БЫВАЙ, ВЯСНОВЫ МЕСЯЦ КРАСАВІК!



Красавік… Сама назва месяца як быццам указвае, што прайшоў час бязлітасных траскучых марозаў і паўночных вятроў. Надыходзіць новы этап жыццёвага цыкла. Усё ў гэты перыяд года актыўна набірае моц, пачынае квітнець. Дарэчы, ад працэсу цвіцення, якое паўсюль назіраецца ў гэты час у прыродзе, утвораны назвы другога месяца вясны ва ўкраінскай (“квитень”), польскай, старабеларускай (“kwiecien”), а таксама ў сучаснай беларускай (“красавік”) мовах.

Вывучаючы гісторыю паходжання назвы чацвёртага месяца года, можна заўважыць, што яго корань (“краса”) прысутнічае ў многіх славянскіх мовах. Яго значэнне – “красота, цвет жизни, великолепие”, а таксама больш вузкае – “украшение” (у царкоўнаславянскай мове). Славенскі прыметнік “krasovit”, які яшчэ больш нагадвае беларускі назоўнік “красавік”, азначае “пышны, раскошны”.

Існуе яшчэ адно меркаванне наконт паходжання беларускай назвы гэтага месяца. У руска-беларускім слоўніку 1953 года для рускага словазлучэння “полевые цветы” даецца пераклад “краскі” (адсюль – “красавік” – час, калі пачынаюць з’яўляцца краскі, першыя палявыя кветкі).

Цікава, што яшчэ ў Свяшчэнным Пісанні Старога Запавета, за некалькі тысячагоддзяў да нашай эры, ёсць першыя ўказанні пра гэты месяц. У красавіку (у яўрэеў гэта быў месяц нісан) адбылася знамянальная гістарычная падзея – выхад ізраільскага народа з Егіпта пад кіраўніцтвам Маісея. Гэтая падзея атрымала назву Песах – па-руску Пасха (пераход ад грэшнага смяротнага стану з Уваскрэсеннем Госпада нашага Ісуса Хрыста ў свет святасці і жыцця вечнага).

Падзея Уваскрэсення мела такое важнае значэнне для хрысціянскага свету, што ў некаторых народаў (англасаксаў, немцаў і некаторых іншых еўрапейскіх народаў) доўгі час месяц меў назву “велікодны тыдзень”. А вось нашы літоўскія суседзі да гэтага часу называюць красавіцкі месяц “balandis” – “голуб”. Гэта назва звязана з традыцыяй адпускаць галубоў на волю 7 красавіка на Благавешчанне (яшчэ адно галоўнае хрысціянскае свята гэтага месяца).

Сёння ў большасці еўрапейскіх моваў чацвёрты месяц года называецца “апрель”. Гэта старажытнейшая назва месяца. Першае ўпамінанне пра яго з усіх славянскіх гістарычных помнікаў сустракаецца ў “Астаміравым евангеллі”, аднак першапачаткова ён называўся “апріль”. Агульнапрыняты від слова набыло ў 1406 годзе, калі адбылася замена “і” на “е” перад “л”.

Па адной з версій, другі месяц вясны атрымаў сваю назву ад лацінскага слова “aprire” – “адкрываць”, дзякуючы таму, што тэмпература паветра павышалася, пачыналі распускацца пупышкі на дрэвах, вясна як бы пачынала “адкрывацца”, праяўляць сябе. Гэта і замацавала за гэтай часткай года такую назву.

Таксама можна меркаваць, што назва месяца атрымала сваё найменне па асаблівасці гэтага месяца – парнасці. Нашы продкі гаварылі: “У красавіку зямля прэе (пацее)”, “Красавік зямлю парыць, зямлі пары паддае”. За гэтую асаблівасць красавік таксама называлі “парыльнікам”, “парніком”.

Красавік не заканчвае вясновую пару, але калі ўпусціць які-небудзь з важных момантаў гэтага часу, можна смела сцвярджаць: упушчаны цэлы год.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/