"ЧАМАДАН СЯМЕЙНЫХ ТРАДЫЦЫЙ І КАШТОЎНАСЦЯЎ"



У адной з выставачных залаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея прайшла прэзентацыя міні-праекта "Чамадан сямейных традыцый і каштоўнасцяў", над якім некалькі месяцаў працавалі школьнікі раёна. Гэта другі па ліку этап раённага доўгатэрміновага сумеснага праекта "Музей у чамадане", распрацаванага ў межах раённай праграмы выхавання школьнікаў. Яго на працягу 2012-2015 гадоў рэалізуюць музей і аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама.

Першы міні-праект "Чамадан памяці" быў прадстаўлены жыхарам раёна сёлета вясной. Яго прэзентацыя таксама праходзіла ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Над астатнімі этапамі праекта школьнікам яшчэ давядзецца папрацаваць. Справаздачныя выставы плануецца ладзіць кожныя паўгода. Апошняя з іх -- "Трафеі вайны" -- будзе прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Чамадан -- гэта месца, дзе працягваецца памяць. На гэты раз свае справаздачныя работы школьнікі прадстаўлялі асабліва эмацыянальна: кожны чамадан нібыта стаў "машынай часу", нагадваў хлопчыкам і дзяўчынкам пра родных, любых сэрцу людзей, дзядуляў, бабуляў, прабабуляў. Пра падзеі жыцця продкаў расказвалі маўклівыя сведкі -- рэчы, кнігі, фотаздымкі.

Члены клуба "Пошук" гімназіі №1 г. Дзятлава ў сваім чамадане змясцілі "Абярэгі нашай хаты". Сярод іх -- іконы, амулеты, ручнікі, лялька, дамавічок, паясы, іншыя абярэгі, якія "прыйшлі" ў хаты беларусаў пад уплывам заходніх і ўсходніх культур.

Чамадан сямейных каштоўнасцяў СШ №3 г. Дзятлава прадставіла сям'я Шавель. Самае каштоўнае тут -- "Евангелле ад Матфея" 1891 года выдання, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне па жаночай лініі. Гэту сямейную рэліквію набыла прабабуля ў кніжнай лаўцы. Святыня беражэ ўжо трэцяе пакаленне сям'і. Сярод дарагіх сэрцу рэчаў таксама вышываныя ручнікі прабабулі, лялька, якую дзядуля падарыў маленькай дачцэ незадоўга да сваёй смерці, і нават пярсцёнак знакамітай актрысы Любові Палішчук, з якой бабуля пазнаёмілася на чарнаморскім курорце.

Рудаяварская школа змясціла ў сваім чамадане такую сямейную рэліквію, як адзін са спісаў іконы Уладзімірскай Божай Маці. Сямейная ікона беражэ ўжо пятае пакаленне праваслаўнага роду. Ёю матулі благаслаўляюць дачок на шчаслівы шлюб. А ў час Вялікаў Айчыннай вайны Уладзімірская Божая Маці разам з сям'ёй пабыла ў Германіі. Дзякуючы яе святому заступніцтву, усе члены гэтай сям'і засталіся жывыя, вярнуліся на радзіму. Аднойчы, па словах бабулі, ікона аднавілася -- пацямнеўшыя ад часу фарбы зноў сталі яркімі.

Даша Акулевіч, вучаніца 11 класа Хвінявіцкай СШ, сабрала ў сваім чамадане памяць аб шасці пакаленнях продкаў. Яе род "пусціў" свае карані ў Канадзе, Латвіі, Расіі, Беларусі. Продкі школьніцы былі знаёмыя з Якубам Коласам, а ў гады вайны ў хаце прадзеда прымалася рашэнне аб стварэнні Ленінскай партызанскай брыгады. У сценах гэтай хаты пабылі такія партызанскія камандзіры, як Шубін, Пацалуеў, Булат, Вахонін. У чамадан сямейных каштоўнасцяў пакладзена і план-карта 1912 года, якую склаў двойчы прадзед дзяўчынкі, які, дарэчы, меў у сваёй хаце багатую па тых часах бібліятэку, быў адукаваным, таленавітым чалавекам.

У чамадане Гезгалаўскай СШ змясціліся такія экспанаты, як "Зборнік арыфметычных задач" І. Верашчагіна, 1905 года выдання, "Практычныя практыкаванні ў алгебры" А. Больмана, 1865 года выдання, альбом фотаздымкаў.

Любоў да роднага краю пачынаецца з сям'і, з хаты, дзе прайшло дзяцінства. Шмат цікавых і ўнікальных рэчаў-артэфактаў школьнікі Дзятлаўшчыны паклалі ў свае чамаданы сямейных традыцый і каштоўнасцяў. Колькі чамаданаў, столькі непаўторных сямейных гісторый. Дзеці пачалі вывучаць гісторыю свайго роду і сустрэліся з цікавымі фактамі і сямейнымі паданнямі, пра якія раней нават не здагадваліся. Уласны прыклад -- гэта самы дзейсны педагагічны прыём. На прыкладах сваіх продкаў маладое пакаленне будзе вучыцца будаваць сваё жыццё, каб пакласці ў чамадан сямейных каштоўнасцяў новыя экспанаты. А пакуль наведвальнікі выставы мелі магчымасць разгледзець усе рэчы, патрымаць іх у руках, прачытаць апісанне і гісторыю экспанатаў.

Вольга Мікалаеўна Цюшляева, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, зазначыла, што прэзентацыя была вельмі цікавай, бо суправаджалася асаблівай эмацыянальнасцю. Многія тут адкрылі для сябе, што сямейныя традыцыі на Дзятлаўшчыне жывыя, яны захоўваюцца і шануюцца. Адчувалася, што школьнікаў таксама зацікавіў праект, і гэта радуе.

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/