіць хуткасць. Варта пазбягаць раптоўных тармажэнняў: пры неабходнасці спынення аўтамабіля хуткасць трэба зніжаць плаўна, абавязкова некалькі разоў націснуць на педаль тормазу, тым самым падаўшы папераджальны сігнал вадзіцелям аўтамабіляў, якія рухаюцца следам.

У мглісты час не забывайце пра такое прыстасаванне, як супрацьтуманныя фары і заднія супрацьтуманныя ліхтары, але, калі няма неабходнасці, то выключайце іх, паколькі яны моцна слепяць іншых вадзіцеляў пры звычайнай бачнасці.

Мокрае дарожнае пакрыццё

Hi ў якім разе не тармазіце і не змяняйце накірунак руху на мокрай дарозе. Спачатку трэба плауна скінуць газ і зменшыць хуткасць без выкарыстання тармазоў, і толькі пасля таго, як пярэднія колы ўвойдуць у счапленне з дарогай, выканайце манеўр. Змяншайце хуткасць перад лужынамі не толькі таму, што пырскі з брудам, трапіўшы на ветравое шкло, пагоршаць бачнасць ці "заклеяць" элементы сістэмы запальвання, але і таму, што пад вадой могуць аказацца ямы. Акрамя таго, вада, трапляючы ў тармазныя барабаны і на калодкі, моцна змяншае эфектыўнасць тармажэння. Пры руху ў шчыльным патоку аўтамабіляў асабліва не набліжайцеся да машыны, якая едзе наперадзе.
Пры моцным дажджы не з'язджайце на абочыну без цвёрдага пакрыцця, як бы бяскрыўдна яна ні выглядала. Ёсць і яшчэ адна непрыемнасць — апалае лісце. Гнаць па такой дарозе небяспечна, асабліва калі лісце мокрае, паколькі дарога становіцца “мыльнай”.

Нябачныя пешаходы

Увосень скарачаецца працягласць светлавога дня. Дождж і туман канчаткова пагаршаюць сітуацыю. Людзі пераважна апранаюцца ў вопратку цёмных колераў. I калі пешаход пераходзіць дарогу ўжо ў змярканні, то вадзіцель яго можа заўважыць у самы апошні момант.

Яшчэ горш тое, што, апрануўшыся цяплей, надзеўшы каптур, пешаход сам можа несвоечасова заўважыць набліжэнне аўтамабіля. Таму быць асабліва пільнымі неабходна як вадзіцелям, так і пешым удзельнікам руху. Па статыстыцы, прыкладна шэсцьдзясят працэнтаў пешаходаў, якія гінуць на дарозе, гінуць менавіта восенню.

Варта будзе тут нагадаць пра святлоадлюстроўваючыя элементы (флікеры), якімі павінны быць абазначаны як пешаходы, так і веласіпедысты для руху ў цёмны час сутак.

Дзеці на дарозе

3 пачаткам навучальнага года на дарогах з'явілася шмат школьнікаў, адпаведна, павялічыўся рост колькасці аварый з удзелам дзяцей. Для таго, каб яны былі прыкметныя на дарогах, бацькам варта купляць дзіцячую вопратку і абутак са святлоадлюстроўваючымі элементамі. Акрамя гэтага, у продажы з'явіліся цацкі-флікеры, якія можна павесіць на ранец школьніка. Вадзіцелям варта быць асабліва акуратнымі з дзецьмі, якія пераходзяць дарогу, таму што яны за лета адвыклі ад гарадскіх дарог. Памятайце, лепш прапусціць дзіця, нават калі яно пераходзіць дарогу ў неналежным месцы.

А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/