БЫТКАМБІНАТ НА ШЛЯХУ АБНАЎЛЕННЯ



23 сакавіка – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва карэспандэнт газеты сустрэўся з дырэктарам Дзятлаўскага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва М. Жуком.

-- Міхаіл Міхайлавіч, як за мінулы год змяніўся камбінат?
-- Мы карыстаемся яшчэ тым добрым зачынам, які пакінуў папярэдні дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Мармыш.
Па-першае, была пабудавана свая кацельня. Усе работы па яе пуску і наладцы скончыліся ў лістападзе. І сёлета першы ацяпляльны сезон мы карысталіся сваім цяплом. За зіму сэканомілі каля 200 мільёнаў рублёў.
На першых двух паверхах за год паставілі шклопакеты. Правялі частковыя работы на лесвічных пляцощках для таго, каб зберагчы цяпло. У красавіку-маі плануем замяніць шклопакеты на трэцім паверсе. Таксама абмеркавалі з кіраўніцтвам раёна неабходнасць рамонту даха Дома быту ў Дзятлаве. Гэта пытанне цяпер у распрацоўцы.
Таксама абнавіліся прыёмныя пункты ў населеных пунктах Жукоўшчына і Хвінявічы: у першым правялі рамонт, у другім замянілі дах. Таксама памянялі дах над будынкам бензасховішча на нашай прамысловай тэрыторыі.
Шмат у вырашэнні пытанняў дапамагае райвыканкам. Прадастаўляюць магчымасць нам зарабіць. Мы ж у сваю чаргу палепшылі якасць сваёй прадукцыі. Адкрылі другі швейны цэх, у якім на сёння працуюць 6 чалавек (у першым цэху працуюць 17 швачак). Работа ёсць рэгулярна, і сур'ёзных прастояў не бывае.

-- А як наогул мяняецца сфера бытавога абслугоўвання?
-- Калі раней бытавыя паслугі былі чымсьці накшталт манаполіі, то цяпер сітуацыя змянілася, з'явілася канкурэнцыя, што спрыяе паляпшэнню якасці нашай работы.
Сёлета ў нас новы генеральны дырэктар у абласным аб'яднанні “Гроднааблбыт” Сяргей Анатольевіч Анішчык. Аб’яднанне рухаецца ў кірунку таго, каб нашы раённыя прадпрыемствы аб'яднаць у рамках абласнога ўнітарнага прадпрыемства з цэнтралізаваным размеркаваннем працаўнікоў, фінансаў і гэтак далей. Ідзём па шляху ўзбуйнення, што нам дазваляе больш эфектыўна канкурыраваць на рынку. Вядома, будзе вузкая спецыялізацыя па прадпрыемствах: адны зоймуцца вырабам рытуальных прыналежнасцяў, другія -- жалезабетоннымі вырабамі і г.д. Затое будзе стабільная работа, ніжэйшыя цэны. Нам адведзены паўгода, каб мы правялі такую рэструктурызацыю.

-- З якімі праблемамі вы сутыкнуліся на пасадзе дырэктара быткамбіната?
-- Сярод цяжкасцяў, у першую чаргу, недахоп кадраў. У астатнім -- усё нармальна: сур’ёзных запазычанасцяў па плацяжах у нас няма, пратэрміноўка па зарплаце таксама адсутнічае. А гэта -- самае галоўнае.
Усе работнікі добра ведаюць сваю работу, свае абавязкі і якасна іх выконваюць. Калектыў зладжаны.
Шмат маладых спецыялістаў у бухгалтэрыі, прыйшоў малады прыёмшчык у Дварэц, малады калектыў цырульнікаў. Хоць кадры і абнавіліся, але за апошні год я не прыпомню страты сярод добрых спецыялістаў.

-- Што вы пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
-- Па-першае, хачу падзякаваць работнікам бытавога абслугоўвання за адданасць прафесіі. Усім -- шчасця і дабра! Святочнага настрою і дабрабыту -- у сем'ях. Калектыў у нас, галоўным чынам, жаночы. Таму жадаю адзначыць, што на гэтых жаночых плячах ляжыць бытавое абслугоўванне раёна. І гэта заслугоўвае падзякі.
Таксама, калі выдалася такая магчымасць, хачу аддзячыць нашым партнёрам: кіраўніцтву “Сельгастэхнікі”, Дзятлаўскага сыраробнага завода, Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў, Дзятлаўскага філіяла ААТ “ААБ Беларусбанк” і многім іншым, з кім плённа працавалі мінулы год и працягвае працаваць сёлета.

Гутарыў В. АЛЯХНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/