“БЫЦЬ ПАТРЭБНАЙ” - ПРАФЕСІЯ НЯПРОСТАЯ



Менавіта так можна акрэсліць лад жыцця Марыі Адамчык - старшай медсястры Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, дзе яна працуе ўжо на працягу 15 гадоў.

3 віду мініяцюрная жанчына, але на яе плячах - столькі абавязкаў: кантроль за санітарным рэжымам, састаўленне працоўных графікаў і, безумоўна, нагляд за станам жыхароў дома-інтэрната.

Сама жанчына родам з Лідскага раёна, вёскі Тарнова. Скончыўшы Слонімскае медыцынскае вучылішча па спецыяльнасці акушэрка, жанчына па размеркаванні паехала працаваць у вёску Пруд. Там на фельчарска-акушэрскім пункце яна адпрацавала 10 гадоў. Пасаду старшай медсястры ў доме-інтэрнаце Марыя займае нядаўна, да гэтага была звычайнай медсястрой на пасту.

Пра сваю работу яна гаворыць так: “Нягледзячы на тое, што маральна працаваць цяжка, я люблю сваю работу. Тут прыходзіць адчуванне таго, што ты патрэбны людзям, зрабіў дабро - яно дабром і вернецца. Да ўсіх трэба знайсці свой падыход і выслухаць. За доўгія гады працы ўжо ведаеш, як трэба адносіцца да кожнага".

Усяго жыхароў у Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце - звыш 250 чалавек, і яна ведае лес кожнага з іх. Для Марыі Адамчык прынцып працы з людзьмі заключены ў вельмі простых рэчах - дапамагчы, не нашкодзіць, а ў жыцці галоўнае - быць патрэбнай людзям.

Л. СУР'ЯНІНАВАЙ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/