ЧАС НАВОДЗІЦЬ ЧЫСЦІНЮ



Вясна -- час наводзіць на сваіх падворках парадак. Клапатлівыя і руплівыя гаспадары помняць пра гэта, ім не трэба лішні раз нагадваць. Менавіта з іх трэба браць прыклад і іншым, тым, хто не спяшаецца добраўпарадкаваць сваю прысядзібную тэрыторыю, чакае, што за яго гэта зробіць хтосьці іншы.

-- Тым не менш, -- зазначае Вадзім Аляксандравіч Бялятка, старшыня Казлоўшчынскага сельскага савета, -- падтрымліваць парадак на сваёй тэрыторыі з'яўляецца абавязкам кожнага чалавека, грамадзяніна краіны. Гэта прадугледжана і заканадаўча, у тым ліку адпаведным рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама.

Аб неабходнасці навесці чысціню на прысядзібных участках, прылеглых да іх тэрыторыях мы пастаянна нагадваем жыхарам нашага сельскага савета. Звяртаем увагу і на такі аспект: пры адсутнасці сумежнага ўчастка ўбіраць смецце, выкошваць траву трэба на адлегласці не меншай за 10 метраў ад плоту. Акрамя гэтага, па-за прысядзібнага участка забаронена складаваць дровы, пясок, будаўнічыя матэрыялы.

-- Ці прадугледжана адказнасць за парушэнне гэтых правілаў?
-- Так, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з артыкулам 21.14 КоАП Рэспублікі Беларусь -- штраф да пяці базавых велічыняў.

-- А як вырашаецца праблема з чысцінёй на падворках хатаў, якія пустуюць?
-- Гэта сёння з'яўляецца актуальным для сельвыканкама пытаннем. У яго вырашэнні мы кіруемся Указам № 100 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Згодна з ім, калі дом безгаспадарчы, сельскі савет мае права знесці яго. Усё гэта вырашаецца ў судовым парадку.

-- Яшчэ адна праблема, з якой даводзіцца сутыкацца, -- забруджанне лясных масіваў...
-- Сапраўды так. Часам натыкаешся там на стыхійныя сметнікі. Людзі, многія з якіх свядома вывозяць смецце, будаўнічыя адходы з падворка ў лес, не задумваюцца, што тым самым наносяць вялікую шкоду прыродзе. Вырашыць праблему вывазу смецця можна, заключыўшы дагавор з РУП ЖКГ, тым больш, што каштуе гэта няшмат. Людзі павінны ведаць і тое, што за забруджанне лесу таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

-- Яшчэ адна праблема, якую варта закрануць, гэта навядзенне парадку на могілках. Як у вашым сельсавеце яна вырашаецца?
-- На тэрыторыі сельскага савета знаходзяцца 15 могілак. Усе яны абсталяваны месцам для ўтылізацыі смецця, якое пасля вывозіцца.
Для таго, каб падтрымаць чысціню ў месцах пахавання, перыядычна праводзім суботнікі. І тут дапамагаюць арганізацыі. Так, нядаўна мы навялі парадак на могілках у г. п. Казлоўшчына. Удзел у суботніку прынялі работнікі Дзятлаўскага ПМС, Казлоўшчынскага дома-інтэрната, Казлоўшчынскага ўчастка РУП ЖКГ.

Адзначу, што ў вёсках ініцыятыва па навядзенні парадку, чысціні ў многім належыць старастам. У гэтым накірунку адзначу работу Г. М. Кувік (Падвялікае), Д. С. Павачкі (Малая Воля), А. А. Скарабагатавай (а.г. Лявонавічы), Л. К. Сербін ( Лозкі), А. А. Лагуціка ( Гарадкі), Я. Б. Чудзілоўскай ( Дубароўшчына).

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/