Частка IV. ("Чужая бацькаўшчына")



IV

Сяло збіралася ў Корсакаў. Збіраліся ўжо не адзін год: спярша, як удома была Алеся, а потым, калі яна выйшла замуж, падняўся Міця, ці Змітрык, як казалі на яго ў вёсцы, — і хата ў Корсакаў па-ранейшаму не зачынялася ні ў святні, ні ў будні дзень.

Раніцаю, укінуўшы на дзень скаціне і не чакаючы, покуль зварыцца снеданне, яшчэ нашча, прыходзіў хто-небудзь з мужчын. Прыходзіў паслухаць, што робіцца на свеце, — Міця выпісваў газеты, найболып усё беларускія, з Вільні.

Іншы селявік прыходзіў так сабе, абы пагаварыць, бо дома ўсё змалочана, астаўся хіба толькі лубін, што ляжыць пад застрэшкам ці ў палувенцы, лускаючы перасохлымі струкамі, але з ім пачакаецца да вясны, а цяпер няма чаго рабіць, як пасядзець на сяле. I ён прыходзіў да Корсакаў. Не расшпільваючы кажуха, не скідаючы шапкі, садзіўся на парозе і гаварыў то да Міці, што мянціў аб вузкую папругу брытву, падвярнуўшы ў рубашцы каўнер і расшпіліўшы грудзіну, — збіраўся галіцца, то да маладое гаспадыні, што стаяла каля печы, падважвала вілачнікам чыгуны, і ў яе на твары, на грудзях, на голых да локцяў і пруткіх руках трапяталася чырвань ад агню. Гэта была тая самая прысадзістая дзеўка, што некаторага дня прыбягала да Алесі пазычыць газы. Прыходзілася яна Алесі і Міцю стрыечнаю сястрою, і звалі яе Хрысця.

Узялася яна тут у Верасаве яшчэ з жніва: падмеўся яе гадаваць ці то ўзяў за наймічку стары Улас Корсак у яго сястры, што была замужам за дваццаць вёрст адсюль, памёр мужык, а ў хаце тры дачкі, адна пад адну, — сястра і аддала меншую з іх, Хрысцю. Корсак дакляраваў, што адпіша гектар.

Аўдавеў Улас Корсак даўно, але браць у хату новую гаспадыню не хацеў ужо дзеўкаю была Алеся
— яна абмывала і абшывала мужчын. I ўсё было добра, покуль удома сядзела Алеся, а выйшла замуж
— адразу перавярнулася гаспадарка — нідзе парадку няма: ні ў полі, ні ў хаце. I Корсак узяў гадаванку.

А Хрысця спрытная кругом была — і да гуляў, і да работы, і хараством удалася: валасы густыя, рудаватыя, твар чысты, белы, нос дробны і рот свежы, як у дзіцяці. Іншаму маладому мужчыну быў інтарэс як бы няўзнак паглядзець ды пагаварыць з маладою дзеўкаю. I ён сядзеў да тае пары, покуль не прыбягала жонка і, стукнуўшы ў акно, крычала глуха з надворка:
— Снедаць ідзі, каб ты карчом сеў!

Селявік нехаця, упіраючыся рукамі ў калені, уставаў з парога, гаварыў, што вот жонка гудзе, як калаўротак, што пасядзець не дасць, і браўся за клямку.

Управіўшыся дома, перад полуднем збіраліся дзяўчаты: прыносілі абвязаныя хусткамі прасніцы з тоўстаю кудзеляю — іхнія калаўроткі стаялі ў Корсакавай хаце яшчэ з учарашняе раніцы. Але прадзіва не было — дзень перад калядамі малы, як у зайца хвост, а на шарай гадзіне прыходзілі хлопцы, падсаджваліся да кудзельніц, неўпрыкметку скідалі з калаўроткаў шнуры, адбіралі лёгкія і голыя яшчэ верацёны, а як з куткоў вылазіў і блытаўся пад нагамі рэдзенькім растрэсеным пачассем мяккі поцемак, бралі каторую за рукі і цягнулі за пліту на ложак. У хаце стаяў сыты рогат даволь-ных хлопцаў і востры, тонкі крык дзявок.

Чэз, наліваўся слепатою сіні вечар, у хаце гусла, хоць ты бяры яе навобмацак, цемната. Ужо было не пазнаць у твар чалавека, хіба толькі па росце, калі ён устане, ці па носе, калі ён паверне яго напроці акна. Ружаватым агнём пыхкалі і тлелі папяросы. Дзяўчаты сядзелі без работы, паставіўшы ў кут прасніцы і пазатыкаўшы за кудзелю верацёны, і з імі ўжо дзеразаваліся хлопцы.

У хаце яшчэ ўсё не запальвалі лямпу. Ціш мяша-лася з цемнатою. I толькі чуваць было, як некаторыя з дзявок паціхеньку прасіліся ў хлопца:
— Ах, божа, пусці! Ці чуеш, пусці...

А потым, ліпка прыстаўшы, ляснула рука, мусіць, па чужой.
— Каб ты не даждаў! — раптам закляла і падхапілася з ложка дзеўка.

Але вось нехта шлупаўся ў сенях, вобмацкам шукаючы клямку, адчыняў дзверы і ставіў з прыходу вядро — поўнае, бо чуваць было, як глухавата дзынкнуў аб яго вочап.

— А чаму ж лямпу не запаліце? — спытаўся ў цемнаце і грукнуў, зачыняючы дзверы, стары Корсак. Ён ужо, мусіць, накарміў скаціну.

Аднекуль з кутка выйшла Хрысця. Напроці акна было відаць, што ў яе раскалмаціліся нізка падрэзаныя валасы. Падступіўшыся, зняла лямпу і панесла пад акно — выціраць закуранае шкло і падліваць газу.
Зарыпелі ложкі — дзеўкі церабіліся ў хлопцаў з рук.

Жмурачыся ад лямпы і кругом сябе абгладжваючы сукенкі, беглі да сваіх прасніц: брыдка ж прыйсці дахаты з пустою шпуляю ці голым верацяном.

Ізноў пачыналі рыпець панажы ў калаўротках, фыркалі, ганяючы вецер, шпулі, мігцелі колы, зноў круціліся, спадаючы да зямлі, верацёны, і белыя ад сліны і абшморганыя ніткай пальцы ўсё скублі і скублі, торгаючы, шары дым кудзелі.

Самым прыцемкам, разапрэлыя, з рагамі поту на шчоках, каля

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/