ЧАЛАВЕК 3 ПУШЧАНСКАГА СВЕТУ



У працоўнай кніжцы Марыі Сяргееўны Слушко, галоўнага заатэхніка СВК "Хвінявічы", усяго два запісы за 30 гадоў.

ПЕРСПЕКТЫВА ПАЧЫНАЕЦЦА 3 КОМПЛЕКСУ

Мы дамовіліся сустрэцца на новым комплексе. Афіцыйны статус у гэтага прасторнага збудавання - МТФ (малочнатаварная ферма). Але жывёлагадоўчы міні-гарадок так многа адрозніваецца ад звыклых воку даўнейшых фермаў, што мясцовы люд называе яго толькі комплексам.

Твар Марыі Сяргееўны адсвечваў сонца - прызналася, што ўсцешана сённяшняй экспертнай ацэнкай кансультанта: цялушкі на комплексе - лепшыя ў раёне. Было ей прыемна і ад высокай ацэнкі ўжо зробленага жывёлаводамі і яшчэ больш прыемна ад абяцанай перспектывы росту.

“Тэхналогію трымаем з усіх сіл” - гэта яна якраз пра дарошчванне цялушак для будучага малочнага статка. Чаму “з усіх сіл”? Таму што адвечную праблему збалансаванага фуражу адмяніць пакуль не ўдаецца. I сёння даводзіцца дакупляць пратэінавы корм - шрот, жмых. А працаваць на новым комплексе, вядома, зручна: урэшце з'явілася дастатковая вытворчая плошча, каб належным чынам наладзіць догляд статка, арганізаваць племянную работу. Параўнаць жа ўмовы работы заатэхніку з працоўным стажам у тры дзесяцігоддзі, вядома, ёсць з чым.

СЯМЕЙНАЯ МАБІЛІЗАЦЫЯ

Калі на яе прафесійным вяку было найбольш цяжка? У дзевяностых гадах, мабыць, у 1995-1996 г.г. Калі палічыць па функцыях, кажа, то працавала яна тады адразу на чатырох, як мінімум, пасадах: і заатэхніка, і ветдоктара, і... і прыгадваць далей не хочацца. 3 Ірынай Уладзіміраўнай Марук, заатэхнікам-селекцыянерам, падзялілі асабістую “апеку" над абязлюдзелымі фермамі і старался, як маглі, захаваць статак.

Жывёлагадоўля - інертная галіна, калі сёння ўпусціш работу на месяц-другі, заўтра будзеш гадамі аднаўляць упушчанае. Чаму здарыўся той правал? Безграшоўе было, спецыялісты, работнікі пазвальняліся, разбрыліся. Сям’я Слушко мабілізавала тады ўвесь сямейны патэнцыял: дочкі прыбягалі на ферму дапамагаць маці і бацьку (таксама спецыялісту-жывёлаводу) — выганялі кароў на пашу, прыганялі, даглядалі. Лепш-горш, а крызіс той перажылі. Што датычыць уласна Марыі Сяргееўны, то панічных думак, каб кінуць усё, маўляў, хіба мне больш за ўсіх трэба, у яе не ўзнікла. Змалку прывучана не палохацца. А вучэнне было такое.

ПРАЦОЎНАЕ ВЫХАВАННЕ

Яе старэйшая сястра Аня працавала даяркаю за тры кіламетры ад іхняй Яблынькі - на ферме ў Пушчы. Працавала так, што ў 25 гадоў была ўжо ардэнаноснаю, яе ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы. Аня працавала і вучылася, завочна. I калі ад'язджала на сесію, сваю групу - 17 каровак - не давярала нікому, акрамя малодшай сястрычкі Машы. Маша таксама вучылася - у сёмым класе. Але яе месца вучобы было значна бліжэй - школа ў Рудзе Яварскай. Таму дзяўчынка штодзень паспявала і на ўрокі, і на ферму. Вучылася і працавала, даіла 17 кароў.

Працоўнае і ўвогуле выхаванне ў пушчанскай сям'і Пашукевічаў было пастаўлена без лішніх словаў. Выключным прыкладам для выхавання працавітасці ў дзяцей было працалюбства бацькоў - Сяргея Пятровіча і Юліі Іванаўны. I ніхто з па-сапраўднаму шматдзетнай (шасцёра дзяцей) сям'і Пашукевічаў у жыцці не згубіўся. Усе вывучыліся, усе стварылі сем'і, прадаўжаюць пушчанскі род.

