Быць чалавекам на зямлі: Жанна Нагавонская



Да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе "Жанчына года" ў намінацыі "За духоўнае адраджэнне і маральнае выхаванне раённым жансаветам была вылучана Жанна Славаміраўна Нагавонская, настаўніца гісторыі гімназіі №1 г.Дзятлава, кіраўнік гімназічнага музея. Яна стала пераможцай абласнога этапу конкурсу.

На ўрачыстым шанаванні, якое праходзіла ў Гродне напярэдадні Дня жанчын, 3 сакавіка, Жанна Нагавонская прымала віншаванні.

Яна — шчаслівы чалавек, бо абрала раз і назаўсёды сваё, адзінае, да чаго імкнецца душа, што атрымліваецца найлепш. Яна нясе па жыцці светач, нясе нястомна, самааддана, з усёй шчырасцю сваёй натуры. Такая яна — настаўніца гісторыі гімназіі №1 г.Дзятлава Жанна Славаміраўна Нагавонская. Часам здаецца, што ў сярэдзіне ў яе — невялічкі рухавічок, такі, ведаеце, "перпетуум мобіле", якім яшчэ пры нараджэнні надзялілі яе вышэйшыя сілы, каб ніколі не ведала стомы, паспявала ўсюды, заўсёды, несла людзям дабро і спагаду. і яна паспявае зрабіць многае. Мяркуйце самі...

Настаўніца гісторыі

Ёй яна стала выпадкова. Спачатку хацела быць доктарам, але не паступіла, пайшла працаваць піянерважатай у першую дзятлаўскую школу. Тут зразумела, што любіць дзяцей, умее іх арганізаваць, павесці за сабою. Так і апынулася на гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Працавала настаўніцай гісторыі ў трэцяй дзятлаўскай школе, набіралася вопыту.

Зорка прафесіяналізму Жанны Славаміраўны ўзышла ў гімназіі. Паступова, крок за крокам, ішла яна да мэты. У яе жыцці не бывае дармовых перамог — усё трэба выпакутаваць, выпрабаваць праз памылкі і няўдачы, праз узлёты і падзенні. Але заўсёды ў яе было галоўнае — жаданне быць лепшай, але не для паказухі, а для дзяцей, тых, дзеля каго яна працуе. Поспех прыйшоў — перамога Андрэя Свіба (выпуск 2007 года) на абласной алімпіядзе, выніковая здача яе вучнямі цэнтралізаванага тэсціравання. Сёння Жанну Славаміраўну, як настаўніцу гісторыі, ведаюць не толькі ў раёне.

Кіраўнік музея

Пачынаўся музей з задумкі. Перайшла працаваць у гімназію група настаўнікаў з трэцяй дзятлаўскай школы, і яны вырашылі, што будзе музей і ў гімназіі. Стварылі творчую групу, размеркавалі заданні, пачалі збіраць экспанаты. Жанне Славаміраўне дастаўся адзін са складанейшых "кавалкаў" работы — збор матэрыялаў па тэме "Гісторыя народаў Дзятлаўшчыны". Ад задумы — да стварэння сапраўднага музея прайшло больш за два гады. На працягу іх давялося шмат працаваць, шмат ездзіць, тэлефанаваць, збірацца разам і абмяркоўваць прапановы, здабыткі.

I вось у музеі ўжо стаіць мэбля, і залатыя рукі Жанны Славаміраўны пачынаюць афармляць першую экспазіцыю. А ўмее яна ўсё: шыць, маляваць, выразаць, клеіць, працаваць пілкай, гэблікам (ды так спрытна, што не кожны мужчына так здолее). I калі паўстала пытанне, хто ўзначаліць музей, сумненняў не было. Яго кіраўніком стане Жанна Славаміраўна Нагавонская. Дзякуючы ёй, яе аднадумцам, вучням, раённаму жансавету, у гімназічным музеі была створана экспазіцыя, прысвечаная знакамітым жанчынам, шматдзетным матулям Дзятлаўшчыны. На працягу года Маці гэтую экспазіцыю ўбачылі многія.

