ЧАГО НЕ ХАПАЛА ДЛЯ ШЧАСЦЯ?



Людзі з абмежаванымі магчымасцямі жывуць сярод нас. У цывілізаваным грамадстве шматувагі надаецца фарміраванню так званага “безбар’ернага асяроддзя”. Гэта і пабудова пандусаў ля магазінаў, пад’ездаў, грамадскіх аб’ектаў, і святлафоры з гукавым апавяшчэннем, і зручны гарадскі транспарт, і многае іншае.

У нашым раёне праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі таксама на асаблівым кантролі. Так, на пачатку 2014 года на адрас старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку — тады яшчэ яе ўзначальваў Уладзімір Антонавіч Нічыпар - прыйшоў запыт з абласной арганізацыі “БелТІЗ”. Паступіла прапанова скласці спіс інвалідаў па зроку, якія жывуць на тэрыторыі нашага раёна і маюць асаблівую патрэбу ў бясплатных FM-радыёпрыёмніках. Усяго ў спіс, дзякуючы намаганням У. А. Нічыпара, былі ўключаны 15 чалавек.

Работнікі раённага вузла электрасувязі ўжо пабылі ў многіх з іх дома: прывезлі і настроілі выдзеленыя прыёмнікі. Астатнія інваліды па зроку яшчэ чакаюць сваёй чаргі. Але ў раённую арганізацыю “БелТІЗ” ужо пачалі паступаць падзякі ад шчаслівых уладальнікаў радыё. Асабліва кранаюць сэрца такія выказванні:

— Я як нанова нарадзілася: цяпер усё ведаю, чую ўсе навіны. Цяпер мне ўжо нічога і не трэба, бо менавіта радыёпрыёмніка не хапала для поўнага шчасця, для сувязі з вялікім светам. Тэлевізар быў, але телепраграмы больш сарыентаваны на гледачоў, а такія людзі, як мы — слухачы.

Або яшчэ адзін тэлефонны званок:
- Вялікі дзякуй. Раней я была нібыта ў замкнёнай прасторы: адчувала сваю абмежаванасць. Цяпер у мяне ёсць радыё, ёсць сувязь з жыццём і падзеямі. Для сябе я знайшла канал, дзе гучаць вельмі сардэчныя песні. 3 дзяцінства люблю спяваць, і цяпер спяваю цэлы дзень пад прыёмнік. Ці варта казаць, што настрой выдатны.

Некаторыя з інвалідаў па зроку, якім прывезлі ці яшчэ прывязуць FM-прыёмнікі, жывуць у аддаленых вёсках. Большасць з гэтых людзей не ведаюць, што такое Інтэрнэт, а таму радыё замяняе ім перыёдыку, тэлебачанне, мастацкую літаратуру, а часам і цікавага субяседніка.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць ад імя Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку кіраўніцтву і работнікам раённага вузла электрасувязі за дапамогу, разуменне і неабыякавасць да чужых праблем.

С. КРЭЙДЗІЧ, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/