Частка I. ("Чужая бацькаўшчына")



I.

Быў лістапад, было святога Міхала — блізілася пара зімы, а ў гэты год стаяла цяпло. Павярнуўшыся з полудня, павільгатнеў вецер, памякчэла пад нагамі зямля, і крот стаў тачыць каля пустых, ужо зацягнутых, як раскаю, дробнаю макрыцаю градаў рудаватыя сырыя замежкі. У зацішку за хатамі, каля чорных голых яблыняў, на якіх яшчэ трымаўся дзе збуцвелы, але чырванаваты з аднаго боку яблык, віліся слупом, нейкія болыпыя ў гэту пару, камары.

Уночы завязваўся туман, асыпаючыся наранкі імжою: на мокрым зеленаватым галлі дрэў дрыжалі і наліваліся, як сляза на вейках, кроплі вады. Сярод дня пазірала белаватае сонца — туман разыходзіўся, падымаючыся жаўтаватымі, як дым ад сырога алешніку, хмарамі. Адкрываўся свет — белаватае, выпаласканае дажджамі ржышча за вёскаю, зялёная рунь на грудку, рудая і пухкая, як выхаджанае цеста, ралля, сівыя абымшэлыя каменні пры чэрствай пясчанай дарозе, што выдавалі здалёк авечкамі.
Праз рэдкае галлё пруткіх дрэў у вёсцы былі відаць каўпакі стрэх з зялёнымі пляйстрамі сырога моху, нечы не дакрыты яшчэ жоўтым, як воск, кулём хлевушок. На прывязаным уздоўж страхі тоўстым рублі стаяў мужчына, ляпаў шырокаю стрыхалкаю, падбіваючы густую шчотку саломы.

Учуўшы цяпло ў гразкіх, без гною, хлявах, рыкалі каровы, і нехта выпускаў сваю на зрудзелы прыгумень, каб выветрылася, а потым гнаў вуліцаю да вады, забягаючы наперад, лёгка ляпаў рукою па шыі, заварочваў да рэчкі. 3 вёскі было відно, як праз голы і карычняваты, нібы дзяркач, алешнік блішчыць настылым холадам вада.

Узяўшы за дзве полкі спадніцу і пераступіўшы калючы дрот, наўпрасты праз садок, дзе між радкоў карчыстых яблынь ляжалі на козлах накрытыя кажухамі яловай кары шарыя калоды вулляў, да рэчкі спускалася кабета з лазовым кошыкам у руцэ, з якога выпіраўся сіняваты авечы трыбух.
У чорным лісці пад вішнямі грабліся і ціўкалі, шукаючы яшчэ квактуху, цыбатыя, бясхвостыя байстручкі-кураняты, што вывеліся пад самую во-сень, недзе за хатаю, у дзіравым і сівым, нібы абсыпаным попелам, лопусе.

Вуліцаю ехала падвода — па пяску пруткімі вяршкамі шоргаў накіданы на воз малады алешнік. Перакідваючы лейцы і астаючыся ззаду воза, чалавек у суконным паўшубку з рудым цялячым каўняром кіраваў каня на брукаваны надворак — на гладкіх каменнях з грукатам падскоквалі колы.
За рэчкаю смяяліся бабы, варочаючыся з маладога, жаўтлявага пад зіму, хвойніку і несучы ў радзюжках кастрыцу — падкінуць на подсціл карове ці высыпаць на прызбу. Іхні тонкі голас і смех быў доўга чуваць, нават яшчэ з надворкаў, калі яны ўвайшлі ў вёску і па адной адлучаліся ад купы, заварочваючы кожная пад сваю хату.

Людзі ўпраўляліся да зімы. Мянялася квадра месяца — чакаліся халады. Трымаючы пад пахаю ўкручанае ў салявы мяшок шкло, па вёсцы хадзіў шкляр. За ім бегла і гаўкала, трасучы доўгімі вушмі, жоўтая з крываватымі лапамі сучачка. Шкляр ішоў, задраўшы голаў і высока паднімаючы ногі, як ходзяць сляпыя, і не азіраўся. Сучачка мінула колькі хат, пагаўкала, стоячы сярод вуліцы, і, вінавата ўгнуўшы голаў, пабегла назад.

Вёска сцішэла, толькі недзе далекавата, у другім канцы яе, быў чуваць цяжкі, тупаваты грукат цапа. I раптам зноў зайшлася ад брэху і клубком выкацілася на вуліцу аблавухая жоўтая сучачка.
У другой ад канца хаце ўжо ведалі, што ў вёску ідзе нехта чужы — пільная сучачка ніколі не брахала на тутэйшага чалавека.

— I каго ж гэта там нясе? — не вытрывала маж-ная, сытая, як ялавіца, маладзіца і, стаўшы каленам на лаву, глянула ў запацелае акно.

3 белаватае ад перацёртага жвіру шашы, што хавалася ў карычняватай навісі старых, карэлых бярэзін, на пясчаную чэрствую дарогу, у вёску, звярнулі двое мужчын. Адзін у кароткім белым ка-жусе з нявыдубленых аўчын, у чорнай, як граковае гняздо, авечай шапцы, другі — у суконным рудым паўшубку.

Той, што быў у паўшубку, выдаваў высокім і, як можна было пазнаць па лёгкай хадзе, маладым.

Мужчыны дайшлі да шарага, перакошанага ад старасці крыжа з белым новым ручніком, завязаным каля абразка, і завярнулі да першай, што глядзела на вуліцу адным кутным акном, хаты.

— Да Чадоў пайшлі, — зняла з лавы калена і пакруціла на клубах спадніцу сытая маладзіца.

— Мо швагір з Восава? — аказалася старая, седзячы на палку, што быў замест ложка, і трымаючы растапыранымі пальцамі цяжкі клубок пражы — у кошыку на зямлі круціўся высушаны ў печы і раз'еханы пачынак. Старая намотвала арэхавым юрком на клубок пражу. Каструбаватая нітка суха трашчала ў юрку.

— Чужыя саўсім людзі, — маладзіца адышлася ад акна і развязала пад барадою белую ў сінія валошкі хустку. — Духата, каб мы не пачадзелі, — і яна пацягнула за адзін ражок хустку, паказаўшы пышныя, пэўна наранкі вымытыя, цёмна-русявыя валасы, скручаныя на патыліцы ў тоўстую куклу.

У хаце стаяла парная гарачыня — на стале і на лавах астывалі накрытыя чыстымі ручнікамі гарачыя боханы хлеба. Ад іх пахла гаркаватаю падпаленаю скарынкаю і кляновым лісцем. У хаце, густа запацеўшы, плакалі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/