ЧАМУ НАШЫ ДЗЕЦІ ПАКУТУЮЦЬ ТЭЛЕМАНІЯЙ



Безумоўна, неабмежаваны прагляд тэлеперадач накладвае адбітак на псіхіку дзіцяці. Праблемы пачынаюцца менавіта тады, калі тое, што ён бачыць на экране, выходзіць у дзіцячай свядомасці на першы план. І калі час ля тэлевізара можна абмежаваць адным націскам на кнопку, то свядомасць -- гэта тое, што не паддаецца ніякім забаронам.

Існуе цалкам афіцыйны тэрмін -- "тэлеманія". Прасцей кажучы, гэта прыхільнасць да тэлебачання, замяшчэнне ім усіх астатніх каштоўнасцяў.

Магчыма, хтосьці пацісне плячыма: "Ну, падумаеш, глядзіць дзіця мульцікі або фільмы. Што ў гэтым дрэннага? " На самой справе гэты бяскрыўдны на першы погляд занятак можа мець для фарміруемай дзіцячай свядомасці негатыўныя наступствы. Напрыклад, калі чалавек чытае кнігу, інфармацыя паступае ў мозг у тым рытме і колькасці, якая адпавядае яго магчымасцям. Чытаючы, вы самі можаце кантраляваць паток інфармацыі -- спыніцца, абдумаць нешта, перачытаць яшчэ раз. А калі вы глядзіце тэлевізар, паток інфармацыі вялікі, насычаны, бескантрольна пранікае і ў свядомасць, і ў падсвядомасць.

На жаль, нашы дзеці часцей за ўсё становяцца ахвярамі тэлеманіі. Адбываецца гэта таму, што бацькі не могуць знайсці з дзіцём агульных інтарэсаў, тэм для абмеркавання, ды і проста часу. І замест сябе прапануюць ім тэлевізар.

Дарэчы, у многіх еўрапейскіх краінах дзеці ў школах праходзяць спецыяльныя трэніроўкі -- як абараніцца ад лішняй інфармацыі. Іх вучаць крытычна ставіцца да таго, што яны чуюць з тэлеэкранаў ці чытаюць у газетах. Псіхолагі лічаць гэта ўменне вельмі важным, таму што яно дапамагае захоўваць псіхічную раўнавагу.

Дзіця перш за ўсё рэагуе на вонкавы бок рэчаў -- яркасць, дынамічнасць. Блакітны экран дае магчымасць перажыць яркія ўражанні, даведацца шмат новага і захапляльнага, не ўстаючы з канапы. І сапраўды: навошта кудысьці ездзіць, чымсьці займацца, калі вось ён -- увесь свет, як на далоні! Бацькам гэта, вядома, спачатку вельмі зручна -- не трэба чытаць дзіцяці кнігі, вадзіць яго ў тэатр ці заапарк. Навошта, калі ўсё гэта можна ўбачыць па тэлевізары? Праблемы пачынаюцца тады, калі дзіця адмаўляецца вучыцца чытаць, настойліва патрабуючы мультфільмаў.

Што ж рабіць, калі дзіця ўжо "захварэла" тэлеманіяй? Перш за ўсё -- замяніць тэлевізар жывой размовай. Гэта значыць, выключыўшы тэлевізар, не адпраўляць дзіця рабіць урокі або ў адзіноце збіраць канструктар, а заняцца чым-небудзь разам з ім. Прычым гэта "што-небудзь" павінна быць яму цікавым.

Яшчэ адзін вельмі добры спосаб адцягнуць дзіця ад тэлевізара -- пагуляць з ім у тэатр. Выкарыстоўваючы герояў любімых мультфільмаў вашага дзіцяці, прыдумайце ўласныя сюжэты. Але няхай яны будуць вельмі добрымі, вясёлымі і абавязкова з добрым фіналам. Дарэчы, з дапамогай гэтай гульні можна прадэманстраваць дзіцяці такія якасці, як уменне сябраваць і дапамагаць. Калі вы глядзіце тэлеперадачу разам з дзіцём, абмяркоўвайце ўсё, што адбываецца на экране, выказвайце свой пункт гледжання, тлумачце тое, што яму незразумела. Памятайце, што ніякая тэлеперадача або мультфільм не заменяць дзіцяці размовы з вамі.

Падрыхтавала да друку Т. ГРЫЦУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/