БУДЗЬЦЕ ЎВАЖЛІВЫЯ Ў “ЧАС ПІК”



У самы “час пік”, раніцай з паловы восьмай і пасля пяці гадзін вечара, рух транспарту надзвычай інтэнсіўны. Менавіта ў гэты перыяд усім удзельнікам дарожнага руху трэба быць асабліва пільнымі і ўважлівымі. Аднак…

Усяго за адны суткі ў Дзятлаве ў такі “час пік” адбыліся два наезды на пешаходаў. Ліпеньскім вечарам каля 18 гадзін на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Перамогі аўтамабіль, які рухаўся з боку вуліцы Слонімскай, наехаў на жанчыну-пешахода. Жанчыне пашчасціла – яна засталася жывая, атрымала несур’ёзныя траўмы. Ёй была аказана першая медыцынская дапамога на месцы аварыі, пасля чаго яна накіравалася дадому. Зараз спецыялісты высвятляюць, хто парушыў правілы дарожнага руху: вадзіцель ці пешаход – па чыёй віне адбылося здарэнне.

А раніцай наступнага дня, каля 8.30 ужо другой жанчыне спатрэбілася меддапамога. На той жа вуліцы Міцкевіча, толькі на скрыжаванні з Савецкай, вадзіцель аўтамабіля “Сітраен С-8” учыніў наезд на жанчыну, якая пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе. У выніку дарожна-транспартнага здарэння яна з пераломам трапіла ў раённую бальніцу.

А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/