"ЧАРОЎНЫЯ КВЕТКІ" АНАСТАСІІ ДАРАШКЕВІЧ



Другі раз запар выхаванцы мастацкага аддзялення Дзятлаўскай школы мастацтваў прымаюць удзел у міжнародным конкурсе "Іншым поглядам", які праходзіць у польскім горадзе Саснавец. Сёлета з Дзятлава былі дасланы 15 работ дзяцей, якія займаюцца ў Таццяны Станіславаўны Русінай і Жанны Вячаславаўны Лукашэні. Падзячным пісьмом адзначана работа Анастасіі Дарашкевіч, выхаванкі Жанны Вячаславаўны, вучаніцы СШ №1 г. Дзятлава.

Удзельнікам конкурсу "Іншым поглядам" неабходна было намаляваць чароўнае месца. Прапаноўвалася некалькі варыяцый на тэму -- чароўнае месца, дзе ты адчуваеш сябе ўтульна і камфортна, месца, якога ўвогуле не існуе на Зямлі. Трэцяя падтэма -- чароўнае месца ў краіне, дзе ты жывеш.

Анастасія намалявала чароўнае месца, якога няма на Зямлі. У цэнтры сваёй карціны яна размясціла ліліі незвычайнай формы і колеру. Гэтыя кветкі, а таксама гладыёлусы, з'яўляюцца любімымі ў юнай мастачкі. Адметна і тэхніка, у якой працавала Насця: малюнак гуашшу дапоўнены тэхнікамі набрызгу і выдування трубачкай.

Увогуле, Анастасія больш за ўсё любіць маляваць фарбамі. Як тлумачыць, яны падымаюць настрой, з іх дапамогай можна перадаць усю прыгажосць навакольнага свету. А вось у тэхніцы графікі, як лічыць дзяўчынка, свет атрымліваецца толькі двухколерным, а таму няпоўным, сумным. З жанравай палітры Насця аддае перавагу пейзажу, які адлюстроўвае прыгажосць прыроды.

У школе мастацтваў Насця займаецца ўжо трэці год. А ўпершыню яна адкрыла для сябе свет мастацтва ў выяўленчай студыі цэнтра дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Маляванне зацікавіла дзяўчынку, стала яе хобі. Яшчэ яна вучыцца вышываць крыжыкам -- ствараць карціны з дапамогай іголкі і нітак.
Таксама Насця любіць чытаць, у тым ліку і казкі. Любімая яе гераіня -- Васіліса Прыгожая. На мастацкі погляд Насці, гэта абавязкова дзяўчына з доўгай русай касой, у какошніку. А вакол яе плаваюць лебедзі.

Цяпер Насця працуе над малюнкам на тэму Вялікадня. Гэта нацюрморт, які складаюць кошычак з велікоднымі яйкамі, куліч са свечкай. Побач -- упрыгожаныя галінкі вярбы. Галінкі вярбы стукаюцца і ў адчыненае акно. А вось асэнсаваць велічнасць Вялікадня, яго ролю дзяўчынцы дапамагаюць тыя веды, якія яна атрымлівае ў нядзельнай школе пры храме Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/