Удзел у конкурсе "Настаўнік года-2008"

Удзельнічаць у ім Жанна Славаміраўна спачатку не хацела. Была ўжо няўдалая спроба, таму хвілінны страх адганяў рашучасць. Яе ўгаварылі. I падрыхтавалася менш, чым за тыдзень. Выступіла выдатна. Заняла першае месца ў гімназіі, другое — у раёне. Ва ўсіх намінацыях паказала свой прафесіяналізм, начытанасць, добрае веданне асноваў педагогікі. Але асаблівае ўражанне на журы і балельшчыкаў конкурсу аказала яе калекцыя ўласных карцін. Жанна Славаміраўна спецыяльна не вучылася маляваць. Спробу зрабіла ў трэцяй школе: аформіла кабінет беларускай мовы і літаратуры. Там і цяпер вісіць яе першая карціна "Пачатак вясны". Потым чытала спецыяльную літаратуру, выпрацоўвала свой стыль. I ён у яе адметны: дэталёвае выпісванне кожнай дробязі, кожнага штрышка. Шкада толькі, што не заўсёды ёсць час маляваць.

Каардынатар інавацыйнага праекта

дРУгі год гімназія працуе над інавацыйным праектам "Выхаванне талерантнасці школьнікаў праз даследчую дзейнасць па тэме "Халакост на Дзятлаўшчыне". Ініцыятарам яго была Жанна Славаміраўна. Яна займаецца даследаваннямі гісторыі яўрэяў больш за 10 гадоў. Яе ведае ўся краіна. У 2007 годзе даследчыца пабывала ў Ізраілі, у цэнтры Яд-Вашэм, які вывучае пытанні Халакосту ў Еўропе. Сёння ў праекце задзейнічаны 15 настаўнікаў і 77 вучняў. Музейная работа, урокі, пазакласныя мерапрыемствы, экскурсіі, падрыхтоўка публікацый для прэсы — вось далёка не ўсё, чым займаецца Жанна Славаміраўна, яе калегі і вучні па гэтай тэме. Працуюць натхнёна, апантана, вынікова.

Жанчына i маці

У гімназіі Жанну Славаміраўну калегі называюць "наша Жанна", бо жанчын з такім іменем у калектыве некалькі. А дзеці, яе вучні, завуць "Жанна Д'арк". За апантанасць, страснасць натуры, самаадданае служэнне сваёй прафесіі.

Пагадзіцеся, дзеці проста так мянушак настаўнікам не даюць.

Яна добрая маці не толькі для свайго сына Алёшы, вучня адзінаццатага класа дзятлаўскай гімназіі, але і для дзесяткаў хлопцаў сваіх класаў, ужо выпушчаных, і тых, якія яшчэ вучацца. Строгая, патрабавальная, яна бачыць усё, ад яе нічога не схаваеш. I ў той жа час яна сябар, з якім можна падзяліцца таямніцай, параіцца наконт выбару прафесіі, папрасіць дапамогі ў канфліктнай сітуацыі.

Паспець усё, ісці да мэты, а дасягнуўшы яе — паставіць новую. Вось крэда Жанны Славаміраўны Нагавонскай. Дай ёй Бог, сілаў, здароўя, светлых дзён. Няхай будзе на Зямлі больш такіх людзей!

А. АБРАМЧЫК, намеснік дырэктара гімназіі №1 г. Дзятлава.

_____________________________________________________________________________________________________

Теперь вы можете хорошо отдохнуть и на море. И для этого вовсе не нужно копить на отпуск несколько лет. Такой доступный Отдых в Крыму порадует вас не только ценами, но и интересной экскурсионной программой. Не стоит откладывать отдых на море на непонятно какое время. Все возможно и в этом году.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/