ПРАДВЫЗНАЧАНЫ ВЫБАР

Маша на ферме спраўлялася — радавала сястру і калгаснае кіраўніцтва, група кароў пад старанным наглядам. А найболей радавала, мабыць, сябе - у яе атрымлівалася, атрымлівалася па-даросламу, яна самасцвярджалася. Вялікім аўтарытэтам для дзяўчыны сталася тагачасны калгасны заатэхнік Ганна Ільінічна Валяк. Адукаваная, разумная, на яе хацелася быць падобнай.

I выбар будучай прафесіі Марыі адбыўся неўзаметку. Калгас даў мэтавае накіраванне для наступления ў Гродзенскі сельгасінстытут. Праўда, каб атрымаць накіраванне, давялося пасля школы яшчэ год штатна адпрацаваць на ферме. Працавала з радасцю. На ферму ў суседнюю вёску праз лес бегала. Вясною, як лес ажываў, распускаліся дрэвы, гэтыя паходы былі як праз лясную казку - пад птушыны аркестр, праз водар ігліцы, чаромхі. Легка дыхала і жыла, як ляцела. Між іншым, конкурс для абітурыентаў у сельгасінстытуце быў немаленькі - 2,4 чалавека на месца. Але паступіла яна без праблем, бо ў школе вучылася на чатыры і пяць (па тагачаснай пяцібальнай сістэме).

ШЧАСЦЕЙКА - ПОБАЧ

Добра вучыцца, калі абсалютна ўпэўнены, што менавіта гэтыя веды потым, на працы, табе і спатрэбяцца, нічога лішнім не будзе. Той догляд, з якім хадзіла яна каля жывёлы з навучання бацькоў, сястры, з падказак калгаснага заатэхніка Г. Валяк, набываў у інстытуце тэарэтычнае абгрунтаванне, тлумачэнне, пашыраў кругагляд. Вучылася з цікаўнасцю, а з трэцяга курса, можна сказаць, з захапленнем. Без адрыву ад вучобы яшчэ і закахалася.

Дзявочае шчасцейка па імені Коля - вось яно, побач, у гэтым жа інстытуце, інтэрнаце. Пажаніліся на чацвёртым курсе. Атрымалі дыпломы і разам прыехалі працаваць. Побач усё жыццё і працуюць. За невялікім выключэннем: Марыю прызначылі заатэхнікам-селекцыянерам, а Колю ваенкамат прызваў на тэрміновую службу ў войска. Потым ужо не разлучаліся. Праз сем гадоў Марыю Сяргееўну прызначылі галоўным заатэхнікам і галоўным яна ўжо ні многа ні мала, а 23 гады. А Мікалай Генадзьевіч цяпер начальнік вось гэтага самага новага комплексу за Парэччам.

Іншыя, здараецца, кажуць, што калі муж і жонка працуюць побач, то надакучваюць адзін другому, а Марыя Сяргееўна трымаецца прама процілеглага меркавання і прызнаецца, што сумуе, калі Мікалай Генадзьевіч з'язджае на якія-небудзь курсы. Ёй блізкага чалавека не хапае, без яго з працай яна спраўляецца горш, прынамсі, у яе такое ўражанне і адчуванне.

ДОБРЫ НАСТРОЙ

Што трэба, каб за многа гадоў работа на адным месцы не надакучыла? Рэцэпт ад Марьи Сяргееўны ўвогуле просты, але вымагае самакантролю: трэба настройвацца на пазітыў, трэба нават прымушаць сябе да добрага настрою. Нават калі дакладна ведаеш, што ад самай раніцы цябе пільнуюць праблемы, насоўваюцца цёмнымі хмарамі, выглядвай між хмарамі прасвет. Тады і з людзьмі лягчэй знойдзеш паразуменне, а разам і хмары, урэшце, рассунеце.

3 такім настроем яна з'ездзіла на працы чатыры машыны і яшчэ больш “перажыла" кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства. Падабаецца, кажа, працаваць з тымі, хто не ўцякае ад праблемаў, маўляў, сёння перажывём, а заўтра нешта будзе, а падступаецца да праблемаў, шукае рашэнні. Таму ўхвальвае дзейнасць цяперашняга старшыні гаспадаркі М. Бубноўскага, які і пра вытворчасць клапоціцца, і праўмовы працы, быту работнікаў дбае.

