Час чытаць кнігі роднай краіны



Упершыню літаратура на роднай мове загучала ў поўны голас стагоддзе назад. Да гэтага кожны твор на беларускай мове быў гістарычнай з'явай.

У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя Іван Шамякін, Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч былі яшчэ маладыя, і мала хто іх ведаў. Аднак, хто чытаў іх творы — захапляліся. Пісьменнікі набылі шырокую вядомасць, сталі беларускімі класікамі, інтэлектуальным багаццем нацыі. Мы сведкі таго, што зараз беларускі народ — народ багатай культуры. Час спрыяе чытанню, разважанню, духоўнаму ўзбагачэнню.

Сёння мы прапануем чытачам інфармацыю пра новыя творы беларускіх аўтараў. Можа так здарыцца, што некалі пра гэтыя кнігі загавораць, пра іх стане вядома і ў Варшаве, і ў Маскве, і ў Парыжы.

I. Канановіч. Проза Івана Канановіча глыбока псіхалагічная і шматтэмная, створаная на крутым пераломе часу, калі гарадскі лад жыцця спрабуюць асэнсаваць і не могуць прыняць душой нядаўнія выхадцы з вёскі. У сваёй новай кнізе "Старыя званы", у якую ўвайшлі аповесці "Асобая зона", "Чорныя цені", "Майдан", апавяданні "Дачныя куры", "Прыватны выпадак", пісьменнік з веданнем справы даследуе і аналізуе супярэчлівыя сацыяльныя і этычныя праблемы сучаснасці.

М. Кусянкоў. "Хмель каля вольхі" — трэці раман з трылогіі, прысвечанай гісторыі сям'і Гаркушаў. Два папярэднія раманы "Явар з калінаю" і "Арляк і зязюля" пасля публікацыі атрымалі шырокі грамадскі рэзананс. У цэнтры рамана "Хмель каля вольхі" лёс унука Гаркушы Валянціна. Юнака, якога фактычна выгадавалі бябуля з дзядулем, забіраюць у армію і адпраўляюць у Афганістан, адкуль ён не вяртаецца. Сямейная трагедыя адбываецца на фоне вялікай агульнай бяды — Чарнобыльскай катастрофы, якая страшнай навалай прайшла па родных гаркушавых мясцінах.

У. Васіленка. "Улица До свидания". Героі аповесцяў — моладзь 70-80-ых. Яны ж пакаленне сённяшніх "пяцідзесяцігадовых", якія азіраюцца на сваю маладосць. Унутраныя перажыванні герояў з'яўляюцца галоўнай крыніцай іх жыццёвай сілы, а знешнія абставіны ўспрымаюцца імі хутчэй як дэкарацыі дзеяння, якое павінна паведаміць душы штосьці важнае, што набліжае рэальнасць і свядомасць.

3. Прыгодзіч. У кнігу вядомага беларускага пісьменніка ўвайшлі аповесці "Ноч перад нядзеляю" пра горкі роздум вясковай жанчыны аб сваім няпростым, пакутным лёсе, лёсе сваіх дзяцей і "Журба мая светлая" — своеасаблівая споведзь маладога чалавека, шчымлівая гісторыя нераздзеленага кахання, а таксама апавяданні "Стрэл на змярканні", "Грошы".

В. Кукса. "Кнігаўка". Галоўнай гераіні аповесці "I верыла ў цуд..." даводзіцца не проста жыць, аддаваць душу працы і сям'і, цярпець нястачу, здраду блізкіх, але і нечалавечымі сіламі змагацца за жыццё любай дачкі, якую падкасіла чернобыльская навала. А пахаваўшы дачку — выжыць, не зненавідзець белы свет, не страціць веру ў людзей і ў Бога.

