БЫЦЬ ГОДНЫМ СВАІХ ПРОДКАЎ



Восень 2013 года паклікала ў шэрагі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь 54 жыхары Дзятлава і Дзятлаўскага раёна. З іх на тэрміновую службу патрапяць 48 чалавек, а на службу ў рэзерве – 6. Узроставая катэгорыя грамадзян, якія прызываюцца на службу ў войска, розная – хлопцы як 1992, так і 1995-га года нараджэння. Як тыя, хто ўжо скончыў установы вышэйшай адукацыі, так і спецыялісты з дыпломамі сярэднеспецыяльных установаў. Ваенны камісар Дзятлаўскага райваенкамата Генадзь Тадэвушавіч Суравец з большага задаволены здароўем гэтага прызыву. Калі год таму працэнт годнасці сярод хлопцаў прызыўнога ўзросту складаў 21%, то цяпер гэты паказчык прыкладна роўны 45-50%.

У пятніцу 8 лістапада ў Дзятлаўскім раённым доме культуры ва ўрачыстай абстаноўцы і са святочным настроем ваенны камісар Дзятлаўшчыны Генадзь Тадэвушавіч Суравец раздаў павесткі цяперашнім прызыўнікам, а неўзабаве салдатам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ім давядзецца прайсці школу выхавання мужнасці і сяброўства, а словы “нарад”, “караул” і “здравия желаю!” на працяглы тэрмін стануць для іх найбольш ужывальнымі.

Правесці прызыўнікоў у войска, падзяліцца з імі вопытам ды проста выказаць свае пажаданні ў такі адказны дзень прыйшлі як родныя, сябры і сяброўкі, так і прадстаўнікі розных раённых арганізацый, прадпрыемстваў, дзе працуюць будучыя салдаты.

Першым да прызыўнікоў са сцэны звярнуўся ваенны камісар Дзятлаўскага райваенкамата Г. Суравец. Ён нагадаў, што абарона Радзімы – гэта святы абавязак кожнага грамадзяніна нашай рэспублікі.

-- Ва ўсе стагоддзі ў цяжкія хвіліны на абарону Бацькаўшчыны падымаўся і стары, і малады. Вельмі хутка вы са зброяй у руках станеце на абарону суверэнітэта сваёй рэспублікі, -- падкрэсліў значнасць ваеннай службы Г. Суравец.

Ён выказаў падзяку бацькам і настаўнікам, якія змаглі дастойна падрыхтаваць прызыўнікоў, сапраўдных грамадзян сваёй краіны для будучай службы ў арміі.

Мікалай Валер’евіч Мацюкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, нагадаў, што ў наступным годзе рэспубліка адзначае 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў:
-- Каб вы былі годныя сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў, якія, нягледзячы на ўсё, становіліся на абарону нашай роднай краіны.
У перапынках паміж выступленнямі работнікаў культуры Ганны Панько, Алы Чарняўскай, Максіма Маліноўскага, дуэта Баклушыных, жартаў ад Ірыны Цяцерынай на сцэну запрашаліся самі прызыўнікі. Служыць яны будуць у многіх гарадах Беларусі: Брэсце, Мінску, Навагрудку, Слоніме.

Віншавалі прызыўнікоў выконваючы абавязкі старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Вечаслававіч Драгунскі, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі республіканскага дзяржаўнага ГА ДТСААФ Валянцін Анатольевіч Варабей, старшыня дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Аляксандр Уладзіміравіч Камароў, Благачыны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Мікалай Пінчук, настаяцель прыходу касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі ксёндз Алег Жураўскі. Карысныя падарункі прызыўнікам уручыла выконваючы абавязкі першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” Анастасія Чурай.

В. АЛЯХНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/