БЫВАЙ, ВЕРАСОВЫ МЕСЯЦ



“Лета, ах, лета” -- уздыхаем мы следам за вядомай спявачкай, сумна гледзячы на каляндар. І сапраўды, як бы ні імкнуліся мы ўтрымаць гэты любімы многімі час года, усё мае ўласцівасць хутка заканчвацца. Але сумаваць не трэба, бо ёсць жа так званае “бабіна лета”, а значыць, дадатковая порцыя цёплых дзён.

Звычайна з другой дэкады верасня пачынаецца залатая пара восені. Але ці многія з нас ведаюць таямніцу паходжання гэтай назвы?

Назву першага месяца некаторыя звязваюць з верасам – асноўным асеннім меданосам, які цвіце ў гэты перыяд. Гэтая сувязь сёння заўважная толькі ў трох мовах: беларускай (верасень), украінскай (вересень), польскай (wrzesien). Усе гэтыя назвы ўтвораны ад агульных каранёў “wrzoc” і “врес”, якія і абазначаюць назвы гэтай расліны. А ці ведаеце вы, што гэта адно са старажытнейшых найменняў гэтага адрэзка года, якое дайшло да нас з Сярэднявечча. Ужо ў творах першадрукара Францыска Скарыны мы знаходзім яго ўжыванне.

Але ці толькі ад апошняй кветаноснай расліны ўтворана назва дзявятага месяца года? Існуе меркаванне, што слова “верасень” магло ўзнікнуць і ад старажытнаславянскага дзеяслова “връшти”, адно са значэнняў якога – “малаціць”. Каб глыбей зразумець гэтае значэнне, узгадаем, што да канца верасня (да 21 чысла, свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы) нашы продкі завяршалі ўсе сельскагаспадарчыя работы. Само царкоўнае свята называлі ў народзе Малой або Другой Прачыстай. Казалі: “На Прачыстай у полі чыста”.
Але спыненне палявых работ не азначала поўнай бяздзейнасці да наступнага года. Пачыналася перапрацоўка атрыманага ўраджаю – малацьба.

Наступным малавядомым фактам з’яўляецца тое, што старажытнейшай славянскай назвай з’яўляецца “рюин (ревун)”. Яно ўтворана ад слова “рюенне”, якое даслоўна можна перакласці са стараславянскага як “рык, мыканне”. І сапраўды, у верасні значна пагаршаецца надвор’е. Акрамя гэтага, у жывёлаў у гэты час пачынаецца шлюбны сезон, таму яны заклікальна пачынаюць рыкаць.

У сербахарвацкай мове назва месяца “руjан” азначае “чырвоны”, падобнае значэнне мае славенскае “руен” (“чырванаваты”). Земляроб, назіраючы за сезоннымі змяненнямі ў афарбоўцы клёна, ліпы, дуба, бярозы, пакінуў за гэтым адрэзкам года назву першага месяца восені. Не дарэмна яго яшчэ называлі “златацветам” і “румянцам года”.

Цікава, што па тым, як жаўцела і падала лісце з дрэў, вызначалі, позняй ці ранняй будзе зіма, а таксама спрыяльны час для пасеву азімых. Так, калі лісце ў бярозы пачынае жаўцець з вярхушкі – чакай ранняй, а знізу – позняй зімы; калі на дрэвах ліст жаўцее знізу, то ранні сеў азімых добры, калі з верхніх сучкоў – позні.

“Сентябрь” – так называюць гэты месяц не толькі нашы браты-рускія. У “Астраміравым евангеллі” нашы продкі захавалі назву як “септябрь” (з лацінскай мовы septem – сем, -ber – суфікс, які паказвае, што гэта парадкавы лічэбнік). У царкоўным Статуце 11-12 стагоддзяў яго называюць ужо як “семптябрь”, а ў Пролагу 1383 года і ў Іпацеўскім летапісе назва месяца сентябрь набывае сённяшні від – “сентябрь”.

Цікава, што ў сучасным календары першы месяц восені пазначаецца дзявятым, але да 153 года да нашай эры ў Рымскім календары (па іншых звестках – да 46 года да нашай эры, да часу пачатку правядзення рэформы імператарам Юліем Цэзарам), калі год пачынаўся з сакавіка, верасень значыўся сёмым.

Нягледзячы на тое, што шматлікія змяненні ў календары, сёмая пазіцыя за месяцам захавалася да гэтага часу.

А ці ведаеце вы, што ў розны час у гэтым месяцы было 29 і 31 дзень. Канчатковае замацаванне за месяцам 30-і дзён адбылося пры імператары Актавіяне Аўгусце, які, жадаючы паправіць каляндар (да яго праўкі ў ліпені, жніўні, верасні было па 31 дні), вырашыў аддаць апошні дзень верасня кастрычніку, а лістападаўскі перанесці на снежань. Гэтым было парушана чаргаванне доўгіх і кароткіх месяцаў, прапанаванае Юліем Цэзарам.

Не ведаю, як вы, а я люблю пахадзіць у цішыні асенніх вечароў, падгледзець за таямніцамі начнога неба, падумаць пра час, які чамусьці замаруджвае сваю скарацечнасць з надыходам вераснёўскіх прыцемак. Напэўна, менавіта ў гэтых, пакуль яшчэ не вельмі халодных, але ўжо і не цёплых днях і ёсць прывабнасць першага месяца восені.

І. ЗІНЧАНКА

_____________________________________________________________________________________________________
Меломаны могут танцевать. Появилась возможность для пользователей социальной сети "ВКонтакте" скачивать понравившиеся композиции. Для этого нужна программа для скачивания музыки с контакта, которую легко вы сможете взять на сайте vk.vinipux.ru. Хорошего времяпровождения!

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/