БЯРОЗАВЫ СОК: ЗДАБЫВАЕМ ПРАВІЛЬНА



Той, хто хоць адзін раз піў бярозавік, не застанецца да яго абыякавым. Кожную вясну велізарная колькасць людзей або купляюць бярозавы сок, або імкнуцца нарыхтаваць яго самастойна.

Але для тых, хто вырашыў нарыхтаваць сок cваімі сіламі, існуюць правілы яго нарыхтоўкі. Без выканання такіх правілаў нарыхтоўка соку проста ператворыцца ў знішчэнне бярозавых насаджэнняў і прынясе лесу толькі шкоду. Падрабязна з правіламі нарыхтоўкі бярозавіка можна азнаёміцца ў кожным лясніцтве і ў Дзятлаўскім лясгасе па тэлефоне 6-00-25 у інжынера па пабочным карыстанні.

Адпаведна з пунктамі 12-13 Правілаў нарыхтоўкі драўнінных сокаў, збору, нарыхтоўкі або закупкі дзікарослых раслінаў і (або) іх частак, зацверджаных пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2005 №37/36 (далей – Правілы 37/36), нарыхтоўка драўнінных сокаў забараняецца:
* у прыбярэжных палосах водных аб’ектаў, у межах палосаў адводу чыгунак і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый;
* у населеных пунктах;
* у дэндрапарках, батанічных садах;
* у перададзеных ва ўстаноўленым парадку пад ахову месцах знаходжання дзікіх жывёлаў і дзікарослых раслінаў, аднесеных да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь;
* у межах зон аховы нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў;
* на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя, у межах акругаў санітарнай аховы курортаў;
* у месцах масавага адпачынку насельніцтва.

Акрамя таго, згодна з пунктам 22 Правілаў №37/36, нарыхтоўка драўнінных сокаў на землях любых катэгорый, за выключэннем тых, дзе дадзены від карыстання аб’ектамі расліннага свету забаронены ці абмежаваны адпаведна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб раслінным свеце, павінна ажыццяўляцца толькі ў перастойных і спелых дрэвастоях, прызначаных для высечак.

Акрамя таго, згодна з пунктам 23 Правілаў №37/36, нарыхтоўка драўнінных сокаў павінна ажыццяўляцца спосабамі, якія забяспечваюць захаванне тэхнічных якасцяў драўніны ў парадку, вызначаным Правіламі нарыхтоўкі другаступенных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання.
Нарыхтоўка драўніннага соку ў межах ахоўных прыродных тэрыторый можа ажыццяўляцца грамадзянамі, калі дапускаецца рэжымам аховы і выкарыстання гэтых тэрыторый.

У 2012 годзе ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас" нарыхтаваў і рэалізаваў больш за 66 з паловай тон бярозавага соку. Планам на 2013 год прадугледжана нарыхтаваць і рэалізаваць 120 тон гэтага прыроднага напою.

Бярозавы сок плануецца прадаваць як нарыхтоўчым прадпрыемствам на перапрацоўку, так і жыхарам для ўласных патрэбаў. Рэалізацыя бярозавіка будзе праводзіцца ў горадзе Дзятлаве, а таксама ва ўсіх лясніцтвах Дзятлаўскага лясгаса.

Нарыхтоўка бярозавага соку грамадзянамі для ўласных патрэбаў ажыццяўляецца бясплатна, але толькі на ўчастках, вызначаных кожным лясніцтвам.

Несанкцыянаваная нарыхтоўка бярозавіка забаронена. Работнікі лясной аховы будуць актыўна праводзіць рэйды-праверкі з мэтай недапушчэння самавольных пашкоджанняў бярозавых насаджэнняў. За дадзены від парушэння часткай 2 артыкула 15.26 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжана наступная адміністрацыйная адказнасць:
- для грамадзян – у выглядзе штрафу да 20 базавых велічыняў;
- для індывідуальных прадпрымальнікаў – у выглядзе штрафу да 100 базавых велічыняў;
- для юрыдычных асобаў – у выглядзе штрафу да 500 базавых велічыняў.

Паведаміць аб фактах парушэння ў галіне выкарыстання жывёльнага і расліннага свету вы самі можаце па тэлефонах гарачай лініі Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету (8-01562)-2-48-64.

Г. ШЛЫКОВІЧ, начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету
М. КАРЭНКА, інжынер па ахове лесу ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас"
М. ЛЯНЦЭВІЧ, інжынер па пабочным карыстанні ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/