ЧАКАЮ, ЯК МАННЫ НЯБЕСНАЙ



Часам можна пачуць такі выраз – чакаю, як манны нябеснай. Ён мае біблейскае паходжанне, яго выкарыстоўваюць тады, калі хочуць паказаць нецярплівае чаканне чалавекам чагосьці важнага, адметнага.

У кнізе “Зыход” гаворыцца пра цудадзейнае вызваленне яўрэйскага народа з егіпецкага рабства і саракагадовую вандроўку па пустыні Сін. Няхватка ежы, стомленасць ад доўгага хаджэння, малавер’е ізраільскага народа ў Адзінага Сапраўднага Бога сталі прычынай таго, што прававерныя яўрэі пачалі наракаць на Усявышняга. Гасподзь паабяцаў Маісею: “Вечарам будзеце есці мяса, а раніцой будзеце насычаны хлебам” (Зых. 16, 12). І сапраўды раніцай з вышыні стаў сыходзіць нябесны хлеб. Па смаку ён нагадваў праснак з мёдам.

Адметнасць гэтай падзеі была яшчэ і ў тым, што, як апавядае Маісей, аўтар кнігі “Зыход”, збіраць манны дазвалялася столькі, колькі яе было неабходна, а астатак за ноч знікаў. Выключэнне складала пятніца, калі збралі манну на два дні наперад – субота ў яўрэяў лічылася свяшчэнным днём.

Гэтай сапраўды ўнікальнай з'явай Гасподзь паказваў не толькі бацькоўскі клопат пра свой народ, але і прывучаў яго ўскладваць свае спадзяванні на Творцу, не праяўляць найвялікшы клопат толькі пра хлеб надзённы. Акрамя гэтага, захаванне маннай сваіх натуральных уласцівасцяў і ў суботні дзень указвае на неабходнасць прытрымлівацца дню пакою, які ў хрысціян прыпадае на нядзелю.

Правобразам манны нябеснай з’яўляецца еўхарыстыя, якая таксама з’яўляецца нябесным хлебам для тых, хто шукае выратаванне ад духоўнага голаду, не хоча сабе пагібелі ў пустыні бязвер’я.

Акрамя вышэйсказанага, сёння існуюць яшчэ некалькі выразаў, звязаных з гэтым відам старазапаветнай стравы. Так, выраз “манна нябесная” азначае і штосьці вельмі каштоўнае, рэдкае, а выраз “харчавацца маннай нябеснай” мае значэнне "жыць галаднавата".

Варта адзначыць, што вучоныя, якія займаліся даследаваннем прыроды манны, выказалі гіпотэзу, што гэты від ежы, якім ратаваліся яўрэі ў пустыні, вельмі падобны да аднаго з відаў лішайніку. Яго назва “леканора ядомая”. Насенне леканорыі настолькі лёгкае, што вецер здольны перамяшчаць яго з месца на месца, пераносячы нават на вялікія адлегласці. Расце гэты лішайнік у цёплых краінах. Пасля спецыяльнага прыгатавання качэўнікі выкарыстоўваюць леканору ядомую замест хлеба.

Таксама існуе меркаванне, што невядомая раней манна была застылым сокам куста тамарыску, які аддзяляўся ад сцябліны расліны ў пракушаных насякомымі месцах, і выпадаў у выглядзе беласнежных крупінак.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/