БЯЖЫЦЬ ЖЫЦЦЁВАЯ ДАРОГА



Мільгаюць дарожныя слупы, пад колы сцелецца шэрая паласа асфальту, за вокнамі машыны нібы кінакадры мяняюцца краявіды. Поле, лес, палеткі, рэдзенькія вясковыя хаты на ўзгорку. Лета, восень, зіма, вясна. За спінай -- тысячы кіламетраў і дзясяткі гадоў стараннай працы. Большую частку свайго жыцця Сяргей Аляксандравіч Радзівон праводзіць, як кажуць, "за баранкай" службовай машыны. Ён -- вадзіцель ААТ "Наваельнянская міжрайсельгасхімія".

Нарадзіўся на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Ліжэйкі. Пасля школы скончыў Казлоўшчынскае ПТВ і прыйшоў працаваць у сельгасхімію. З таго часу не здраджваў роднай арганізацыі і не шукаў іншага месца работы. Ды і навошта, калі тут -- знаёмы калектыў, сябры-вадзіцелі, якія не кідаюць сваіх у цяжкую хвіліну. Дарога не раз выпрабоўвала іх адносіны на трываласць: тады дапамагалі адзін аднаму і парадай, і справай.

Калегі расказваюць пра Сяргея Аляксандравіча:
-- У арганізацыі працуе звыш 30 гадоў. За гэты час яго партрэт не раз змяшчалі на Дошку гонару. Ён -- шматразовы пераможца традыцыйных прафесійных спаборніцтваў на адвозцы зерня і буракоў, якія праводзяцца ў час уборкі сярод вадзіцеляў сельгасхіміі. Быў "Чалавекам года" пасёлка Наваельня. Ён адказны, стрыманы, але вясёлы і кантактны, выдатны суразмоўца. З ім лёгка працаваць, цікава пагаварыць.

Сяргей Аляксандравіч -- на добрым рахунку ў кіраўніцтва. Ён не лічыцца з часам, калі гэта патрэбна для справы. Нават калі рабочы дзень скончыўся, а груз тэрмінова трэба даставіць, ён едзе ў рэйс.
Хуткаколая "ластаўка" Сяргея Радзівона -- габарытны "МАЗ-555-142", які ён атрымаў "з нуля" шэсць гадоў таму. Пасля больш манеўранага ЗІЛа, на якім працаваў да гэтага, было крыху нязвыкла. Але тэхніка адчувае руку ўмелага гаспадара і не падводзіць.

-- Сезонных паломак у мяне звычайна не здараецца, -- дзеліцца Сяргей Радзівон. -- Па-першае, машына яшчэ новая, па-другое, я добра сачу за яе тэхнічным станам, каб не было прастояў тады, калі кожная хвіліна на вагу золата. Вось і ўвесь сакрэт.

Вольны ад работы час Сяргей Аляксандравіч прысвячае сям'і і гаспадарцы. З рэйсаў яго чакае жонка Ларыса Вячаславаўна, якая працуе настаўніцай у Наваельнянскай школе. Дзеці павырасталі. Дачка Юля вывучылася на хімфаку БДУ і працуе ў Лагойску на "ЛекФарме" -- вялікім прадпрыемстве, якое выпускае медпрэпараты. Сын Яўген -- студэнт Мінскай акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Дзеці сталі годнымі людзьмі, беручы прыклад з бацькоў -- старанных працаўнікоў. Цяпер сям'я Радзівон з нецярпеннем чакае, калі з'явяцца ўнукі, каб хата зноў напоўнілася звонкімі галасамі маленькіх гарэзаў. А час не стаіць на месцы, і кожны дзень пад колы МАЗа кладуцца дзясяткі кіламетраў -- бяжыць наперад жыццёвая дарога Сяргея Радзівона, клапатлівага бацькі, дбайнага гаспадара, стараннага працаўніка.

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/