Частка V. ("Чужая бацькаўшчына")



V

Бацьку свайго Імполь не помніў. Расказвала маці, што бацька быў рослы, кучаравы — ён, Імполь, і крошкі па ім падабраў. Толькі бацька ганьбу невялікую меў: на правай руцэ не хватала двух пальцаў — аджавала трыбаю сячкарні. Праз гэтае калецтва яго і ў войска не ўзялі, таму жаніліся яны з мацераю ў той год, як пачалася вайна. Людзі якраз у бежанства ўцякалі, спярша здалёк, недзе з-пад Сувалак, — мазуры ўсё. А на другі год, калі фронт падышоў бліжай, ускораўшы пажаць толькі жыта, выправілася ў дарогу іхняя вёска.

Але за вёрст дваццаць ад дому, ужо ў лесе, бежанцаў насціг фронт: ззаду стралялі з гарматаў, нібы хто грукаў вялікімі дзвярмі, аж дрыжала і прыгіналася ўсё. Звар'яцелыя ад страху людзі сталі падганяць коней, фурманкі збіліся, заторыўшы дарогу. Ламаліся наладаваныя збожжам ды розным пажыткам вазы, ірвучы гужы, наравіліся спуджаныя коні. Падняўся гвалт, крык. Рыкалі напрывязваныя да драбінак каровы, выскачыўшы з вазоў, ляцелі на злом галавы авечкі, плакалі, адбіўшыся ад мацярок, дзеці.
Засцігнутыя гэтай нечаканай стралянінай, не ведаючы, куды дзецца, людзі пачалі варочацца дадому — найболей з малымі дзецьмі і старыя.

А маладзейшых страх гнаў далей, у гэтую невядомую прорву свету: гаварылі ўсе, што немцы гвалцяць дзяўчат, адразаюць ім грудзі.

Выбраўшыся з лесу і апярэджваючы адзін аднаго, бежанцы ехалі полем, дратуючы няспелы, яшчэ сівы авёс, лапушыстыя картоплі і белую, звінючую ад пчол грэчку. Над дарогаю вісеў, асядаючы ў збожжы, едкі, сухі пыл.

Быў канец жніўня — стаяла пякучая, астатняя перад восенню гарачыня. Не ўставала, падбіўшыся хадою, быдла. Дух забіваў саладжавы смурод. Яго нясло ад спруцянелай, раздутай, як горы, скаціны. Яе ніхто не закопваў Укінуўся мор, паміралі людзі — пры дарогах аставаліся свежыя капцы магілак з тонкімі, высечанымі наспех сырымі крыжыкамі.

Змучаныя, знэнджаныя дарогаю людзі сцякаліся ў Мінск — тут іх ужо садзілі на поезд. У вагоне і разрашылася Імполева маці — нарадзіўся Платон, старэйшы Імполеў брат.

Бежанцаў прывязлі за Самару, у нейкі чужы, якога яны дагэтуль не чулі, горад Бугуруслан. Усё там было нязвыклае — людзі, іхняя гутарка і нават адзежа: кабеты насілі сплеценыя ў поясе з доўгіх, у розны колер, аборак спадніцы.

Імполеў бацька рабіў на чыгунцы, «лячыў», перавязваючы дротам, старыя, патрэсканыя шпалы. Новых не хватала — ішла вайна, потым пачалася рэвалюцыя. Імполеў бацька ўсё гэтаксама «лячыў» шпалы — чыгунка патрэбна была ўсім.

Тут, якраз у гэту калатэчу, і знайшоўся Імполь. Праз год-два ўсё ўляглося, але настаў голад. Дажджу не было з самае вясны. Першы раз захмурылася на Ілью, але дождж толькі папырскаў зямлю, запахла горкім пылам, як пахне жалеза, і з хмары пасыпаліся чэрві — сівыя, з чорнымі галоўкамі, валасні. Яны кішэлі, скручваючыся ў клубок і прытка паднімаючы свае чорныя галоўкі.

Трэскалася зямля — уваткнеш у шчыліну кіёк, і ён ідзе — як на той свет. На дрэвах, скручваючыся ў трубку, сохла зялёнае лісце. Як у напаленай печы, яно не паспявала зжоўкнуць.

Бежанцы хлынулі назад, дадому — у той год якраз скончылася вайна і каля Мінска ўстала новая граніца.
Імполю быдта ў сне помніцца вагон, шырокія дашчаныя нары — іхняя сям'я варочалася дадому. Яму тады браўся трэці год. Далей ужо ведаў з таго, што расказвала маці, калі ён падрос.

Ехалі доўга — поезд гадзінамі стаяў сярод поля з чорнымі, выгаранымі адхонамі каля чыгункі, там, дзе на сухую, як порах, траву ўпала з паравоза іскра. У жаўтаватым высокім дыме, нібы ў хмарах, хавалася слепаватае сонца — гарэлі лясы. Расцягнуўшыся бясконцым шнуром, ляцела чырвоная кабылка — саранча.
3 вагонаў на доўгіх, мусіць, знарок зробленых дзеля гэтага, насілках выносілі нябожчыкаў — бежанцы пухлі і паміралі ад голаду.

Перад самаю граніцаю, ужо ў Мінску, вынеслі з поезда Імполевага бацьку — ён захварэў на гішпанку, у яго была гарачка.

Ужо адсюль, з Польшчы, маці падавала на розыск. 3-за граніцы ў Дубатоўкі прыходзіла папера, што весцяў пра бацьку няма. Але ёй не верылася. Завязаўшы ў белую, выцвілую хустку паўкапы яец, яна хадзіла за блізкі свет у нейкую вёску да варажбіткі, і колькі тая ні варажыла — каля чырвонага караля заўсёды стаяла чорная карта — смерць.

Бацька так і не знайшоўся.

Маці, выплакаўшы сваё гора, асталася з імі двума.

Але адною бяда не ходзіць: старэйшы бацькаў брат не аддаваў зямлю — ён з бацькам быў не аднае мацеры. Толькі пасталеўшы, Імполь разабраўся, што да чаго. Імполеў дзед быў прымак — прыйшоў ён у Дубатоўкі на чужое. Кінуўшы пры грудзях дзіця, без пары памерла першая дзедава жонка — жаніўся ён другі раз, браў таксама ўдаву. Ад яе і быў Імполеў бацька. Права на спадчыну ён не меў.
Маці, выбіўшыся са здароўя, усё ж адсудзіла два гектары нішчымнага пяску.

Але хіба з іх пражывеш? I маці хадзіла прызарабляць — летам жала ў асадніка-ўдаўца, што мо знарок наймаў збедаваную па мужчыну маладзіцу, восенню бегала ў сушню, што была пры тартаку

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/