Л. Левановіч. "Сіняе лета" працягвае цыкл раманаў, у які ўваходзяць "Шчыглы", "Паводка сярод зімы", "Дзікая ружа". У гэтым творы апісваюцца падзеі 1961 года, калі ў космас паляцеў Ю. Гагарын, калі нам абяцалі камунізм праз 20 гадоў. Цяпер усе ведаюць, чым скончылася будаўніцтва камунізму. I ў гэтым асаблівы драматызм знешне "ружовага" твора, бо яго героі верылі, хоць бралі іх сумненні, у рэальнасць новага грамадства.

На суд чытача-аматара выносяцца сучасныя беларускія дэтэктывы знакамітых пісьменнікаў С. Трахімёнка "Российский триллер" і В. Праўдзіна "Танцевальный марафон".

С. Трахімёнак. "Российский триллер". Незвычайны вострасюжэтны твор, у якім героі знаходзяць дастойнае выйсце са складанай крымінальнай сітуацыі. Аднак па расійскай традыцыі гэта не прыносіць ім асабістага дабрабыту, больш таго, выводзіць герояў на новы ўзровень рэчаіснасці для праверкі прафесійных і чалавечых якасцяў.

В. Праўдзін. "Танцевальный марафон". Падзеі ў рамане пачынаюцца з навагодняга балю 1910 года, які даваў мінскі генерал-губернатар. Малады афіцэр Ваенна-марскога флоту граф Сяргей Аляксандраў тайна ад бацькоў пакідае баль і спяшаецца на сустрэчу з каханай. Маладыя адпраўляюцца ў царкву і вянчаюцца, а пасля Аляксандраў з маладой жонкай вяртаецца на баль губернатара. Для бацькоў — стрэс, для астатніх гасцей — навагодні жарт. Аўтар праводзіць сваіх герояў праз усе гістарычныя падзеі: рэвалюцыю, ссылкі, "пражскую вясну" 1968 года, развал Савецкага Саюза.

I. Навуменка. Героі твораў пісьменніка сутыкаюцца з рознымі маральнымі і фізічнымі выпрабаваннямі, задаюць сабе самыя жыццёва важныя пытанні: ці можа чалавек уплываць на свой лёс, як не расчаравацца ў жыцці, як захаваць пачуццё ўласнай годнасці, у чым сапраўднае шчасце, што значыць быць патрыётам? Са звычным для аўтара лірызмам, тонкім філасофскім роздумам ён дапамагае ім знайсці адказы на ўсе гэтыя пытанні.

В. Праўдзін. Раман "Нелюбімыя гінуць" — надзвычай сучасны, глыбока псіхалагічны і, у значнай меры, сентыментальны. У цэнтры ўвагі аўтара лёсы трох жанчын. Люба Анікейчык, прывабная вясковая беларусачка, ад побытавай безвыходнасці і няўдалага кахання вярбуецца на заробкі ў Германію, дзе ёй наканавана стаць сэксуальнай забаўкай. Маладая чачэнка Айшэ, нелюбімы муж-гвалтаўнік якой гіне, пакідаючы цяжарную жанчыну ва ўмовах вайны працягваць яго род. Мінчанка Марыя па віне п'янага мужа ў мядовы месяц трапляе ў аўтакатастрофу і застаецца бязногаю калекаю. Ад каханай зняволены ў турме нарачоны адмаўляецца. Спустошаная маральна жанчына ідзе на шлях распусты. У рамане чаргуюцца нямецкія, чачэнскія, беларускія раздзелы-карціны, сюжэт востры, напружаны.

Зборнік Самая чароўная кветка" — новая кніга серыі "Вера. Надзея. Любоў." Творы Віктара Гарадзея, Валянціны Кадзетавай, Леаніда Левановіча і іншых сучасных аўтараў прыцягваюць шчырасцю і праўдзівасцю пачуццяў, глыбінёй пранікнення ў сутнасць чалавечага існавання.

Ва ўсе часы літаратура не выпадала з жыцця, але, каб гэта ўсведамляць, яе трэба ведаць, а найлепш — любіць. Літаратура — не толькі твор мастацтва, а яшчэ і наша мова, традыцыі, гісторыя і наш беларускі характер.

Н. СТУПЧЫК, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/