БЯСПЕКА Ў ЧАС УБОРКІ



Навагрудскай міжраённай інспекцыяй працы ў складзе мабільнай групы, створанай распараджэннем Дзятлаўскага райвыканкама, праведзены маніторынг захавання заканадаўства аб працы і аб ахове працы пры правядзенні ўборачных работ у сельгасарганізацыях Дзятлаўскага раёна.

Усяго ў перыяд уборачных работ у 9 СВК працавалі 27 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Праведзена абследаванне 6 сельгасарганізацый раёна (19 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў).
У гэтых арганізацыях назначаны службовыя асобы, адказныя за выкананне дзеючых правілаў і нормаў па ахове працы пры правядзенні ўборачных работ.

Перад пачаткам уборачных работ з усімі іх работнікамі праведзены знешпланавы інструктаж па ахове працы. Выяўлены недахопы па правядзенні інструктажоў па ахове працы на рабочым месцы ў зернесушыльным комплексе в. Пенчыцы СВК “Русь-Агра” – выкарыстоўваліся ўстарэлыя інструкцыі па ахове працы. У журнале рэгістрацыі інструктажоў на рабочым месцы ў графе 7 “Назва дакументаў або іх нумары” не ўказваліся назвы дакументаў ці іх нумары, па якіх праведзены інструктаж.

Ва ўсіх правераных арганізацыях да работы на сельгасмашынах дапушчаны работнікі, якія маюць адпаведную кваліфікацыю, прайшлі навучанне і праверку ведаў па пытаннях аховы працы. На базе УА “Казлоўшчынскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй” прайшлі навучанне 77 аператараў сушыльнага абсталявання.

Праведзена камісійная прыёмка ў эксплуатацыю падрыхтаванай для правядзення ўборачных работ тэхнікі, абсталявання і зернесушыльных комплексаў.

Работнікі забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай аховы ў адпаведнасці з устаноўленымі нормамі. Аднак у СВК “Слава працы” работнікам не выдадзены спецабутак. У СВК “Жукоўшчына” пры правядзенні хімпраполкі лёну ў трактарыстаў на рабочым месцы адсутнічалі сродкі індывідуальнай аховы. У рамонтнай майстэрні ў в. Жукоўшчына СВК “Жукоўшчына” не ўсе работнікі знаходзіліся ў спецадзенні. І цяпер ні ў адным СВК не вырашана пытанне з арганізацыяй цэнтралізаванага мыцця спецвопраткі работнікаў.

У СВК “Дварэц-Агра” не працуюць душавыя ў мехмайстэрнях в. Дварэц і в. Раготна, у рамонтнай майстэрні в. Белагурна. У час уборкі адсутнічалі ўмовы для ўмывання і адпачынку механізатараў у СВК “Русь-Агра”. Каля ўмывальнікаў адсутнічаюць мыйныя сродкі, разавыя ручнікі ў РММ вёсак Жукоўшчына, Таркачы, Дварэц, Нянадавічы СВК “Слава працы”. Патрабуецца правядзенне рамонту памяшканняў душавых у рамонтных майстэрнях в. Таркачы СВК “Граніт-Агра”, гардэробнай у рамонтнай майстэрні в. Жукоўшчына СВК “Жукоўшчына”. У астатніх гаспадарках работнікі могуць памыцца ў душавых, размешчаных на тэрыторыі мехмайстэрняў або ў лазнях. Няма гардэробных шафаў для захавання асабістай і спецвопраткі ў РММ в. Круцілавічы СВК “Граніт-Агра”, в. Белагурна СВК “Белагурна”. У шэрагу СВК у гардэробных устаноўлена недастатковая колькасць шафаў (РММ в. Нянадавічы СВК “Слава працы”).

Пры правядзенні маніторынгу стварэння ўмоваў для харчавання работнікаў было ўстаноўлена, што адсутнічае сталовая ў СВК “Белагурна”. Тут па дамоўленасці выкарыстоўваецца сталовая Белагурнаўскай СШ. У калектыўных дагаворах вышэйназваных арганізацый змяшчаюцца нормы па стварэнні ўмоваў для харчавання работнікаў, патаннення кошту харчавання работнікаў. У арганізацыях АПК Дзятлаўскага раёна арганізавана двухразовае харчаванне. У час уборкі ўраджаю арганізавана выязное абслугоўванне работнікаў.

Правядзенне перадрэйсавага медыцынскага агляду вадзіцеляў і механізатараў арганізавана практычна ва ўсіх сельгасарганізацыях. Паслярэйсавы медыцынскі агляд не арганізаваны ў многіх гаспадарках. Не пастаянна праводзіцца кантроль выпуску на лінію тэхнічна спраўнай і ўкамплектаванай тэхнікі з адпаведнай адзнакай у пуцявым лісце адказнай службовай асобы ў СВК “Белагурна”. Здараліся выпадкі эксплуатацыі неўкамплектаванай тэхнікі (у СВК “Белагурна” 5 трактараў не ўкамплектаваны вогнетушыцелямі).

Фактаў парушэння работнікамі гаспадарак працоўнай і выканаўчай дысцыпліны ў час правядзення ўборачнай кампаніі не зафіксавана.

Асаблівая ўвага звярталася на працу непаўналетніх у перыяд правядзення ўборачных работ. У большасці правераных арганізацый яны не працавалі, а там, дзе былі, іх праца арганізоўвалася ў адпаведнасці з патрабаваннем заканадаўства.

Па пытаннях укамплектавання зернеўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, ёмістасцямі для вады, медыцынскімі аптэчкамі і спраўным наборам інструментаў парушэнняў не выяўлена.

Маршруты перамяшчэння тэхнікі з аднаго ўчастка вытворчасці на іншы распрацаваны і зацверджаны кіраўнікамі арганізацый. З боку службовых асобаў ажыццяўляецца кантроль за іх перамяшчэннем да месца выканання работ.

Ва ўсіх правераных арганізацыях захоўванне транспартных сродкаў, якія непасрэдна прымаюць удзел у правядзенні ўборачных работ, арганізавана ў спецыяльна адведзеных месцах. Перавозка работнікаў да месца работы і назад ажыццяўляецца на аўтобусах або на спецыяльна абсталяваных для гэтых мэтаў аўтамабілях.

Няшчасных выпадкаў пры правядзенні ўборачных работ не зарэгістравана. Да адміністрацыйнай адказнасці службовыя і юрыдычныя асобы па выніках маніторынгу не прыцягваліся.

А. ПАЎЛОВІЧ, галоўны дзяржаўны інспектар

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/