Добрым словам прыгадвае колішняга шматгадовага старшыню В. Залеўскага. Калегі-заатэхнікі, кажа, ёй нават зайздросцілі: маўляў, добра табе пры Залеўскім. А зайздрасць была з таго, што Васіль Браніслававіч прыслухваўся да прапановаў спецыялістаў: прасілі яны прыдбаць тэхналагічную навінку, да прыкладу, кармавыя дабаўкі - куплялі. А ў іншых гаспадарках, здаралася, проста адмахваліся: ат, не выдумляйце, працуйце лепш.

Васіль Браніслававіч і сам дашукваўся новага, прапаноўваў: а давайце паспрабуем. I сельгаспрадпрыемства, як помніцца, насіла званне гаспадаркі высокай культуры земляробства, жывёлагадоўлі. На прыкладзе “Хвінявічаў" праз абласны семінар паказвалі-вучылі, як паляпшаць вытворчасць.

Яшчэ Марыі Сяргееўне выразна запомнілася, як угаворвалі-выпрошвалі ўжо са старшынёю В. Дзедулем дапамогу ў раённага кіраўніцтва, каб купіць замежны кормараздатчык-змешвальнік. I каштаваў ён дорага, і аплачваць давялося праз ільнозавод, але, урэшце, купілі. Прывагі на дарошчванні і адкорме адразу, лічы, падвоіліся. Удалы італьянскі агрэгат і да сёння працуе.

РОДНЫ ЛЕС

Любімая праца мала стамляе. А калі ўсё ж “дастае", скінуць цяжар з душы і плячэй дапамагае ёй лес. Нават уявіць, што можна баяцца лесу, баяцца ў ім заблукаць, Марыя Сяргееўна не можа. Яна, лічы, у лесе вырасла, і лес для яе - гэта шчымліва свае, гэта роднае. Любіць грыбы збіраць, вядома, баравікі. Пушчанскія людзі лісічкі і розныя там сыраежкі грыбамі не лічаць. У горадзе, кажа, жыць не змагла б, цесна там, душна. Хоць дочкі ў горадзе прыжыліся, кожнаму, відаць, сваё.

А яшчэ яна не ўяўляе сябе без сваей работы, без сваіх каровак. Тут ізноў пра сваё: іншы ферму за вярсту абыдзе, а яна без фермы жыцця свайго не бачыць. Выхадны прыйдзе, кажа, дома не ўседзіць, трэба на ферму заскочыць, хоць адным вокам глянуць.

Людзі, што ні кажыце, розныя, вельмі розныя. I кепска думае і робіць той, хто імкнецца прычасаць усіх адным грэбенем дзе б тое ні было - у думках, захапленнях, у быце і ў працы таксама.

ПРАВАФЛАНГОВЫ КОМПЛЕКС

Укладзеныя ў будаўніцтва МТФ “Парэчча-777” вялікія грошы павінны даваць аддачу. Таму жывёлагадоўчаму комплексу ў “Хвінявічах" надаюць максімум увагі і клопату. Што маюць на выхадзе сёння? Комплекс перахапіў лідарства ў шматгадовай лепшай фермы па вытворчасці ялавічыны “Ятвезь" (СВК “Русь-Агра"), па выніках трох месяцаў апярэдзіў на 3 грамы, маючы па 817 грамаў штодзённых прывагаў буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме (прыбаўка да леташняга перыяду склала 145 грамаў).

Да раённага лідарства па надоі малака комплексу яшчэ далекавата, але станоўчая дынаміка ёсць і тут: прырост надою ад каровы за тры месяцы самы значны ў раёне - 255 кілаграмаў.

У плюсе за тры месяцы і ўся жывёлагадоўля СВК “Хвінявічы”: па надоі малака - на 142 кілаграмы ад каровы (у параўнанні з леташнім перыядам), на дарошчванні і адкорме аналагічная штодзённая прыбаўка склала 70 грамаў.

У сухіх лічбах, як “сухой рэшце", - вынік сёлетняй працы жывёлаводаў СВК “Хвінявічы”, іх шматгадовага кіраўніка галоўнага заатэхніка Марыі Сяргееўны Слушко.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/